Дэкупаж для яйка

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Настоеныя на альховай кары ды ржавым жалезе

Напярэдадні Вялікадня, які католікі і пратэстанты святкуюць заўтра, Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі падрыхтаваны адметны арт-праект — “Фарбы велікоднай радасці”. На ім прадстаўлена больш за 200 велікодных яек — ці не галоўнага атрыбута вялікага хрысціянскага свята: Уваскрэсення распятага на крыжы Ісуса Хрыста.

У хрысціянскай традыцыі існуюць паданні пра паходжанне пісанак і фарбаванак. Адно з іх сведчыць, што Сам Збавіцель даў вартаўнікам па яйку ў знак сапраўднасці Свайго ўваскрэсення, як напамін пра тое, што сапраўдная велікодная радасць неаддзельная ад пакутніцтва, ад хрэснага шляху да Галгофы.

/i/content/pi/cult/420/8630/1-1.jpeg

На нашых землях здаўна для вырабу велікодных яек народнымі і прафесійнымі майстрамі выкарыстоўваліся дрэва і кардон, метал і камень, фарфор і шкло, тканіна і воск. Больш за тое: сёння можна сустрэць нават цукровыя ды шакаладныя вялікодныя яйкі. І ўсё ж самымі распаўсюджанымі заўжды заставаліся курыныя.

Поруч са звычайнай афарбоўкай яек, якія называюцца фарбаванкамі, у беларусаў, як і ў іх суседзяў (найперш — літоўцаў, палякаў ды ўкраінцаў), выкарыстоўваліся дзве тэхнікі для стварэння пісанак: васкаванне ды гравіраванне. Першая — найбольш старажытная і шырока распаўсюджаная, сутнасць яе заключаецца ў нанясенні васковага ўзору на паверхню яйка для захавання яго натуральнага колеру пры пагружэнні ў фарбавальнік. Наносілі васковы ўзор спецыяльным самаробным інструментам — “шпількай” — палачкай з маленькім цвічком на канцы.

Да прыкладу, чорна-карычневы колер атрымлівалі настоем альховай кары, іржавага жалеза, капусным расолам. Пасля афарбаваныя яйкі вымалі з настою, падсушвалі, падагравалі і сціралі васковы ўзор. Менавіта такім чынам створаны шэраг велікодных яек, прадстаўленых на выстаўцы. Яны паходзяць з мястэчка Сапоцкін, што на Гродзеншчыне, і выкананы майстрыхай Геленай Зайко ў 2-й палове ХХ стагоддзя па характэрнай для гэтага рэгіёна традыцыі.

/i/content/pi/cult/420/8630/1-2.jpeg

Узор на пісанках — ад самага простага кропкавага да складанага расліннага. Дзякуючы экспанатам можна даведацца, што на беларускіх землях традыцыйна бытавала старажытная кампазіцыя са схільнасцю да геаметрычных і моцна стылізаваных раслінных форм. Невыпадкова Сапоцкінскае традыцыйнае майстэрства сёння займела статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны.

Найбольш пашыраны і любімы матыў сапоцкінскіх майстрых — круг-разетка, які размяшчаецца па цэнтры яйка; свабодныя плошчы запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтры разетак трапляюць на канцы яйка. Такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка на канцах і па крузе наносіць узор з кропелек. Традыцыйныя малюнкі на велікодных яйках у Сапоцкіне выконваюцца па старажытных матывах: птушкі (курыцы), кветкі (пераважна — рамонкі, дзьмухаўцы), галінкі яліны.

У нашы дні ў Гродне працягваюць старадаўнія традыцыі. Так, цудоўныя велікодныя пісанкі вырабляе Алена Чумрай, якая працуе ў тэхніцы васкавання: абкручвае яйка ніткамі, расфарбоўвае яго і стварае сучасны дэкупаж. Да слова, у тэхніцы дэкупаж яйка ўпрыгожваецца папяровай сурвэткай або выцінанкай.

У сваю чаргу, майстар Марына Ярэмчык распрацавала цікавы аўтарскі прыём дэкору і тэхналогію ўпрыгожання велікодных яек саломкай. Выкананыя з круглых саламяных трубачак, зрэзы ствараюць уражанне найтонкіх карункаў на паверхні яйка. Невыпадкова ў Сярэднявеччы саломку называлі танным золатам. Яе выкарыстоўвалі ў аздабленні манастыроў, што жылі па законах святога Францыска Асізкага.

Вылучаюцца прыгажосцю і велікодныя яйкі Таццяны Калянкевіч, якая працуе з бісерам, шклярусам, стужкай, тканінай у тэхніках народнага, ажурнага ткацтва. Як вядома, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя вышыўка бісерам трывала ўвайшла ў царкоўнае мастацтва, а напрыканцы стагоддзя стала традыцыйным рукадзеллем у жаночых манастырах, прычым велікодныя яйкі рабіліся і на продаж.

Яшчэ адной адметнасцю выстаўкі “Фарбы велікоднай радасці” можна лічыць прадстаўленыя на ёй букеты з вербных галінак, традыцыя стварэння і аздаблення якіх паходзіць з першых хрысціянскіх часоў. Мяркуецца, што пасля смерці Хрыста ўся прырода была ў жалобе, а вавілонская вярба, пачуўшы гэтую страшную вестку, уздыхнула: “Ён памёр… Цяпер смутныя мае галінкі звісаць будуць да водаў Еўфрата і плакаць слязамі світання…” У прыватнасці, на выстаўцы можна азнаёміцца з калекцыяй гродзенскіх “пальм”, вырабленых роднымі сёстрамі Вандай Лапацінскай, Данутай Альшэўскай, Чаславай Чарадніковай, Дамінікай Кавалёнак. Гэта “пальмы” двух відаў — круглыя і аднабаковыя. Сёстры рабілі пальмы з самага дзяцінства, выкарыстоўвалі жывыя кветкі, якія цвілі ў гэты час (амарыліс, пралеску), а таксама і каляровыя ніткі ды фанцікі, з папяровай паперы рабілі вошчаныя кветкі.

У 2002-м у Гродне было ўзноўлена свята Казюкі. І кожны год на святочным кірмашы можна ўбачыць вербы, зробленыя сёстрамі ды іншымі майстрамі. Пасля свята галінкі беражліва захоўваюць цягам года. Іх размяшчалі каля абразоў, а цяпер ставяць у вазы і лічаць, што яны будуць ахоўваць дом пад час навальніц…

Галіна ХАМКО, старшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі