Роднае слова ў Храме

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Прыклад Івянецкай царквы

У наш час існуе шмат пунктаў гледжання наконт выкарыстання беларускай мовы ў праваслаўных храмах нашай краіны. Наколькі родная мова запатрабавана Праваслаўнай Царквой? Адказаць на гэтае пытанне паспрабавалі ўдзельнікі прэзентацыі, што адбылася ў прыходскім доме Свята-Петрапаўлаўскага сабора ў Мінску.

Традыцыя выкарыстання беларускай мовы ў хрысціянскім асяродку мае глыбокія карані. Па словах сакратара Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, доктара філалагічных навук, прафесара БДУ Івана Чароты, захады па перакладзе Бібліі, богаслужбовай літаратуры адбываліся цягам некалькіх стагоддзяў прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій, у тым ліку і Праваслаўнай Царквы. Родная мова ў богаслужбовай практыцы саступала месца царкоўнаславянскай, але пры гэтым актыўна выкарыстоўвалася пад час пропаведзяў. Так, па словах перакладчыка, протаіерэя, доктара багаслоўя Сергія Гардуна, нават у савецкі час беларуская мова арганічна прысутнічала ў праваслаўным храме. Справа ў тым, што ў 1960 — 1970 гады ў Беларусі было дастаткова шмат сельскіх святароў, якія не маглі красамоўна прамаўляць на рускай мове і карысталіся мясцовай гаворкай.

На думку протаіерэя Георгія Латушкі, у Беларусі створаны ўмовы для існавання роднай мовы ў Праваслаўнай Царкве. Сведчаннем таму, у тым ліку, — і запатрабаванасць выданняў на беларускай мове. Пры гэтым пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў жыццядзейнасці царквы адбываецца паступова, крок за крокам. У сваю чаргу, Іван Чарота нагадаў, што першы склад Біблейскай камісіі БПЦ быў створаны яшчэ ў 1989 годзе па ініцыятыве Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Пачынаючы з 1994-га новым складам камісіі былі перакладзены ўсе Евангеллі, а таксама Дзеянні апосталаў. Дзейнасць працоўнай групы па перакладзе Свяшчэннага Пісання, на думку яе сакратара, разбурае меркаванне, што БПЦ нібыта не прымае беларускую мову і не выкарыстоўвае яе ў практыцы.

Удзельнікі мерапрыемства звярнулі ўвагу на тое, што выкарыстанне беларускай мовы ў царкоўным жыцці залежыць менавіта ад вернікаў. У прыватнасці, святар з Гродзенскай епархіі, іерэй Ігар Данільчык паведаміў, што богаслужэнні на беларускай мове цяпер рэгулярна адбываюцца ў некалькіх храмах Гродна, у тым ліку ў старажытнай Каложскай царкве, а таксама ў Зэльве, Шчучыне, Ваўкавыску, а беларускамоўная царкоўная літаратура выпускаецца не толькі ў Мінску. Напрыклад, у Гродне на беларускай мове выдадзены пропаведзі архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, а таксама кішэнны варыянт Літургіі святога Іаана Залатавуста. Выкарыстоўваецца родная мова і ў праваслаўных храмах Міншчыны. Яскравы прыклад — царква ў гонар прападобнай Ефрасінні Полацкай у Івянцы. Па словах настаяцеля храма Віктара Перагудава, пачынаючы з 90-х у прыходзе вельмі арганічна гучыць родная мова. Акрамя таго, навучанне першага класа нядзельнай школы адбываецца па-беларуску, таксама як і маладзёжны хор выконвае царкоўныя ды народныя спевы на мове сваіх продкаў.

У сваю чаргу, як паведаміла супрацоўнік выдавецтва Петрапаўлаўскага сабора, кандыдат гістарычных навук Лідзія Кулажанка, ужо падрыхтаваны да выхаду ў свет даведнік “Святыні Беларусі”. Гэтая кніга, якая мае выйсці ў бягучым годзе, распавядзе чытачам пра асноўныя месцы паломніцтва праваслаўных вернікаў у Беларусі.

К.А.