Тэставае "падарожжа" з заплюшчанымі вачыма

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

У хуткім часе ў Мінску пачнуць праводзіць тактыльныя экскурсіі па горадзе для людзей са слабым зрокам. Прэзентацыя праекта "Дакрананне да Мінска" пройдзе ў рамках Фэсту экскурсаводаў 20 — 21 красавіка, дзе арганізатары прадэманструюць тэставае "падарожжа" па плошчы Свабоды.

Пластыкавыя макеты помнікаў архітэктуры XVII — пачатку XX стагоддзяў створаць з дапамогай 3D-прынтара, магчымасці якога дазваляюць дакладна перадаць асаблівасці стылю таго або іншага будынка.

— Мы вырашылі пачаць з архітэктурных помнікаў на плошчы Свабоды — Ратушы, Кафедральнага сабора, адноўленай у якасці канцэртнай залы царквы Святога Духа, — кажа арганізатар праекта "Дакрананне да Мінска" Людміла Скрадаль. — Крыху пазней можна ўжо будзе перайсці да стварэння макетаў Бернардзінскага манастыра і Езуіцкага калегіума. Плошча Свабоды — вельмі зручнае месца для рэалізацыі праекта, паколькі ўсе помнікі гісторыі і архітэктуры знаходзяцца побач, што дазваляе ўявіць усё ў комплексе. Увогуле, наша мэта — даць магчымасць людзям з праблемамі зроку пазнаёміцца з родным горадам. Дзякуючы створаным барэльефным пласцінам яны змогуць тактыльным метадам вывучыць асаблівасці разнастайных архітэктурных стыляў і зразумець, як жа выглядаюць тыя славутыя будынкі, пра якія распавядае экскурсавод…

/i/content/pi/cult/422/8665/2-1.jpeg

Макет з пластыка.

Па словах Людмілы Скрадаль і аўтара ідэі Юліі Валента, перад пачаткам рэалізацыі праекта было праведзена шмат апытанняў сярод людзей са слабым зрокам, каб выявіць, наколькі цікавыя для іх такога кшталту экскурсіі і пра што канкрэтна яны хацелі б даведацца. Па выніках апытання, патэнцыйныя турысты больш за ўсё імкнуцца пазнаёміцца з інтэр’ерамі будынкаў, фасадамі, асаблівасцямі архітэктурных стыляў Чырвонага касцёла, Ратушы, Храма Усіх Святых, Кафедральнага сабора. Вялікую цікавасць выклікала і Нацыянальная бібліятэка, бо зусім нямногія сярод людзей са слабым зрокам уяўляюць, як выглядае купал-дыямент. Сярод апытаных былі і ахвотныя дакрануцца да помнікаў Полацка, Віцебска, Гродна, Нясвіжа, "пабываць" у Брэсцкай крэпасці і Белавежскай пушчы.

— Зараз ужо на 40% падрыхтаваны макет сталічнай Ратушы, — працягвае Людміла Скрадаль. — Цалкам гатовы барэльеф фасада будынка. У бліжэйшы час мы плануем скончыць першую пластыкавую мініяцюру архітэктурнага помніка, а потым, не чакаючы афіцыйнай прэзентацыі, запросім тэставую групу і правядзём пробную экскурсію, пасля якой адразу будзе зразумела, ці ў правільным кірунку мы рухаемся…

Акрамя праекта "Дакрананне да Мінска" ў рамках Фэсту экскурсаводаў, прымеркаванага да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, традыцыйна пройдуць каля сарака новых бясплатных экскурсій, сярод якіх, напрыклад, — "Мінск Манюшкі", "Гісторыя паштовай сувязі", "Мінск татарскі", "Мінскія гімназісты 100 гадоў таму", "Міжваенны бандыцкі Мінск". Чакаюцца аніміраваныя веласіпедныя туры і экскурсіі на замежных мовах.