Валянціна РАСОШАНКА, загадчык аддзела маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі
1. “ALIS-WEB”
Два гады таму ў нас была ўкаранёна аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма “ALIS-WEB”, распрацаваная ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі па бібліятэчнай справе і інфармацыйных тэхналогіях. Зараз дзякуючы ёй літаральна за некалькі хвілін можна даведацца не толькі пра наяўнасць той ці іншай кнігі ў бібліятэках горада або раёна, але і пра канкрэтнае месцазнаходжанне патрэбнага выдання.
2. Штрых-код
Першай у вобласці наша раённая бібліятэка стала скарыстоўваць штрых-коды, электронныя чытацкія фармуляры. Гэта дапамагае ажыццяўляць кантроль за своечасовым вяртаннем кніг у бібліятэку.
3. Віртуальнае чытанне
Чытачы нашай установы маюць магчымасць карыстацца электроннай калекцыяй адукацыйных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доступ да якой ажыццяўляецца праз віртуальную чытальную залу, а з пачатку мінулага года — і электроннай бібліятэкай "Grebennikon", якая ўтрымлівае артыкулы з 24 спецыялізаваных часопісаў. З пачатку сёлетняга года сучасныя тэхналогіі знайшлі прымяненне і ў навучанні супрацоўнікаў бібліятэк.
4. Карпаратыўны блог
Новым крокам у прафесійным развіцці светлагорскіх бібліятэкараў з’яўляюцца вэбінары і відэамасты, якія па ініцыятыве дырэктара сістэмы Людмілы Дадалка арганізуюцца агульнымі намаганнямі дзвюх устаноў: нашай і Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай.
Дарэчы, тэматыку незвычайных вучэбных заняткаў вызначаюць светлагорскія бібліятэкары. Менавіта па іх прапанове тэмай першага вэбінара стала стварэнне блогаў. І гэта — невыпадкова. На постсавецкай прасторы бібліятэчная блогасфера сёння актыўна развіваецца толькі ў Расіі і Украіне. Беларусы пакуль нерашуча ўкараняюць у работу тэхналогіі "Web 2.0", якія прымушаюць іх перагледзець падыход да прысутнасці ў віртуальнай прасторы і ўзаемадзеяння з карыстальнікамі. Менавіта таму вэбінар, месцам правядзення якога была абрана наша чытальная зала, выклікаў такую зацікаўленасць у супрацоўнікаў гарадскіх і гарпасялковых бібліятэк. Дарэчы, гэта першы ў краіне падобны вопыт арганізацыі навучання спецыялістаў раённых сістэм. Падчас заняткаў светлагорскія бібліятэкары ў рэжыме online атрымалі кансультацыі і практычныя парады ад намесніка дырэктара Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Аляксандра Саладкова і загадчыка сектара навучання і доступу да інтэрнэт-рэсурсаў аддзела даведачна-інфармацыйнай работы Антона Мартысевіча, мелі магчымасць пазнаёміцца з найбольш цікавымі блогамі, задаць пытанні. Практычны вынік мерапрыемства — стварэнне блогаў шэрагу бібліятэк раёна. Засталося толькі прыкласці намаганні, каб яны заўсёды былі цікавымі для карыстальнікаў.
5. Відэамост
Не менш карысным атрымаўся і відэамост па тэме “Воблачныя тэхналогіі”, таксама арганізаваны пры падтрымцы Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі для гарадскіх і сельскіх бібліятэкараў. Дарэчы, у апошніх ужо з’явіліся ідэі, як скарыстаць атрыманыя веды ў прафесійнай дзейнасці.