Рамонт і праекты

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Што пабачым у абноўленым Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры?

Нягледзячы на тое, што ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры з 15 сакавіка бягучага года поўным ходам ідзе капітальны рамонт, супрацоўнікі ўстановы плённа працуюць над стварэннем новых экспазіцый. Дырэктар музея Лідзія
МАКАРЭВІЧ распавяла карэспандэнту "К", што ж новага чакае наведвальнікаў пасля ўзнаўлення работы музея.

— Зараз мы працуем над навуковым праектаваннем асноўнай экспазіцыі, дзе будзе адлюстраваны літаратурны працэс — ад ХІ да ХХІ стагоддзя. Першыя залы будучай экспазіцыі, якія адкрыюцца пасля завяршэння капітальнага рамонту, распавядуць пра гісторыю старажытнай беларускай літаратуры (ХІ — ХVІІІ стст.). Зразумела, стварэнне экспазіцыі мае адбывацца паэтапна. Акрамя таго, увазе наведвальнікаў пасля завяршэння рамонтных работ мы зможам прапанаваць і часовыя выстаўкі, якія стануць вынікам міжнароднага супрацоўніцтва з музеямі Расіі, Украіны, Польшчы ды іншых краін.

/i/content/pi/cult/421/8641/2-6.jpeg

Працягваецца праца і па стварэнні Музея-дачы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які будзе філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і адкрые свае дзверы, як запланавана, у чэрвені 2014 года, да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Нагадаем перадгісторыю. У 2010-м у музеі была створана літаратурна-дакументальная выстаўка "Васіль Быкаў. Шлях, вызначаны лёсам…", дзе былі прадстаўлены асабістыя рэчы, фотаздымкі, рукапісы пісьменніка. Экспазіцыя стала нагодай для далейшай музеефікацыі мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю Васіля Быкава. І прапанова Ірыны Міхайлаўны Быкавай аб стварэнні музея на дачы была падтрымана кіраўніцтвам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Будучы музей, як ужо пісала "К", уяўляе з сябе двухпавярховы будынак з шасцю невялічкімі памяшканнямі: гасцёўня, кухня, кабінет пісьменніка і два пакоі для адпачынку. Агульная плошча — 97 м2, у якую ўваходзіць і гараж. Зараз мара музейшчыкаў — дамова аб перадачы музею аўтамабіля ГАЗ-24 "Волга", які належыў Васілю Уладзіміравічу.

Пакуль рыхтуецца праект капітальнага рамонту дачы з яе адаптацыяй пад музейную ўстанову і добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры працуюць над зборам экспанатаў, падрыхтоўкай навуковай канцэпцыі экспазіцыі, займаюцца сістэматызацыяй матэрыялаў, перададзеных Ірынай Міхайлаўнай для будучай экспазіцыі.

— Мы будзем імкнуцца да максімальнай мемарыялізацыі дачы пісьменніка, — кажа Лідзія Макарэвіч. — Гэта значыць, што тое аблічча, якое мела лецішча пры жыцці Васіля Быкава, будзе амаль поўнасцю захавана. Нават прылеглая тэрыторыя застанецца нязменнай: альтанка і, безумоўна, дрэвы, пасаджаныя самім творцам. Ірына Міхайлаўна перадала музею праект азелянення дачы 1984 года, які будзе пакладзены ў аснову добраўпарадкавання тэрыторыі. Але самая галоўная задача, якую ставяць перад сабой музейшчыкі, — максімальна сабраць матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменніка, якія знаходзяцца як у прыватных асоб, так і ў дзяржаўных установах, з мэтай стварэння паўнавартаснай музейнай калекцыі для будучых праектаў. І з гэтай нагоды мы заклікаем усіх, хто валодае якімі-небудзь матэрыяламі або інфармацыяй, звязанымі з імем Васіля Быкава, падзяліцца імі з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Мы будзем рады атрымаць лісты з перапіскі з Васілём Уладзіміравічам, ягоныя фотаздымкі, рукапісы і іншыя праекты. Так што наперадзе ўсіх нас чакае спасціжэнне і адкрыццё новых старонак з жыццёвай і творчай біяграфіі пісьменніка.