"Шчаўкунок": "яшчэ адна" цяпер упоравень з іншымі?

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

У красавіцкай афішы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі — ніводнага “Шчаўкунка”. А ў апошнія дні сакавіка іх было ажно тры. І ўсе — прэм’ерныя. Каб новае прачытанне музыкі Чайкоўскага і казкі Гофмана гледачы не блыталі з ранейшай версіяй Валянціна Елізар’ева, пастаўленай у нас у 1982 годзе, цяперашні спектакль нават называецца інакш — “Шчаўкунок, ці Яшчэ адна калядная гісторыя...”. Яшчэ адна — значыць, чарговая? Адна з многіх? Здаецца, гэтыя словы сталі сімвалічнымі...

Пра новы спектакль, запальваючы да яго цікавасць, паведамлялі на прэс-канферэнцыях у тэатры ўжо даўно. Пры гэтым штораз паўтаралі, быццам у рэпертуары захаваюцца абодва балеты: як новы, з харэаграфіяй Аляксандры Ціхаміравай, так і стары, елізар’еўскі. Што ж, будзем верыць. Пакуль жа — на май і чэрвень запланаваны па тры “Шчаўкунка” на месяц. Але — адно прэм’ерныя. Які ж з двух спектакляў тэатр будзе вывозіць за мяжу? Гэтае пытанне хвалявала асабліва, бо ў свой час саму прычыну новай пастаноўкі кіраўніцтва тэатра бачыла ў тым, што ранейшая... карыстаецца попытам у замежжы, таму беларускія дзеткі пазбаўлены магчымасці сустракаць навагоднія святы з любімымі балетнымі героямі: Машай, Прынцам-Шчаўкунком ды мышанятамі. Дык вось, у замежжа паедзе той спектакль, які абяруць спадары імпрэсарыо.

/i/content/pi/cult/421/8649/2-1.gif

Але не будзем загадваць, на чым яны спыняць увагу, лепш паглядзім, што атрымалася. Тым больш, што новы “Шчаўкунок” — першая буйная праца А.Ціхаміравай — раней яна ўдала ставіла танцы ў операх — так, каб яны не адцягвалі надта шмат увагі як “фон” да рэжысёрскай задумы і вакальна-музычнага складніку. Але жанр балета патрабуе прынцыпова іншага! І заўсёднікам тэатра ёсць з чым параўнаць, бо гэты “Шчаўкунок” — ужо трэці, які можна было пабачыць апошнім часам на сцэне нашага Вялікага тэатра “ў дапаўненне” да елізар’еўскага: у лістападзе 2010-га сваё трагічнае бачанне прывозіў выхаванец Елізар’ева — Раду Паклітару са сваім “Кіеў мадэрн-балетам”, а літаральна месяц таму мы глядзелі спектакль эстонскай трупы з харэаграфіяй амерыканца Бэна Сцівенсана.

Новы беларускі “Шчаўкунок” — таксама шмат у чым “амерыканскі”. І справа зусім не ў некаторых знешніх паралелях — у нас якраз усё наадварот! Там госці збіраліся на хатнюю вечарыну, ішлі справа налева, кожны — сваім адметным “крокам”, у якім быў закладзены характар персанажа. У нас яны збіраюцца — калі верыць сцэнаграфіі, бы на імператарскі баль, рушаць злева направа і суцэльным натоўпам, без асаблівых выкрунтасаў. Але ж сапраўдныя “амерыканізмы” балета — ужо ў самім стаўленні да танца. Цяперашні “Шчаўкунок” — самы “небалетны”, “нетанцавальны” спектакль з усяго рэпертуару нашага тэатра. Затое — самы, бадай, відовішчны. І, падобна на тое, самы фінансава “змястоўны”. Настолькі, што гэты ягоны “змест” зацмявае ўсе астатнія. А гэта — таксама галівудская рыса: найперш — знешнія эфекты. Праўда, тут ім можна знайсці “гістарычнае” апраўданне: дзеянне, калі верыць некаторым сцэнічным строям з парыкамі, перанесена ў ХVIII стагоддзе — час абавязковых сцэнічных пампезнасцей ды “чараўніцтваў”, з якім змагаліся найбольш перадавыя творцы.

/i/content/pi/cult/421/8649/2-2.jpeg

Запрасіўшы сусветна знакамітага мастака Юрыя Купера, які апошнім часам жыве і працуе ў Вялікабрытаніі, тэатр свядома імкнуўся да максімальнай відовішчнасці. Сапраўды, разнастайных сцэнічных строяў у пастаноўцы — безліч. Але раптам ловіш сябе на думцы, што ацэньваеш не самі “адзенні”, а найперш багатыя тканіны. І міжволі прыходзіць параўнанне: калі ў лялечным тэатры ў Ляляўскага ўмеюць “ажывіць” нават анучу, дык тут — артысты становяцца “дадаткам” да шыкоўных тканін. Яны “выносяць” іх на сабе, а мы пачынаем фантазіраваць, якія адметныя фасончыкі з іх можна было б зрабіць. Дарэчы, зблізку строі глядзяцца яшчэ больш прывабна, бо сцэна, на жаль, “з’ядае” больш за палову цікавых дэталей. Дык можа, спектакль быў разлічаны на “камерныя” паказы? Але ж дэкарацыі — менавіта для вялізнай сцэны, якая ў стане перадаць усю неабсяжнасць залы (мабыць, дзесьці ў каралеўскім палацы) з балконамі ў два ярусы. І тое — жытло спадароў Штальбаўмаў?

Знайсці гэтаму “апраўданне”, вядома, магчыма: маўляў, такім бачыцца пакой маленькай Машы. А яна — не такая, як іншыя, пра што можна даведацца са сціслага зместу балета, змешчанага ў праграмцы: “усе, акрамя Машы”, “усім, акрамя Машы”. Але ж ці бачым мы гэта на сцэне? Здагадацца, хто тут Маша, можна хіба ў сярэдзіне, калі не бліжэй да фіналу першай дзеі. Бо героі не маюць адметнай, індывідуальнай пластыкі. Так, знаходзяцца на сцэне. Бывае, вальсіруюць. Зрэдку паказваюць штосьці не самае складанае з класікі — усё ж балет. Але што яны хочуць нам усім сказаць? Змест літаратурна выкладзенага лібрэта абсалютна “не чытаецца” ў спектаклі. Бо не атрымлівае пластычнага рашэння.

/i/content/pi/cult/421/8649/2-3.jpeg

Неразгаданай загадкай застаецца Прынц. Што азначае выява скрыпічнага ключа на яго напалеонаўскім капялюшы? І чаму ён хіліцца то да ўсходніх прыгажунь, то, мяркуючы па кепках набакір, да двух рабочых расійскай глыбінкі канца ХІХ стагоддзя? Гэта і ёсць “выпрабаванне спакусамі”? Прычым рознай арыентацыі. Не менш незразумелымі застаюцца паводзіны Драсельмеера: навошта ён увесь час пужае Машу? Гэта таксама “выпрабаванні”? А Вальс кветак успрымаецца чым заўгодна, акрамя пазначанай у лібрэта сцэны заручынаў: хтосьці ў зале назваў яго “вальсам шахцёраў”, у мяне ж ён выклікаў асацыяцыі ўвогуле з памінальнымі свечкамі.

Салісты робяць, што могуць. З адной папраўкай: насамрэч усе яны здольныя на куды большае, чым закладзена ў новую харэаграфію, разлічаную на самы пачатковы ўзровень засваення класічнай балетнай мовы — як у тых амерыканцаў, спрактыкаваных на мадэрне. Што ж, па мадэрне нам Захад не адужаць. Затое дзякуючы новаму “Шчаўкунку”, мы цяпер па класіцы (і неакласіцы!) не “наперадзе планеты ўсёй”, а ўпоравень з многімі ды многімі іншымі. Як усе. Можа, менавіта гэтага і чакаюць замежнікі? Каб пераканацца, што іх пастаноўкі не горшыя...

На здымках: сцэны з балета "Шчаўкунок".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"