Цыніі пад містычнымі нябёсамі

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

У Крычаве — пейзажы дзвюх краін

Выстаўка карцін “Пейзажы Беларусі і Расіі” адкрылася ў Крычаўскім гістарычным музеі. Стартавала ж яна з Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея. Гэта праект двух мастакоў-сяброў. У красавіку эстафету перахопіць Касцюковіцкі музей, затым Аршанскі... Пасля цудоўныя творы будуць дэманстравацца ў расійскіх музеях.

Зараз у трох выставачных залах Пацёмкінскага палаца ў
Крычаве прадстаўлена каля васьмідзесяці работ заслужанага мастака Расіі Уладзіміра Берднікава і вядомага творцы-клімаўчаніна Леаніда Ячнева. Пазнаёміліся яны на адным з Міжнародных пленэраў, прысвечаных лаўрэату дзяржаўнай прэміі СССР, заслужанаму дзеячу мастацтваў РСФСР, мастаку Ф.С. Шурпіну.

/i/content/pi/cult/421/8650/3-1.jpeg

На прэзентацыі выстаўкі сабраліся прыхільнікі прыгожых мастацтваў. Выкладчык Крычаўскай школы мастацтваў Сяргей Масіха прывёў з сабой вучняў:

— Са сваімі выхаванцамі мы наведваем усе выставы, якія арганізуюцца музеем. Такiм чынам стараюся далучыць дзяцей да прыгожага. Магчыма, менавіта гэта паўплывае на іх далейшы лёс.

Акрамя таго, была магчымасць паглядзець у адной з залаў фільмы пра падарожжы двух мастакоў (знятыя, дарэчы, Леанідам Ячневым). Летась яны выязджалі ў творчыя экспедыцыі на Браслаўскія азёры і ў Валагодскую вобласць. А трошкі раней здзейснілі мару Уладзіміра Берднікава — зрабілі сплаў па рацэ Асцёр, пачалі з пасёлка Шумячы ў Расіі, а завяршылі яго ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна. Доўжыўся ён тыдзень. Для расійскага мастака гэта быў шосты раз і першы — для Леаніда Ячнева.

На выстаўцы кожная карціна распавядае пра падарожжы мастакоў. Вось работы: “Восень. Барслаўскія азёры”, “Навальніца ідзе”, “Пасля дажджу” — напамін аб Браслаўшчыне Уладзіміра Берднікава. “Фелантропаў манастыр”, “Кірыла-Белаазёрскі манастыр”, “Горацкі манастыр” — успамін клімаўчаніна пра архітэктурныя помнікі Валагодскай вобласці. А вось Уладзімір Іванавіч перанёс на палатно ўсе матывы, якія прыцягнулі яго ўвагу пад час сплаву: “Перакат на рацэ Асцёр”, “Навальніца ідзе”, “Містычнае воблака”.

Леанід Ячнеў выявіў іх незвычайны транспарт — “Плыт на рацэ Асцёр”, зроблены мастакамі сумесна з сябрамі з пластыкавых бутэлек. Гэтая работа пакінула ў памяці нечаканыя павароты ракі ў час моцнай навальніцы. Абодва зафіксавалі воблака — ці не містычнае, якое вісела над імі каля трох гадзін.

Захапляюць і нацюрморты Берднікава “Падарункі лета”, “Цыніі”, “Нацюрморт восень-2012”. Піша іх ён з любоўю, з натуры. А перш за ўсё мастак… вырошчвае іх на сваім агародзе. Затым саставіць кампазіцыю, і толькі пасля, з асалодай, стане пераносіць выяву на палатно.

— Навакольны свет дастаткова разнастайны і цікавы, трэба толькі здолець убачыць яго хараство, — упэўнена кажа творца.

Дар я ЭВЕРС, старшы навуковы супрацоўнік Клімавіцкага краязнаўчага музея

На здымку: Сяргей Масіха з вучаніцай пад час вернісажу.