Серыя Аляксандры Салдатавай “Структура прасторы”, прадстаўленая ў сталічнай галерэі "Універсітэт культуры", — гэта не больш, чым набор стоп-кадраў паўсядзённасці. Мы бачым мора, заснежанае поле, набярэжную ракі, фігуркі людзей... У гэтым сэнсе, аўтар нібы вяртаецца да першаасноў фатаграфіі, у тыя часы, калі ніхто яшчэ не асмельваўся надзяляць яе нейкімі больш паважнымі функцыямі, чым механічнае адлюстраванне рэчаіснасці. Урэшце, першым у свеце фота быў менавіта банальны від з акна. І тады гэта многіх здзіўляла...
Сёння, амаль праз два стагоддзі, даводзіцца канстатаваць: вынайдзеныя за гэты час разнастайныя спосабы візуальнай трансфармацыі рэчаснасці прывялі да нейкага “прытуплення” эмацыйнага ўспрыяцця — як твораў мастацтва, гэтак і самой рэчаіснасці. І таму Аляксандра Салдатава свядома адмаўляецца ад разнастайных “спецэфектаў”, вострай праблематыкі і ўвогуле абстрагуецца ад якіх-кольвечы тэматычных кантэкстаў: скажам, сацыяльнага.
Што гэта за мясціны, хто тыя людзі, якіх мы бачым у кадры, што з імі адбываецца? Па вялікім рахунку, гэта не важна: мясціны як мясціны, людзі як людзі... Як падаецца, аўтар імкнецца “пераадкрыць” самую звычайную паўсядзённасць, выявіўшы яе глыбіню і нават энігматычнасць. І такім чынам эмансіпіраваць бачанне ад наслаенняў ментальных стэрэатыпаў.
Выстаўка пераканаўча даводзіць, што без іх рэчаіснасць выглядае куды цікавейшай. Але для таго, каб гэта засведчыць, замала толькі спускаць затвор фотаапарата — патрэбна нейкае “ўжыванне” ў прастору, досвед яе суб’ектыўнага ўспрымання, які можна ў далейшым трансфармаваць у канкрэтныя здымкі. Уласна, менавіта ён — а не проста механічная метадалогія алюстравання паўсядзённасці — дазваляе Аляксандры Салдатавай выяўляць тую магію “тут і цяпер”.
Па словах Аляксандры Салдатавай, пад час працы з “банальнай”, на звыклы погляд, натурай, ёй даводзіцца прыпадабняцца паляўнічаму, чакаць у засадзе таго моманту, калі рэчаіснасць праявіць сябе нейкім адмысловым спосабам. І заведчыць, што від з вакна спальні, насамрэч, куды цікавейшы, чым нам звычайна здаецца — нават у тым выпадку, калі шторанак мы бачым не заснежаныя Альпы, а заводскія трубы ды шматпавярхоўкі. Бо найважнейшае — гэта менавіта суб’ектыўнае ўспрыманне.
На ілюстрацыях: фота Аляксандры Салдатавай.