Статусы аўтэнтыкі і Статута

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

У другой палове красавіка ў Мінску адбудуцца адразу дзве Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя захаванню, вывучэнню і папулярызацыі беларускай культуры.

Адна з іх — IX Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні на тэму "Статут Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыі культуры Беларусі" — пройдзе 18 — 19 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы. Пад час канферэнцыі навукоўцы з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы і Італіі абмяркуюць не толькі помнік прававой культуры беларускага народа — Статут 1588 года, але і кніжную культуру ВКЛ увогуле, помнікі XVI стагоддзя ў фондах бібліятэк, архіваў, музеяў. Акрамя таго, будзе ўзнята тэма віртуальнай рэканструкцыі выданняў.

"У рамках канферэнцыі ў галерэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі адкрыецца выстаўка "Вялікі Статут Вялікага Княства", прымеркаваная да 425-годдзя зацверджэння гэтага дакумента, — распавядае загадчык сектара музейнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Сапега. — Выстаўка прадставіць выданні Статута ВКЛ з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Музея гісторыі Магілёва. У свеце ўвогуле налічваецца толькі каля трыццаці асобнікаў гэтага выдання (у Расіі, Польшчы, Літве, Украіне і Вялікабрытаніі), а ў Беларусі захоўваецца толькі адзін, які быў выкуплены намаганнямі грамадскасці ў прыватнага калекцыянера з Масквы летась".

26 — 28 красавіка ў іншым фармаце пройдзе VII Міжнародная навуковая канферэнцыя "Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання" ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Акрамя пленарных і секцыйных пасяджэнняў, дзе заслухаюць выступленні вядучых айчынных і замежных фалькларыстаў, этнаінструментазнаўцаў, культуролагаў, гасцей падзеі чакае этнаграфічны канцэрт "Фальклор беларускай глыбінкі".

"Мы запрасілі чатыры аўтэнтычныя калектывы, дзіцячы танцавальны гурт, — кажа загадчык кафедры этналогіі і фальклору Вячаслаў Калацэй. — Зразумела, што з-за транспартных ды фінансавых праблем не ўсе змогуць да нас дабрацца, але, спадзяюся, што большасць, усё ж, прыедзе. У рамках канферэнцыі нас наведаюць яшчэ і замежныя калектывы, якія вывучаюць і пераймаюць рэпертуар, стыль выканання рэгіянальнага традыцыйнага мастацтва Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Акрамя таго, у апошні дзень мерапрыемства для замежных удзельнікаў будзе зладжана этнаграфічная экскурсія ў Заслаўе".