Не шкадаваць, а любіць...

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — тут усе вітаюцца, нават з незнаёмымі. Калі табе насустрач рушыць чарада дзетак, дык літаральна кожнае з усмешкай вымавіць: “Добры дзень!..” І такая ветласць — зусім не выпрацаваны выхаваннем рытуал. Бо адна з “асаблівасцей псіхафізічнага развіцця” гэтых дзяцей заключаецца менавіта ў тым, што яны не ўмеюць быць крывадушнымі. Таму калі ў дзяўчынкі, якую ты заспеў за прыбіраннем калідора інтэрната, сёння кепскі настрой, яна не будзе гэтага хаваць за “дзяжурнай” усмешкай. Дарэчы, ва ўсіх іншых дзетак, сустрэтых мною, настрой быў добры.

Юра малюе прыкладна тое самае, што і ўсе дзеці: зялёныя краявіды, марскія караблі, клоунаў... І анёла, які спявае. Атрымліваецца прыгожа, у чым можна пераканацца, агледзеўшы імправізаваную выстаўку ў калідорах інтэрната. Калі б не яна, наўрад ці, убачыўшы самога Юру, я мог бы ўявіць, што гэты хлопец увогуле можа маляваць. Для малявання, здавалася б, патрэбны, прынамсі, нармальныя рукі...
Задача, якая ўскладзена на гэтую ўстанову, што месціцца ў зацішным і маляўнічым кутку Гродзеншчыны на тэрыторыі былой панскай сядзібы з гожым мадэрнавым палацам, прыгажэзнымі кветнікамі і нават возерам з пляжам, — не даць адпачатнай хваробе кардынальна і трагічна вызначыць лёс дзіцяці, стварыць яму добрыя ўмовы для побыту — не, нават не побыту, а паўнакроўнага жыцця. Жыцця, у якім знайшлося б месца і спорту (выхаванцы інтэрната пастаянна бяруць удзел у дзіцячых параалімпійскіх гульнях), і падарожжам, і творчай самарэалізацыі.
Дом-інтэрнат, які не можа паскардзіцца ні на сваю матэрыяльную базу, ні на недастатковую добраўпарадкаванасць (яна, між іншым, дасягаецца і высілкамі выхаванцаў — удзел у працатэрапіі ў выглядзе, скажам, прыбірання лісця або догляду клумбаў яны прымаюць з ахвотай), дае гэтыя магчымасці. Творчасцю тут можна займацца, бадай, на любы густ — і спяваць, і плесці бісерам, і нават танчыць...
Сяргею больш за ўсё даспадобы саломкапляценне. Праца даволі карпатлівая, але затое, калі ў яе выніку атрымліваецца прыгожая кветка, не нарадуешся. Радуюцца і лекары ды кіраўнік гуртка саломкапляцення Марыя Дземідовіч— такім чынам юны майстар распрацоўвае маторыку рук.
— Паглядзіце — у нашай Ірынкі залатыя рукі! — усклікае намеснік дырэктара Дома-інтэрната Ірына Бабіч, звяртаючы нашу ўвагу на сціплае дзяўчо. — Яна такія неверагодныя вышыванкі робіць, што ўсе дзіву даюцца.
Чуючы пахвальбу на свой адрас, шаснаццацігадовая Ірына трохі сарамліва, але радасна пасміхаецца. А ў наступным кабінеце культарганізатар Ала Яцэвіч знаёміць нас з чароўнай спявачкай Дашай... Сярод больш чым 230-ці жыхароў гэтага дома, якія прыехалі сюды амаль з усёй Беларусі, талентаў не бракуе.
Работнікі дома-інтэрната ахвотна абвяргаюць стэрэатыпы адносна “праблемнасці” такіх дзетак. І ў адзін голас сведчаць, што пачуцці хараства і дабрыні ім уласцівы ці не ў большай меры, чым “звычайным” аднагодкам. Кветкі, якія раскашуюць тут у цёплую пару года, становяцца крыніцай захаплення, а не ахвярай вандалізму. А калі аднойчы ўвосені на тэрыторыю былой сядзібы патрапіў бусел з паламаным крылом, яго кармілі і даглядалі ўсім інтэрнатам.
Слухаючы пранікнёны расповед Ірыны Канстанцінаўны пра тое, якое мора пачуцяў выклікае ў дзетак сузіранне першага палёту птушанят, думаеш пра мужнасць і чуласць супрацоўнікаў інтэрната. Чуласць шчырую, не “штучна-”прафесійную”.
Для таго, каб працаваць тут, патрэбны адмысловы дар — папраўдзе Божае пакліканне. Таму многія выхавальнікі надоўга не затрымліваюцца. Але для іншых суіснаванне побач з дзецьмі-інвалідамі становіцца неад’емнай, найважнейшай часткай жыцця. Адкуль бярэцца ў гэтых людзей такая нястомная, штохвілінная цярплівасць?
— Напачатку працаваць тут, канешне, вельмі цяжка, — прызнаецца Ірына Канстанцінаўна. — Але потым прызвычайваешся. І пачынаеш проста любіць гэтых дзетак. Не шкадаваць, а менавіта любіць — такімі, якія яны ёсць.
Адносіны паміж дзецьмі і персаналам тут часам усталёўваюцца папраўдзе сямейныя. Не ведаю, ці ва ўсіх інтэрнатах работнікі маюць завядзёнку забіраць дзетак дахаты на выхадныя і святы. А тут гэта — звычная з’ява. А адна жанчына, што працуе тут на кухні, настолькі зблізілася душою з выхаванцам інтэрната, што збіраецца яго ўсынавіць.
Яўген Майсей, зусім малады яшчэ хлопец, некалі быў рэжысёрам Шчучынскага дома культуры. А потым, з прычыны розных жыццёвых абставін, стаў працаваць у інтэрнаце. Прычым працуе ў палатах, дзе ляжаць дзеткі з самымі сур’ёзнымі захворваннямі, адзін пералік якіх навявае жуду; дзеткі, якія не ведаюць сваіх імёнаў, не могуць рухацца самастойна, а часам і наогул не выяўляюць ніякай рэакцыі на рэчаіснасць.
— Але калі пастаянна, з дня ў дзень займацца з гэтымі дзецьмі, з цягам часу яны развіваюцца, — захоплена распавядае Яўген. — Раней адзін хлопчык ляжаў, як непрытомны, а цяпер ён мяне пазнае, усміхаецца, цягне да мяне ручкі і ўжо нават сам можа ўстаць.
Па словах Ірыны, зносіны, уважлівыя і чулыя, становяцца для гэтых дзетак выдатнай тэрапіяй. Іх развіццю дапамагае і музыка, і нават пяшчотныя дотыкі:
— Калі падыйсці да такога дзіцяці і ціхенька яго пагладзіць, часам сама заўважаеш, як гэты скаваны стан трохі пераадольваецца.
... Не хацелася ілюстраваць гэты матэрыял шакіруючымі здымкамі — хаця зрабіць іх у доме-інтэрнаце можна было безліч. Бо галоўнай, найглыбейшай рэакцыяй на ўбачанае быў зусім не шок. А ўсведамленне таго, што, нягледзячы ні на якія “асаблівасці развіцця”, гэтыя дзеці... застаюцца дзецьмі. Падабенстваў з іх “здаровымі” аднагодкамі яны маюць куды больш, чым адрозненняў.
— Папрацаваўшы тут, нязменна прыходзіш да высновы: жыццю трэба радавацца, — кажа Ірына. — Дый як можа быць іначай, калі ты бачыш усмешкі на тварах гэтых дзяцей?

Падрыхтаваў Ілля СВІРЫН