Пра што думалі Радзівілы?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Мабыць, нішто не дае такога аб’ектыўнага ўяўлення пра асобу, як ягоная. Цягам месяца з 12 красавіка наведвальнікам Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля прадставіцца магчымасць зазірнуць у "думкі" "некаранаваных каралёў Рэчы Паспалітай". У палацы разгорнута выстаўка "Кніжныя скарбы Радзівілаў".

Да праекта спрычыніліся Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кнігі на выстаўцы прадстаўлены так, як яны, паводле гістарычных звестак, мусілі размяшчацца ў бібліятэцы славутага роду. Прынцып гэты нязменны з XVI стагоддзя. Сем вітрын — гэта сем аддзелаў з найбольш каштоўнымі асобнікамі кніг па гісторыі, тэалогіі, праве і навуках, літаратуры. Гледачы не абмінуць увагай выданні XVIII стагоддзя, што выпусціла Нясвіжская друкарня, творы Радзівілаў і пра Радзівілаў. Выстаўка дапоўнена партрэтамі валадароў бібліятэкі з фондаў музея-запаведніка "Нясвіж".

Цікавасць даследчыкаў да Нясвіжскай бібліятэкі застаецца нязменнай ужо цягам чатырох стагоддзяў. Сярод іншага, яна абумоўлена тым, што гэтая прыватная бібліятэка выконвала ролю дзяржаўнага кнігасховішча Вялікага Княства Літоўскага. Сёння ж радзівілаўскія старадрукі — гэта свайго роду перліна Цэнтральнай навуковай бібліятэкі.

12 красавіка на цырымоніі адкрыцця экспазіцыі адбылася прэзентацыя каталога "Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі". Ён уяўляе з сябе поўнае апісанне выданняў XVII стагоддзя са згаданай бібліятэкі, якія захоўваюцца ў ЦНБ. Над каталогам працаваў калектыў пад кіраўніцтвам Аляксандра Стэфановіча. Гэта прамежкавы вынік доследу "Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў у фондах ЦНБ НАН Беларусі: вывучэнне складу і навуковае апісанне дакументаў", які распачаўся ў 2005 годзе і разлічаны на дзесяцігоддзе.

А тыднем пазней, 19 красавіка, Нацянальны мастацкі музей прапануе гледачам свой погляд на культурную спадчыну Радзівілаў праз інтэрактыўную праграму "Несапраўдны тэатр Пане Каханку" ад творчага калектыву "Майстэрня ўражанняў".

П.В.