Анты гламур, якога ніхто не чакаў

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Эксперыменты — толькі з мінскай прапіскай?

У той час, калі яшчэ не прайшоў “паслясмак” ад леташняга Трыенале, Цэнтр сучасных мастацтваў зладзіў яго своеасаблівы антыпод. Там — мармур, жырандолі, клубная музыка з калонак, тут — аблупленая фарба на сценах, інсталяцыі з разнастайных адкідаў чалавечай дзейнасці і... густая канцэнтрацыя творчай энергіі, жывой ды сапраўднай. Арт-праект з таямнічай назвай “Дзевяць з паловай”, які заняў ладную частку памяшканняў ЦСМ, ужо сёння можа прэтэндаваць на званне самай незвычайнай падзеі году. Падзеі, якую ніхто не чакаў.

Куратар выстаўкі, вядомы мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі задзіночыў у праекце дзесяць творцаў прыкладна свайго пакалення — наймаладзейшаму ўжо пяцьдзясят, найстарэйшаму сёлета споўнілася б семдзесят пяць. Больш за тое — усе аўтары не маюць мінскай прапіскі (і ўжо хаця б з гэтай прычыны мала каму тут вядомыя). Уласна, увагу на згаданыя акалічнасці варта звярнуць выключна для таго, каб адзначыць, што праект руйнуе ажно два трывалыя ў айчынным арт-асяроддзі стэрэатыпы: маўляў, па-за межамі сталіцы сучаснага мастацтва няма, а смелых эксперыментаў выпадае чакаць толькі ад моладзі. Як выявілася, ні век, ні геаграфічнае месцазнаходжанне прынцыповага значэння не маюць.

/i/content/pi/cult/421/8646/2-1.jpeg

Выстаўка адкрываецца творамі палачаніна Аляксандра Касалапава, які арганічна далучае ў абстрактныя палотны аб’ёмныя фактуры і “знойдзеныя прадметы”. Гэты метад нібы задае камертон для ўсяго праекта: выяўленне новых магчымасцей тых мастацкіх практык, якія многія лічаць ужо “састарэлымі” — як быццам бы гэты эпітэт сёння нельга прышпіліць да чаго заўгодна!

Своеасаблівы “працяг тэмы” — у творах Анатоля Жураўлёва, Віктара Шылко, Антаніны Фалей... Многія чамусьці лічаць, нібыта абстрактны жывапіс — гэта лёгка: маўляў, узяў сабе ды накрэмзаў. Выстаўка пераконвае ў адваротным. Каб наладзіць камунікацыю з гледачом, ігнаруючы такія безадмоўныя інструменты, як вобраз альбо сюжэт, трэба, прынамсі, мець, чым падзяліцца. Без глыбокага аўтарскага бачання і індывідуальнай выяўленчай мовы такая “крэмзаніна” нікога не зачэпіць.

У гэтую канву добра ўпляліся і творы Віктара Сахно. Аўтар адышоў у іншы свет пяць год таму і пакінуў па сабе вядомасць перадусім у якасці архітэктара, але ж яго абстрактны жывапіс, падаецца, заслугоўвае не меншай увагі. Гэта — сапраўднае alter ego, зусім іншая іпастась, не вывераная ні алгебрай, ні банальнымі ўяўленнямі пра гармонію. І што найбольш уражвае: у апошніх працах мастака, напісаных ужо на “сконе жыцця”, у 70-гадовым веку, пульсуе непадробная гарэзлівая дзіцячая энергія!

Асобным словам варта адзначыць незвычайную для родных шырот цэласнасць і прадуманасць экспазіцыі. Задача яўна была не з простых, асабліва калі ўлічыць і колькасць аўтараў, і памеры некаторых іх работ, і спецыфіку прасторы — з дзясятак асобных залаў плюс калідоры. Але пры гэтым вялізны праект выглядаў цэласна — ці, прынамсі, асобныя ягоныя часткі добра карэлявалі паміж сабой.

/i/content/pi/cult/421/8646/2-2.gif

Інсталяцыі Васіля Васільева былі змешчаны паасобку, і запаўнялі цэнтры залаў з абстрактным жывапісам. Аўтар выбудоўвае свае герметычныя выказванні з дапамогай пакрытых іржой антыкварных “перажыткаў былых эпох”: шаляў, кавалку каванай агароджы, клеткі для птушкі...

Пэўнай лірычнасці не пазбаўлены нават вытрыманыя ў ідэйным ключы мінімалізму аб’екты Генадзя Фалея — хаця, здавалася б, нічога апрача фактуры ды матэрыяла гэтае фармалістычнае мастацтва і не прадугледжвае. Зрэшты, побач з абрэзкамі труб рознай даўжыні можна ўбачыць трыпціх з назвай “Божа, барані Беларусь”, зроблены з такіх “чалавечых” матэрыялаў, як лаза і льняная нітка. І гэты экскурс у традыцыйную для айчыннага мастацтва тэматыку зусім не выглядае тут нейкім чужародным.

Залу, дзе размешчаны скульптуры ды карціны “запозненага ўдзельніка” УНОВИСа Аляксандра Слепава, упрыгожваюць фрэскі ў рэнесансавай стылістыцы. Аўтары экспазіцыі свядома стварылі своеасаблівую інтэрвенцыю супрэматызму. Незвычайны эфект спараджаюць і шматлікія люстэркавыя паверхні, што адбіваюць досыць камерныя скульптуры ў той самай супрэматычнай манеры.

Большую частку другога паверха ЦСМ занялі інсталяцыі і асамбляжы баранавіцкага мастака Алеся Фалея — часам папраўдзе манструозныя паводле свайго памеру. У якасці матэрыялу аўтар выкарыстоўвае рэшткі ды аскепкі старых прадметаў, якія даўно страцілі сваё ўтылітарнае прызначэнне. І ўжо таму многія акрэсляць убачанае папулярным сёння словам “трэш”, і хіба сёй-той правядзе куды больш дарэчныя паралелі — скажам, з італьянскім arte povera — “бедным мастацтвам”. У свой час яно ўзнікла як своеасаблівая антытэза гламуру, які ўжо тады стаў пранікаць на тэрыторыю contemporary art.

Безумоўна, выкарыстанне ў творах мастацтва змесціва сметніку можна да бясконцасці канцэптуалізаваць, згадваючы і пра своеасаблівую “дэвальвацыю” ў грамадстве спажывання не толькі ідэй, але і рэчаў, дый пра “гуманныя” спосабы іх утылізацыі — выстаўка акурат распачынае цыкл “Экалогія і мастацтва”. Але, як падаецца, тут асаблівую важнасць мае не канцэптуальны, а візуальны складнік. Абстрактныя палотны Алеся Фалея, якія дэманструюцца побач з інсталяцыямі, нібы падкрэсліваюць іх генезіс — ад двухвымернага жывапісу да аб’ёмнай фактуры рэальных прадметаў. Напэўна, гэта чарговы аўтарскі спосаб выйсці за межы карціны — накшталт “антрапаметрычных” перформансаў Іва Кляйна і парэзаў на палотнах Лючыя Фантана.

Увагі заслугоўвае і інфармацыйнае забеспячэнне выстаўкі. Не спадзяючыся на анонсы ды рэцэнзіі ў СМІ (іх і сапраўды бракавала), арганізатары праекта выпусцілі ўласную бясплатную газету. Выглядае яна, канешне, куды менш паважна за глянцавы каталог, але — усім гледачам хапіла. Ды і ладна парэпаныя памяшканні цэнтра стварылі ідэальны фон для выяўлення неўтаймоўнай і “непрычасанай” творчай энергіі. Недарэмна ж ва ўсім свеце сучаснае мастацтва прынята экспанаваць прыкладна ў такіх умовах: “еўрарамонт” у выставачнай прасторы ўжо ўсім надакучыў. І, дарэчы, у нечым гэта тычыцца не толькі сцен ды падлогі...

На здымках: арт-аб'екты
ў экспазіцыйнай прасторы.