Няправільныя тапкі і “Мі-мі-мі”

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Неўзабаве пасля аднаго з выставачных хітоў сезона “Пастулат” адбыўся і яго своеасаблівы працяг — праект, прысвечаны тапкам і вытрыманы на тонкай мяжы contemporary art і дызайну. Што самае цікавае, тэму заявіў буйны мінскі аўтацэнтр, які выступіў не толькі спонсарам падзеі ў галерэі "Універсітэт культуры", але і ініцыятарам “Тапаграфікі”. І, напэўна, менавіта апошняя акалічнасць дазволіла рэкрутаваць цэлую абойму “зорак” айчыннага мастацтва. Прычым кожная была прадстаўлена менавіта “прэм’ерным” творам, зрабіўшы яго адмыслова да праекта — што і наогул рэдкасць у нашых шыротах.

Што агульнага ў аўтамабіляў і тапкаў, спытаеце вы? Па словах куратара выстаўкі Алены Карпілавай, аўтацэнтр пазіцыянуе сябе як “хатні”, і таму рэкламнае агенцтва распрацавала для яго цэлую кампанію, дзе франтальныя атакі свядомасці спажыўца былі заменены ўмелымі манеўрамі на полі падсвядомых асацыяцый. Уласна, складнікам той кампаніі і стала выстаўка. На думку ініцыятараў, тапкі лепш за ўсё ўвасабляюць хатнюю ўтульнасць...

/i/content/pi/cult/421/8647/2-3.gif

Д.Сурскі. "Цуглі камфорту".

Але толькі не ў выкананні рэпрэзентантаў сучаснага мастацтва! Як і трэба было чакаць, многія з іх ахвотна скарысталіся магчымасцю, каб падсунуць у мяккі тапак... калі не гадзюку дык, прынамсі, канцылярскую кнопку. Нібы змовіўшыся, аўтары дружна адкарэкціравалі рэкламную канцэпцыю: большасць прадстаўленых работ цяжка назваць одамі камфорту. Хутчэй, наадварот...

/i/content/pi/cult/421/8647/2-4.jpeg

У.Цэслер. "Мяккі каўбой".

Прыкладам, скульптар Максім Пятруль зрабіў тапкі са свінца, змяніўшы хімічныя ўласцівасці звыклых для такога абутку матэрыялаў на адваротныя і дадаўшы назву “Хатняя гравітацыя”. Яго калега Канстанцін Селіханаў абмежаваўся ў плане матэрыялу сілікатнай цэглай — праўда, з гламурнымі стразамі, для кантрасту. Іван Айплатаў свае тапкі зрабіў з калючага дроту, але ж упрыгожыў іх штучнымі перлінамі. Уладзімір Цэслер пераўтварыў тапак у рэвальверную кабуру, нібы нагадаўшы, што ў банальным і побытавым можа тоіцца агрэсія ды небяспека. Урэшце, тую ідэю, што лунала ў паветры, недвухсэнсоўна сфармуляваў Дзмітрый Сурскі — побач з крэслам, глянцавым часопісам і тэлепультам ён змясціў тапкі ў выглядзе бетонных пліт, назваўшы атрыманую інсталяцыю “Цуглі камфорту”.

/i/content/pi/cult/421/8647/2-5.gif

К. Селіханаў. "Тапак архітэктара".

Як ні дзіўна, завадатары праекту паставіліся да такой правакацыі надзвычай спагадліва. Па словах Алены Карпілавай, яны ўвогуле далі аўтарам поўную свабоду творчасці, нават заахвочваючы правакацыйныя рашэнні. Вось і Руслан Вашкевіч быў прадстаўлены канцэптуальным творам “Нябачныя тапкі” выключна праз волю галерэі — першапачатковы варыянт ягонай работы ўтрымліваў неадпаведную статусу дзяржустановы лексічную адзінку. Зрэшты, на агульным стракатым тле адсутныя тапкі выглядалі нават больш пераканаўча...

Стаўленне да падобных “легкадумных” праектаў у арт-супольнасці заўсёды было, мякка кажучы, неадназначным. Але, у любым выпадку, варта прызнаць прынамсі два іх плюсы. Па-першае, менавіта такія выстаўкі адчыняюць дзверы ў свет сучаснага мастацтва многім “паспалітым гледачам”, завабленым добрай рэкламнай кампаніяй ды “мімімішнымі” сюжэтамі. А па-другое — пераконваюць у тым, што сапраўды яркія аўтары не страчваюць сваё крэда, выказваючыся на любыя тэмы, нават “заказныя”.