"МУЛЬТЫПЛЕКС" немульцяшных праблем

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Цэнтр анімацыйных мастацтваў: іспыт на жыццяздольнасць аднаго праекта

Ідэя, што лунала ў паветры

Прызнацца, менавіта чарговая прэм’ера студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі “Беларусьфільм” (пра яе пісалі ў № 12 за гэты год) прывяла да гэтай ідэі. Вось пройдзе публічны паказ новай стужкі, публіка прывітае твор і каманду яго стваральнікаў — а што ж далей? Фестывальныя паказы? Тэлевізійныя? Будучыя ўзнагароды? Так, усё мае права быць. Аднак ці можам мы казаць пра тое, што беларускае анімацыйнае кіно, урэшце, атрымае “сталую прапіску” ў свядомасці беларусаў? На жаль, нягледзячы на шматлікія перамогі нашых аніматараў на міжнародных фестывалях, гэтага пакуль не адбылося. Колькі ўжо даводзілася пісаць пра тыя праблемы — і згадваць не хочацца. А ці ведаеце вы беларускія мультфільмы? Імёны саміх аніматараў? Пакуль што шануюць айчыннае анімацыйнае кіно толькі ў коле выбраных.

І, здавалася б, кінастудыя пачала выпускаць DVD-дыскі з фільмамі нашых аніматараў, і тэлебачанне паказвае айчынныя анімацыйныя творы — у сувязі з пэўнымі датамі, у спецыялізаваных праграмах. Мультыплікацыя нібыта прысутнічае ў сетцы тэлерадыёвяшчання, але выніку ўсё роўна чамусьці няма.

Словам, нездарма ўзнікла ў сценах рэдакцыі “К” ідэя стварэння Цэнтра анімацыйных мастацтваў. Структуры, якая нарэшце ўзяла б на сябе функцыю галоўнага папулярызатара беларускай анімацыі і паспрабавала б усё ж зрушыць з месца той “ляжачы камень”, што скасавурыўся на дарозе паміж, уласна, анімацыяй і гледачом. Разавыя паказы і ўрачыстыя прэм’еры ды нават фестывальныя тыдні праблему пакуль вырашыць не здолелі.

Дык якой можа быць гэтая ўстанова?

Па-першае, яна мусіць стаць месцам, дзе фільмы нашых айчынных аніматараў дэманстраваліся б рэгулярна. Не раз на год, а штодня, як галівудскія стужкі ў звычайных кінатэатрах. Ёсць жа ў нас праект “Сінемаскоп” у кінатэатры “Ракета”, які па прынцыпе сінематэкі дэманструе арт-хаўснае кіно. Чаму немагчыма зрабіць адпаведную “кропку” анімацыйнага мастацтва ў Мінску, каб бацькі і іх дзеці ведалі: вось тут можна ўбачыць беларускія (ды не толькі) мультфільмы?

“А чаму не далучыць да дэманстрацыйнай залы Цэнтра анімацыйных мастацтваў яшчэ і адмысловую школу, дзе займаліся б дзеткі?” — пачалі мы развіваць ідэю. Ну а выставачную пляцоўку, на якой экспанаваліся б лялькі з вядомых беларускіх мультфільмаў, эскізы і малюнкі аніматараў? Далібог, памеркавалі, чаму б і не далучыць! Так паступова Цэнтр “займеў” у нас і краму з DVD-прадукцыяй — натуральна, анімацыйнай спецыфікі — майстэрню, дзе можна пазнаёміцца з этапамі вытворчасці, з пэўнымі тэхнікамі… А колькі адмысловых кінапраграм было б “запушчана” ў пракат: і рэтраспектывы творчасці нашых мэтраў-аніматараў, і беларуская анімацыя па дзесяцігоддзях, і мультсерыялы, і пэўныя тэматычныя паказы, сюды яшчэ трэба дадаць знаёмства з навінкамі і школамі розных краін… Увогуле, можна шмат чаго яшчэ: тую ж праграму “Рэха “Анімаёўкі”, прысвечаную цікаваму магілёўскаму кінафоруму. Палёт нашай фантазіі аблюбаваў і анімацыйны Алімп: маўляў, Цэнтр — выдатная пляцоўка для майстар-класаў славутых аніматараў, як айчынных, так і замежных, прычым — не толькі ў сувязі з юбілейнымі датамі… Што і казаць, — чым больш мы думалі пра гэтую ініцыятыву, тым больш яна нам падабалася.

Аднак рана ці позна ўсе прыгожыя праекты праходзяць стадыю карэкціроўкі рэальнасцю. Але мы не маглі сабе адмовіць у наступным кроку — выспрабаваць ідэю Цэнтра на жыццяздольнасць, выслухаўшы меркаванні інсайдараў беларускага кінаполя.

Першыя іспыты: дадатковыя абрысы

— Ваш праект проста цудоўны! — дырэктар студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Галіноўскі адразу падтрымаў нашу ініцыятыву. — Я ведаю пра аналагічныя структуры, напрыклад, у той жа Расіі, і мне падаецца, што ў нас гэты праект, створаны сваімі сіламі, можа быць цалкам запатрабаваным. Мы, са свайго боку, гатовыя яго падтрымаць тым жа матэрыялам, які ёсць на студыі. Але рашэнне аб яго стварэнні мусіць быць прынята на адпаведным узроўні.

Вось так мы атрымалі першы станоўчы водгук. Акурат зараз, дадаў Ігар Генадзьевіч, студыя робіць захады па рэстаўрацыі і колеракарэкцыі тых стужак “залатога фонда” “Беларусьфільма”, якім ужо болей за дзесяць гадоў. Аднак, каб прайсці такую неабходную працэдуру, анімацыйнае кіно мусіць дачакацца сваёй чаргі — пасля фільмаў ігравых і дакументальных.

З вялікім энтузіязмам паставіўся да праекта “К” і наш слынны рэжысёр-аніматар Ігар Волчак.

— Асабліва мяне хвалюе сённяшні вялізны прабел у выхаванні маладых кінапрафесіяналаў, — зазначыў Ігар Віктаравіч. — У майстэрні майго бацькі я калісьці вёў дзіцячую студыю анімацыі. Да мяне хадзілі цудоўныя дзеці. А адна дзяўчынка пасля заканчэння студыі, нагадаю, у якасці прыза атрымала магчымасць бясплатна вучыцца ва ВГИКу. Гэта Вераніка Фёдарава, сёння — стваральнік серыяла “Круглы год” па творах Юрыя Коваля, асоба ў расійскай анімацыі вядомая. Што і казаць, неабходнасць у падобнай школе — вялізная. І Цэнтр, пра які вы гаворыце, мог бы, у першую чаргу, вырашыць гэтую праблему.

Майстар звярнуў увагу на тое, што ў сённяшніх рэаліях прэстыж прафесіі “аніматар” залежыць ад той “аўры”, якая атачае яе.

/i/content/pi/cult/421/8643/1-1.jpeg

— Будзем шчырымі, прывабіць высокім заробкам мы не можам, — канстатаваў Ігар Віктаравіч.

Радуе, што маладыя аніматары таксама не засталіся абыякавымі да ўвасаблення падобнай ініцыятывы.

— Сёння я на пятым, выпускным, курсе “рэжысёраў-аніматараў”, — дзеліцца студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Марыя Матусевіч. — У мяне наперадзе размеркаванне, і Цэнтр анімацыйных мастацтваў у гэтым плане стаў бы найвыдатнейшым месцам для працаўладкавання. Тым больш, я так разумею, тут можна рэалізаваць столькі ідэй.

Марыя “зрэжысіравала” магчымасці Цэнтра не толькі як школы для маленькіх аніматараў, але і дадатковай школы-майстэрні для студэнтаў, практыкаў. Напрыклад, курсы па засваенні новых анімацыйных праграм, праца з сучасным абсталяваннем — малады рэжысёр паказала напрамак, умоўна кажучы, “курсаў павышэння кваліфікацыі”, творчай лабараторыі, які мог бы развіваць будучы Цэнтр.

У падтрымку гэтай лініі аднакурснік Марыі, малады рэжысёр-аніматар Данііл Жугжда настойваў на наяўнасці ў Цэнтры належнай тэхнічнай базы.

— Усё ж такі, мне падаецца, гэты комплекс не будзе паўнавартасным без дзейнай майстэрні. Бо адна справа — паказваць вытворчы працэс на музейных экспанатах, а іншая — на рабочым абсталяванні. Гэта зусім тое адчуванне, калі ты трапляеш у студыю, дзе ўсё кіпіць і віруе.

Данііл звярнуў увагу і на патэнцыйную самаакупнасць праекта.

— Разумею, што ў першую чаргу Цэнтр мусіць папулярызаваць беларускую анімацыйную творчасць, але калі ўсё ўважліва вывучыць і пралічыць, ён мог бы працаваць і як бізнес-структура. Не трэба адразу дамагацца высокіх паказчыкаў, але ў ім цалкам маглі б спалучацца культурная і крэатыўная індустрыі.

І яшчэ — галоўнае, пра што казалі ўсе: гэта Асоба, якая б “гарэла” гэтым праектам, спалучаючы ў сабе якасці менеджара, куратара і, так бы мовіць, культуролага, бо дасведчанасць тут — неабходная. З пазіцыяй пагадзілася і намеснік дырэктара — начальнік ўпраўлення кінавідэамастацтва Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Шыцікава.

— Без каардынатара тут не абысціся, — адзначыла яна. — Многае будзе залежыць ад мастацкага кіраўніка. А ў цэлым, канцэпцыя гэтай установы можа складацца з некалькіх пунктаў, — зацікаўлена працягвала яна. — Гэта, у першую чаргу, прэзентацыя беларускай, а надалей і сусветнай анімацыі ў фармаце разнастайных тэматычных праграм. Цэнтр мог бы ўдзельнічаць з пэўнымі пазаконкурснымі паказамі і ў Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, і ў Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” ў Магілёве, і ў Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце.

Цалкам дарэчным кірункам дзейнасці падалося Святлане Уладзіміраўне развіццё творчай майстэрні.

— Цэнтр мне бачыцца месцам, якое злучыць розныя пакаленні, — сказала яна. — Тут знакамітыя аніматары давалі б урокі майстэрства студэнтам, апошнія, нават у якасці валанцёраў, маглі б займацца з маленькімі мастакамі.

Суразмоўца назвала і патэнцыйнасць удзелу Цэнтра ў адмысловых акцыях — напрыклад, наведванне школ з тэматычнымі праграмамі 1 чэрвеня альбо 1 верасня і іншае.

Пад час гаворкі нават было ўзнята пытанне пра месца “прывязкі” ўстановы.

— Важная акалічнасць — наяўнасць глядзельнай залы ў Цэнтры, звярнула ўвагу Святлана Шыцікава, і, адпаведна, не трэба выключаць магчымасці адкрыцця Цэнтра ў адным з кінатэатраў. Прагучала і іншая прапанова ад спецыяліста: пляцоўкай для дзейнасці структуры арганізацыі мог бы стаць і той жа Музей гісторыі беларускага кіно.

“Замах” на ўласную тэрыторыю

Зразумела, са сваёй ідэяй мы не маглі не звярнуцца да кіраўніцтва прадпрыемства “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама.

— Ідэя добрая, але…  — і тут дырэктар Васіль Коктыш літаральна “спусціў” на зямлю інфармацыяй пра тое, па якіх законах сёння дзейнічае ў Мінску і Мінскай вобласці сістэма кінавідэапраката. — Справа ў тым, што прадпрыемства інтэгравана ў сусветную структуру, а значыць адна буйная прэм’ера ў нас крочыць за другой, і мы не маем права парушаць гэты шчыльны расклад. Тое, што мы знаходзімся ў гэтай сістэме, — значная перавага і плён вялікіх высілкаў.

Па-сутнасці, сталічны “Кінавідэапракат” сёння працуе як канвеер — абмаляваў сітуацыю Васіль Коктыш, а значыць, знайсці асобны кінатэатр пад патрэбы Цэнтра не ўяўляецца магчымым.

— У цэлым, наяўных залаў нам катастрафічна не стае, — зафіксаваў яшчэ адну праблему дырэктар. — І калі мы не павялічым іх колькасць, у нас могуць быць праблемы з нашымі партнёрамі, якія патрабуюць павелічэння сеткі лічбавых кінатэатраў.

Паспрабавалі запытаць пра маленькія залы — але і тут праявілася “белая пляма”.

— Гэта яшчэ адзін з недахопаў нашай сістэмы, — адказвае Васіль Пятровіч. — У спадчыну ад Савецкага Саюза нам дасталіся вялізныя гмахі, якія даводзіцца рамантаваць, кардынальна іх не змяняючы. У выніку — дэфіцыт маленькіх залаў, якія больш прыдатныя для падобных ініцыятыў — цэнтраў мастацтваў, тых жа кінаклубаў…

Была закранута ў размове і практыка кіналекторыяў.

— Мы захавалі гэтую сістэму, якая дае нам магчымасць фарміравання адмысловых праграм, але, шчыра кажучы, форма, калі дзеці ідуць на сеанс талакой, або іх строем вядуць, далёкая ад аптымальнай, — пацвердзіў састарэласць фармату супрацы з гледачом дырэктар мінскага прадпрыемства. — Вядома, варыянт сямейнага прагляду кіно — значна лепшы.

Васіль Коктыш нагадаў пра кінатэатр “Піянер”, які захаваў спецыфіку “кінатэатра для дзяцей”, дзе ладзяцца адмысловыя паказы.

— Я мог бы ў гэтай зале паказваць беларускую анімацыю ў дзённы час, але тое, так разумею, не зусім вас задаволіць, — разважаў наш візаві.

Прапанавыя Васілём Коктышам варыянты, прызнацца, і сапраўды не адпавядалі прыгожа абмаляванаму абліччу Цэнтра анімацыйных мастацтваў.

Так, Мінскі “Кінавідэапракат”, што сёння з’яўляецца самаакупным прадпрыемствам, працуе бадай як бізнес-структура. І ў яго шчыльным раскладзе месца для Цэнтра анімацыйных мастацтваў, пра фінансавую паспяховасць якога казаць пакуль цяжка, на жаль, не прадугледжана.

— Сёння час такі, што глядач ідзе, у першую чаргу, на супервідовішчнае кіно, — тлумачыць сваю пазіцыю кіраўнік. — Ён аддае грошы за візуальны атракцыён, бо ўсё астатняе можна спампаваць з Інтэрнэту. На жаль, тое ж арт-хаўснае кіно ў нас не карыстаецца папулярнасцю: “Кінафармат 4 х 4” прыйшлося закрыць з-за яго нерэнтабельнасці. Ад кінатэатра “Цэнтр-відэа” з утульнымі маленькімі заламі ў ГЦ “Сталіца”, дзе дэманстраваліся стужкі аўтарскага кінематографа, адмовіліся па той жа прычыне — ён не акупляўся. І беларускае кіно, будзем шчырымі, знаходзіцца ў гэткім жа становішчы: яму вельмі нялёгка знайсці шлях да гледача.

Магчыма, словы дырэктара ў многім справядлівыя, але ж напрошваецца і аргумент супраць: калі стан спраў такі непрыглядны, дык ці не надышоў час укараняць новае? Ініцыятыва з Цэнтрам анімацыйных мастацтваў акурат і прапаноўвае іншы фармат стасункаў гледача з беларускім кіно, заахвочваючы яго да “пераадкрыцця” айчынных кінатвораў. Многія не ідуць глядзець сваё, бо не вераць у тое, што яно можа быць цікавейшым за галівудскае, аднак ёсць прыклады, здольныя пераканаць людзей у адваротным. Тым больш — у айчыннай анімацыі, якая пастаянна атрымлівае ўзнагроды на прэстыжных міжнародных форумах.

— Ваша ініцыятыва не падаецца бесперспектыўнай, — прызнае Васіль Коктыш, — але Цэнтр мне пакуль не бачыцца ў сістэме кінавідэапраката. На маю думку, ён — больш асветніцкая ўстанова, культурная індустрыя. А значыць — пасуе, прынамсі, да Музея гісторыі беларускага кіно, кінастудыі “Беларусьфільм”. Дарэчы, зараз кінастудыя праходзіць этап рэканструкцыі, дык чаму б яе кіраўніцтву не запланаваць адпаведныя памяшканні пад патрэбы Цэнтра? Я нават гатовы аддаць у гэтую структуру лепшага метадыста, вядома, калі яму будуць плаціць зарплату.

Заручыўшыся абяцаннем, мы вырашылі звярнуцца ў Музей гісторыі беларускага кіно.

Нечаканы хэпі-энд?

Дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў, у адрозненне ад іншых візаві “К”, сустрэў нашу прапанову аб стварэнні Цэнтра анімацыйных мастацтваў спачатку стрымана.

— Калі знойдзецца спонсар, дык толькі тады гэтая ідэя стане вельмі перспектыўнай, — не спяшаўся ён з ацэнкай.

Але потым, адказваючы на пытанні, Ігар Аўдзееў паступова стаў разглядаць яе як жыццяздольную нават на базе музейнай установы.

— У нас дзейнічае клуб прыхільнікаў анімацыйнага кіно “Аніма”. Магу зазначыць, што беларускія аніматары актыўна карыстаюцца магчымасцямі нашай установы, і ў нас рэгулярна ладзяцца тэматычныя паказы з нагоды пэўных падзей. Напрыклад, тыдзень таму прайшло пасяджэнне клуба, прымеркаванае да падвядзення вынікаў Адкрытага расійскага фестывалю анімацыйнага кіно ў Суздалі…

Былі ўзгаданы і адмысловыя цыклы, прысвечаныя ўласна айчыннай анімацыі, і такая практыка Музея, як мультмарафон.

— Мы ладзілі адпаведныя праграмы пад шапкай “Мультмарафон”, дэманструючы творы Фёдара Хітрука, Міхаіла Тумелі… Падборкі іх фільмаў цягам месяца дэманстраваліся па суботах: з кожным разам на паказы прыходзіла ўсё больш і больш гледачоў.

— Ведаю, што на базе вашай установы запланавана і адкрыццё адмысловай студыі для дзяцей? — закранаем і яшчэ адну форму актыўнасці культурнай інстытуцыі па сталічнай вуліцы Свярдлова, 4.

 — На жаль, плошчы, адведзеныя пад гэту ініцыятыву, пакуль не прыведзены ў адпаведны задуме стан, — уводзіць у курс справы Ігар Алегавіч. — Гэта падвальныя памяшканні, і там не вырашана пытанне з гідраізаляцыяй. Але такая ініцыятыва была, так…

Чым больш доўжылася гутарка, тым больш станавілася зразумелым, што Музей пры ўсіх “але” — найбольш зацікаўленая ў Цэнтры анімацыйных мастацтваў установа і найбольш да яго набліжаная: дзве дэманстрацыйныя залы, экспазіцыйная і выставачная пляцоўкі, адпаведная сінематэка, і галоўнае — неабыякавае стаўленне да айчыннага кіно.

Усе, хто калісьці наведваў установу, памятаюць пра частку экспазіцыі, прысвечанай анімацыйнаму фільму “Чароўная жалейка” Міхаіла Тумелі. Як зазначыў Ігар Аўдзееў, знаёмства са стужкай на прыкладзе экспазіцыі выклікае вялікую цікавасць наведвальнікаў да ўласна самога фільма, а потым у іх узнікае яшчэ і жаданне яго паглядзець.

— Сёння, дзякуючы такой прэзентацыі, колькасць паказаў “Чароўнай жалейкі” набліжаецца да 500, — канстатуе ён.  — Гэта значыць, што падобны прыём мог бы спрацаваць і ў дачыненні да іншых карцін, — зноў-такі падкрэслівае эфектыўнасць разнастайных спосабаў расповеду пра анімацыйнае кіно наш суразмоўца.

Так паступова сыходзімся на тым, што Музей гісторыі беларускага кіно ўжо часткова працуе як умоўны цэнтр анімацыйных мастацтваў.

— Прызнаюся, што мы сёння распрацавалі новы праект, прысвечаны беларускай анімацыі, — дзеліцца ўжо свежымі ідэямі ў гэтым кірунку Ігар Аўдзееў. — Улічваючы, што экспазіцыйныя плошчы нашага Музея невялікія, мы вырашылі падысці да прэзентацыі здабыткаў айчыннай анімацыі з дапамогай мультымедыйных сродкаў. Пакуль усіх сакрэтаў раскрыць не магу, але гэта будзе інтэрактыўны атракцыён пад назвай “Залатая кніга беларускай анімацыі”, — інтрыгуе ён.

Ды яшчэ высветлілася, што ў бліжэйшы час — у верасні — сінематэка Музея гісторыі беларускага кіно папоўніцца якаснымі DVD-копіямі ранніх фільмаў беларускіх аніматараў, што трапяць да нас з Дзяржфільмафонду Расіі ў Белых Сталбах.

— Гэта даўні праект, які мы здолелі ажыццявіць, дзякуючы спонсарскай дапамозе, — распавядае дырэктар. — І такім чынам, наша калекцыя беларускай анімацыі наблізіцца да сотні фільмаў! Сапраўды, мы зможам камплектаваць праграмы, напрыклад, па дзесяцігоддзях, і дэманстраваць іх у рэжыме нон-стоп,  — нечакана навіны аб набыцці “свежых” копій “залатой калекцыі анімацыі” наблізілі праект “К” амаль да хэпі-ўвасаблення. У Музеі, лічы, ёсць база для стварэння Цэнтра!

— Бачу цяпер, што Цэнтр цалкам мог бы з’явіцца ў нашым Музеі, — пагаджаецца і Ігар Аўдзееў, — але, у такім выпадку, нам неабходны супрацоўнік па гэтым кірунку. Бо сённяшні штатны расклад нашай установы — тры чалавекі. Не трэба забывацца на тое, што без увагі нельга пакінуць ігравое і дакументальнае кіно.

Вось тут бы і спатрэбіўся той самы метадыст з “Кінавідэапракату”, але, зразумела, што ўсё так проста не робіцца. Музей гісторыі беларускага кіно — сам філіял Музея тэатральнай і музычнай культуры, і тое накладвае свае абмежаванні. Ды, увогуле, ці правамерна ўсё рашаць такім чынам — “вось вам метадыст, і на гэтым скончым”?

Зразумела, што праблемы — пры тым, што мы адшукалі патэнцыйнае месца “прывязкі” Цэнтра, — толькі пачынаюцца. Па-першае, нягледзячы на ўсе высілкі супрацоўнікаў Музея, відавочна, што “разарвацца” яны не здолеюць. Тут патрэбна і дадатковая адзінка ў штатны расклад, і, будзем шчырымі, пэўныя фінансавыя ўкладанні. А куды змясціць тую вытворчую базу, пра якую казалі студэнты? Творчую лабараторыю?

У цэлым, хоць тэарэтычна Музей і пагадзіўся ўзяць на сябе функцыі Цэнтра, гэта не адмяняе магчымасці з’яўлення падобнай структуры ў іншым фармаце — як канкрэтнай арганізацыі ў асобным будынку, дзе пэўная прастора прапануе наведвальнікам адпаведную "начынку". Давайце будзем гаварыць шчыра: пры ўсіх вартасцях Музея, тое, пакуль віртуальнае, “прызямленне” Цэнтра на ягоную пляцоўку, — усяго толькі кампраміс. Не будзем адмаўляць і таго, што пакуль — найлепшы.

Напрыканцы хочаца ўзгадаць фразу, з якой пачалася размова з Ігарам Аўдзеевым: “Калі знойдзецца спонсар, дык гэтая ідэя стане вельмі перспектыўнай”. Сапраўды, у нашага праекта выявіліся зусім нядрэнныя тэндэнцыі. І калі знойдзецца той самы спонсар  — яны значна ўзрастуць. З аднаго боку, ідэя стварэння Цэнтра дазволіла нам убачыць наноў магчымасці беларускай анімацыі, з іншага — яе недахопы, якія, у пэўнай ступені, можна выправіць.

Галоўнае, каб новая структура ў выніку нарадзілася, але толькі не “для птушачкі”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"