І вянок сплятуць, і на цымбалах сыграюць...

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Лета ў Беларусі, як вядома, — фестывальная пара. Планы мерапрыемстваў складаюцца ўжо цяпер.

З 27 па 30 чэрвеня ў Бабруйску адбудзецца чарговы фестываль "Вянок дружбы". Як паведаміла нам начальнік аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама Ірына Роскач, рэжысура фестывалю прынцыповых змен не зведае, але пашырыцца кола краін-удзельніц. Фестывальная сцэна ў першыню прыме артыстаў з Ізраіля і Казахстана. Пасля васьмігадовага перапынку ў Бабруйску будзе прадстаўлена Германія. Новым складнікам праграмы стане навуковая канферэнцыя. Па падрабязнасці пра новы фармат форуму — у "гарачай лініі" на старонках 10 — 12.

25 мая ў Мінску адбудзецца V Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў "Вясновы букет". Ён разгорнецца ў сталічным Лошыцкім парку. Забяспечыць фарміраванне і ўдзел у фэсце творчых дэлегацый даручана абласным упраўленням культуры і сталічнаму гарвыканкаму. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Сергей Мядзведзеў у размове з нашым карэспандэнтам адзначыў, што папулярнасць фестывалю год ад году ўзрастае. Летась у ім удзельнічалі прыблізна 300 чалавек, ёсць падставы лічыць, што сёлета будзе болей. Магчыма, на фэсце будуць прадстаўнікі беларускай дыяспары.

7 — 9 чэрвеня XVI Міжнародны фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік" прымуць Паставы. Начальнік аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Аксана Сакалова адзначае пазітыўную дынаміку ў развіцці фестывалю. Сёлета тут, акрамя музыкі, будзе прадстаўлена яшчэ і выяўленчае мастацтва. Жыхары Пастаў і госці пабачаць творы ўдзельнікаў леташняга мастацкага пленэра які ладзіўся ў гэтых мясцінах. На карысць Паставаў папрацуюць каменерэзы. Чакаецца, што ўдзел у фэсце возьмуць не менш як дзесяць замежных краін.