ШТО Я ВЕДАЮ ПРА ГІБЕЛЬ ПЭНА?

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Эксклюзіўныя ўспаміны ўнучатай пляменніцы мастака, тэатразнаўцы Ганны Герштэйн

(Працяг. Пачатак у № 13.)

Яшчэ раз нагадаю чытачам перадгісторыю матэрыяла.

…Прыкладна месяц таму мне патэлефанавала мая добрая знаёмая і калега па крытычным цэху Ганна Рыгораўна Герштэйн, унучатая пляменніца Юрыя Пэна, мабыць, апошняя прамая сваячка вядомага беларускага жывапісца. Яна прапанавала для нашай газеты ўспаміны аб віцебскіх сустрэчах са сваім знакамітым родзічам, у тым ліку — пра трагічнае завяршэнне ягонага жыццёвага шляху ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка
1937 года.

Такім чынам, мы працягваем публікацыю ўспамінаў Ганны Герштэйн.

Б.К.

— ...Дык вось, узнікае пытанне: што прымусіла старога Пэна пайсці на такі дэмарш — перадаць сваю калекцыю кудысьці за мяжу? Прычым ён жа добра разумеў, да якіх драматычных вынікаў усё гэта можа прывесці. Савецкую ўладу мастак безагаворачна прыняў, актыўна працаваў і як жывапісец, і як педагог. А вось ці стаў ён пазней яе праціўнікам, ці асуджаў дзеянні Сталіна па кіраўніцтве дзяржавай — на гэтыя пытанні павінен быў адказаць сам Пэн. Тым не менш, асмельваюся сказаць, што дысідэнтам яго ніяк нельга назваць.

Ён ніколі не выступаў з палітычнымі прамовамі, нічога не падпісваў, нікога, прынамсі, услых, не асуджаў. А калі з кім і канфліктаваў (напрыклад, з Керзіным), то гэта датычылася толькі нейкіх адміністрацыйна-арганізацыйных пытанняў працы наваяўленага Віцебскага мастацкага тэхнікума.

Аднойчы такі канфлікт, як мне расказвалі бацькі (ці то ў 1923-м, ці то ў 1924 годзе), скончыўся сыходам Пэна з тэхнікума. Каб пракарміцца, ён уладкаваўся настаўнікам рысавання ў нейкі электрамеханічны тэхнікум. Вось што ён пісаў у лісце да таго ж І.Мальцына: “Пачуваю сябе вельмі дрэнна — як маральна, так і матэрыяльна. Ужо некалькі месяцаў як няма заказаў. У механічным тэхнікуме атрымаю 7 руб. 23 кап. у месяц. Вось і ўсё. Словам, не вельмі добра нашаму брату…”

Праўда, з 1925 г. Юрый Масеевіч стаў атрымліваць персанальную пенсію ў памеры 25 рублёў. І нават па рашэнні ІІ З’езда Саветаў Віцебшчыны атрымаў званне “Заслужаны яўрэйскі мастак Віцебшчыны”. Не ведаю, радаваўся гэтай падзеі мастак ці застаўся абыякавым. Але ён адчуваў сябе па-сапраўднаму проста шчаслівым, калі знаходзіў дзесьці на Смаленскім рынку патрэбны яму “аб’ект” — цікавага чалавека — і пераконваў яго папазіраваць. Мог працаваць суткамі і не клапаціцца пра харч, пра свой надта неўладкаваны побыт. Ягоная ежа — гэта грэчневая каша раніцай і ўвечары, часам — селядзец-”шатландка”, чай з кавалкамі цукру, некалькі бульбачак, цыбуля, памідоры, а за поліўкай ён хадзіў з бідончыкам у сталовую, што знаходзілася побач з домам. Незадоўга да нашага першага прыезду да Пэна мастак якраз намаляваў карціну “Снеданне. Аўтапартрэт”, дзе паказаў, як і чым харчуецца раніцай. Прычым ва ўтульнасці і з задавальненнем…

/i/content/pi/cult/421/8657/2-1.jpeg

Ю.Пэн. Аўтапартрэт.

Калі мы бачылі Пэна ў яго кватэры апошнім разам, ён ужо жыў зусім адзін. Ягоная старэйшая сястра Лісіцына раней доўгі час жыла з ім, вяла яго хатнюю гаспадарку, даглядала мастака, але памерла, здаецца, у 1934 годзе і была пахавана на Старасямёнаўскіх могілках. І мастак застаўся ў адзіноце. Звыклая цішыня парушалася толькі зрэдку, пад вечар, калі прыходзілі старыя сябры ці яго вучні, якія маглі штосьці маляваць акварэллю пад наглядам майстра.

У маі 1936-га, Юрый Масеевіч нам здаваўся ўжо вельмі старым. Дрэнна хадзіў, дрэнна бачыў. І ў той жа час імкнуўся шмат працаваць. Памятаю, у адным пакоі стаялі на двух мальбертах новыя палотны з яшчэ свежай фарбай: партрэт цудоўнай дзяўчыны ў ліловай сукенцы і партрэт элегантнай жанчыны ў белай блузцы, аздобленай фіялетавымі кветкамі браткоў, якая сядзіць у крэсле. Яшчэ было палатно, дзе рыжавалосая аголеная дзяўчына з вялікім клункам рэчаў імкнецца забрацца на паддашак і ўртавацца там ад пагрому, а на заднім плане бачыліся маленькія трухлявыя хаткі мястэчка. Запомнілася і алегарычная карціна. Там на лясной дарозе стаяў Ленін, а побач — жанчына-сялянка ў беларускіх нацыянальных строях, якая ў паўсне паклала галаву на калені. А на другім плане, зверху — зіхацела вясёлка. Гэта значыць, Ленін нібы заклікаў дзяўчыну да новага шчаслівага жыцця. Карціна, як я сёння разумею, выглядала наіўна, выпадала, так бы мовіць, з пэнаўскага вобразна-пластычнага стылю, але для мяне тады, дзяўчынкі, здавалася цікавай. А вось работа “Муза і Смерць” мне зусім не падабалася: навявала нейкі смутак і адарванне.

/i/content/pi/cult/421/8657/2-2.jpeg

Ю.Пэн. "Швачка". 1927 г.

Затое падабаўся “Развод”, дзе раз’юшаны мужчына, які прывёў сваю прыгажуню-жонку да сінагагальных і грамадскіх старшынь, патрабаваў разводу, а пісар (на другім плане) не мог сабе ўявіць, як можна адмаўляцца ад такога скарбу. Цікавае палатно “Сват”: персанаж стаіць на вуліцы мястэчка, абдумваючы план сваёй чарговай камбінацыі, і складаная работа думкі адлюстроўваецца на яго твары. А ў глыбіні карціны — два сялянскія — яўрэйскі і беларускі — домікі, худая каза і парася. Канешне ж, “Гадзіншчык” — мабыць, адзін з лепшых твораў жывапісца па глыбокай псіхалагічнай характарыстыцы героя, па кампазіцыі і па-майстэрску выпісаных атрыбутах. Памятаю яшчэ выяву параненага маладога салдата, які ляжаў на ложку, вакол яго — спагадлівыя сваякі, а над ложкам хворага вісеў партрэт... Карла Маркса. На сценах было таксама шмат іншых твораў, жанравых замалёвак, партрэтаў, гарадскіх і вясковых пейзажаў, цудоўная копія “Старога ў чырвоным” Рэмбранта, партрэт Бетховена. А ў невялічкім пакойчыку накшталт спальні мастак захоўваў чатыры ці пяць ню, некалькі эцюдаў жаночых галовак, якія ён мала каму паказваў…

Што мяне заўсёды асабліва ўражвала, дык гэта тое, як у кватэры мастака магло размясціцца столькі соцень карцін, напісаных у розны час! Там былі такія цудоўныя палотны, як “Сват”, “Кравец”, “Сляпы са скрыпкай”. Фаварытам з’яўлялася, безумоўна, гумарыстычная карціна пра гандляра-разносчыка, які хацеў трапіць дамоў своечасова, да пачатку свята. Ён імчыцца з усіх ног, бачыць, што ў крайніх скасабочаных местачковых хатках запаліліся суботнія свечкі, а ў гэты час з яго заплечнага мяшка вылятае наравісты, стракаты певень, набыты выпадкова.

Канешне ж, назвы многіх работ не запомніла. Мне бацькі казалі, што перад нашым першым прыездам у Віцебск, Юрый Масеевіч чамусьці змяніў абстаноўку сваёй кватэры. Прыбраў лішнюю мэблю. У першым пакоі паставіў толькі тры крэслы, у другім — карычневую дэрмацінавую канапу, у трэцім — тахту, накрытую белым даматканым палатном. Але ва ўсіх пакоях — ад падлогі да столі — віселі карціны. Адсутнасць мэблі давала магчымасць добра іх разглядзець. Усё было прадумана Пэнам як бы для будучай пастаяннай музейнай экспазіцыі. Хаця, прыгадаю, калі-нікалі штосьці ў “экспазіцыі” трошкі змянялася.

/i/content/pi/cult/421/8657/2-3.gif

Схематычны план віцебскай кватэры Ю.Пэна. 1937 г.

Словам, больш чым годны вынік яго доўгага творчага шляху, які распачаўся яшчэ ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, затым — у Дзвінску, дзе ён у якасці вучня маляра зарабіў свой першы ганарар, потым — у Рызе. Затым каля васьмі гадоў Пэн жыў у маёнтку барона Мікалая Мікалаевіча Корфа на беразе Заходняй Дзвіны ў мястэчку Крэйцбург Дзвінскага павета Віцебскай губерні. Там жа зрабіў у “чысцякоўскім” духу цудоўны пакаленны партрэт яго жонкі — баранэсы Корф. А прадоўжыўся і скончыўся гэты шлях у блаславёным Віцебску, куды Пэн прыехаў па запрашэнні мясцовага губернатара Уладзіміра Аляксандравіча Левашова. Менавіта з дапамогай апошняга Пэн у самым канцы пазамінулага стагоддзя стварыў у Віцебску сваю прыватную школу-майстэрню малюнка і жывапісу, якая і стала асновай будучай знакамітай на ўвесь свет Віцебскай мастацкай школы. А роўна праз 10 гадоў, у 1906-м, сюды паступіў вучыцца, хаця і на вельмі кароткі час, Марк Шагал.

…Дзесьці краем вуха чула, што Пэн аднойчы папрасіў гарадское кіраўніцтва ператварыць яго кватэру ў дзяржаўны музей. Мо і так. Але, напэўна, атрымаў адмову, бо хутка пасля гібелі мастака кватэра была заселена віцебскімі чаргавікамі, а карціны часова размясцілі ў архівах розных навучальных устаноў горада. Трэба сказаць, што ў 1930-я мясцовае кіраўніцтва ды і большасць членаў аргкамітэта будучага Саюза беларускіх мастакоў ставіліся да Пэна менш уважліва, чым у 20-я. Былі начыста забыты ранейшыя абяцанні наконт шматлікіх ільгот як першаму заслужанаму мастаку Віцебшчыны. Не клапаціліся пра яго побытавыя патрэбы. Без сумнення, унутраны пратэст Пэна не насіў палітычнага характару — усё было абумоўлена асабістымі матывамі і надзеяй на тое, што ягоная калекцыя карцін атрымае тое, што яна заслугоўвае…

Тым не менш, мастак быў забіты бязлітасна, люта, жорстка — нават па мерках 1937 года. Я добра памятаю тыя часы, калі дастаткова было выпадкова кінутага слова ці ананімкі на суседа, каб чалавека ператварыць у “ворага народа” або проста яшчэ да суда паплаціцца галавой, як гэта здарылася, напрыклад, у Мінску з Саламонам Міхоэлсам — пазней, у студзені 1948 года. Можа, і Пэна напаткала такая доля?..

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"