На "…бяседу" ў Міхалова

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Цікавы і далёка не ўсім вядомы факт: аказваецца, фестывалі беларускай народнай музыкі праводзяцца не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і за яе межамі. Яскравы прыклад — фестываль "Прымацкая бяседа", які ўжо больш за дзесяцігоддзе ладзіцца на Беласточчыне з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў і калектываў з нашай краіны і з Польшчы. Днямі адбылася сустрэча міністра культуры Беларусі Барыса Святлова з арганізатарам фестывалю Юрыем АСТАПЧУКОМ. Пасля перамоў мастацкі кіраўнік гурта "Прымакі" адказаў на пытанні "К".

— Што ўяўляе з сябе "Прымацкая бяседа" і ў чым адметнасць сёлетняга фестывалю?

— Гісторыя фэсту налічвае трынаццаць гадоў. Першапачаткова ён называўся "Сяброўская бяседа" і праводзіўся ў Гарадку. Пасля пераезду ў Міхалова праект атрымаў новую назву — "Прымацкая бяседа". Хочаца сказаць, што з самага пачатку заснавання фестывалю мы плённа супрацоўнічаем з Міністэрствам культуры Беларусі, адчуваем яго вялікую падтрымку. І, як запэўніў Барыс Святлоў, сёлета таксама чакаецца істотная дапамога з беларускага боку. Так, прыезд калектываў на форум будзе фінансавацца беларускімі партнёрамі. Калі ж казаць пра наш фестываль, то ён хоць і не цалкам прысвечаны фальклору, але адлюстроўвае даўнія беларускія традыцыі. "Прымацкая бяседа" заўсёды распачынаецца ў першую суботу жніўня ў мястэчку Міхалова, што амаль на мяжы Польшчы з Беларуссю.

— Хто ўдзельнічае ў фэсце?

— На 99% на фестывалі прадстаўляецца беларуская культура. Ужо маем дамоўленасць з вядомымі калектывамі і выканаўцамі адносна ўдзелу ў сёлетняй "Прымацкай бяседзе". Так, летась у нас выступалі "Купалінка" і "Песняры". Сёлета на фестываль запрошаны "Бяседа", "Неруш", "Беларусы", Алена Ланская і Аляксей Хлястоў, а таксама некаторыя іншыя не менш вядомыя выканаўцы, з якімі цяпер абмяркоўваюцца ўсе ўмовы выступлення.

/i/content/pi/cult/422/8664/1-3.jpeg

— Наколькі запатрабаваны фестываль па-за межамі Міхалова?

— Форум з’яўляецца міжнародным. Традыцыйна да нас прыязджаюць аматары музыкі з усёй Польшчы, а таксама госці з Францыі, Англіі і іншых еўрапейскіх краін. Нам важна паказаць, што беларуская супольнасць у Польшчы мае свае адметныя рэгіянальныя традыцыі, а разам з тым захоўвае і шануе нацыянальны каларыт, родную культуру.

— Пад час правядзення буйных айчынных фестываляў часта ўзнікае праблема з пражываннем турыстаў. Наколькі актуальна гэтае пытанне для "Прымацкай бяседы"?

— У нас турыстаў з гасціннасцю прымаюць не толькі шматлікія гатэлі, турбазы ў Міхалове і яго ваколіцах, але і мясцовыя жыхары. Зняць пакой на час фестывалю не з’яўляецца праблемай. Мы прытрымліваемся наступнай думкі: важна, каб турыст не толькі пабываў на музычных выступленнях, але і змог пагуляць па нашым мястэчку, пабачыць яго адметнасці. Усю неабходную інфармацыю пра фестываль і пражыванне ў Міхалове можна знайсці на старонцы нашай гміны ў Інтэрнэце. Дарэчы, на форум збіраецца больш за 7 тысяч чалавек. Пры гэтым захоўваецца ўтульная атмасфера.

/i/content/pi/cult/422/8664/1-4.jpeg

"Прымакі" пад час канцэрта ў Белдзяржфілармоніі.

— "Прымакі" — гэта фальклорны калектыў?

— Не зусім. Наш калектыў лічыцца эстрадным. Тым не менш, мы імкнёмся працаваць у рэчышчы традыцыйнай беларускай культуры. Па нашых сцэнічных касцюмах, дарэчы, зробленых у Беларусі, можна пазнаць, да якой культуры мы належым. Фінансавую падтрымку нам аказвае і мясцовая гміна, з якой заключана афіцыйнай дамова.

— Наколькі рэальна зрабіць бязвізавы ўезд для гасцей фестывалю з Беларусі?

— Пытанне з бясплатнымі візамі для беларусаў разглядаецца. А цяпер рэалізуецца цікавы праект, паводле якога кожны ахвотны можа набыць білет у Падляскую оперу і філармонію ды атрымаць бясплатную візу. Ведаю, што такім чынам Беластоцкі тэатр наведалі некалькі тысяч беларусаў. Спадзяюся, што нешта падобнае атрымаецца рэалізаваць і для наведвальнікаў "Прымацкай бяседы".

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА, Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"