За кулісамі гастролей

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Тэатр “Эстонія”: чаму тут няма тых, каго рэжысёр “не бачыць”, а дырыжор — “не чуе”?

Нядаўнія гастролі Нацыянальнай оперы “Эстонія” (сёлета яе будынку спаўняецца сто гадоў) на сцэне Вялікага тэатра Беларусі пакінулі шмат не толькі ўласна мастацкіх уражанняў, але і роздумаў пра тое, што няблага пераняць, чаму павучыцца ў нашых партнёраў. Бо тут — і адрознае фарміраванне рэпертуару, і цікавыя ідэі ў прасоўванні спектакляў, і ўменне выявіць лепшае, схаваўшы ад неспецыялістаў некаторыя прагалы, і стаўленне да артыстаў.

"Мышыныя гісторыі": цягнуў дзед рэпку...

У сваёй рэпертуарнай палітыцы тэатр “Эстонія” кіруецца найсучасным падыходам. Ён смела бярэ ў рэпертуар не надта “раскручаныя” на постсавецкай прасторы оперы і балеты. А звяртаючыся да неўміручай класікі, трывала прапісанай на ўсіх сцэнах свету, шукае адметныя да яе падыходы. Той жа “Шчаўкунок” П.Чайкоўскага ідзе ў іх з сучаснай амерыканскай харэаграфіяй Бэна Стывенсана. І гэта аказваецца сапраўдным “трапляннем у дзясятку” як для тамтэйшай балетнай трупы, так і для гледачоў, бо эстонскія танцоўшчыкі, трэба прызнацца, не надта спрактыкаваныя ў балетнай класіцы. Як можна было заўважыць па гастрольных спектаклях, рэкламных роліках і фотаздымках, там ёсць літаральна адзінкавыя салісты (дарэчы, двое з апошніх — калісьці беларускія артысты: Алена Шкатула і яе муж Аляксандр Канаплёў). Але як умела “прыхаваны” недахопы, уласцівыя, між іншым, ледзь не ўсёй заходняй харэаграфіі, больш прывучанай да мадэрна! Ледзь не ўся першая дзея “Шчаўкунка” пабудавана на адметных пластычных характарыстыках, пантаміме з элементамі народна-побытавых танцаў. Эфект — каласальны! У кожнага з артыстаў — свой яркі вобраз, дасягнуты без асаблівых фізічных высілкаў. Гледачы — у захапленні! “Дадатковы бонус” — антракт, калі з закулісся з’яўляецца артыстка кардэбалета ў сцэнічным строі мышы, зробленым як роставая лялька на пуантах, і пачынае раздаваць цукеркі, фатаграфавацца з ахвотнымі.

/i/content/pi/cult/420/8628/2-2.jpeg

На такім глядацкім уздыме пачынаецца другая дзея, дзе неакласічнай харэаграфіі куды больш. Але працяглая сольная партыя Машы падзелена паміж Снежнай каралевай і Феяй Дражэ: Шчаўкунок, ператварыўшыся ў Прынца, па чарзе танцуе з кожнай. У выніку ў салістак — усяго па адным сольным фрагменце, падрыхтаваць і выканаць якія значна прасцей. А Маша, якую дзеці ўжо паспелі палюбіць, сядзіць на казачным троне тварам да гледачоў і гэтак жа, як яны, назірае за сцэнічным прадстаўленнем. Іншымі словамі, гераіня паказвае дзятве прыклад, як трэба паводзіць сябе ў час прагляду. Выхаваўчым прыёмам успрымаецца і тое, што Маша атрымлівае ў падарунак пуанты — таксама прыклад для пераймання, своеасаблівая рэклама балетнай школы ці студыі! На ідэю сямейнага спектакля працуе і новае лібрэта. Каляды і Новы год паўстаюць як святкаванне, дзе на роўных удзельнічаюць усе пакаленні: бацькоў і дзяцей, дзядоў і ўнукаў. А з-за таго, што кожны герой мае сваю вытрыманую сюжэтную лінію і ўсе яны развіваюцца адначасова, глядзець спектакль цікава не толькі адзін раз, але і двойчы-тройчы. Ідэальны балет для першага ў жыцці культпаходу!

Рухавік — рэклама

Рэклама ў эстонцаў — сапраўдны рухавік. На кожны спектакль — шыкоўны буклет, прычым даволі танны ў параўнанні з коштам нашых праграмак, у якіх інфармацыі ды прыцягальных “карцінак” куды менш. Бясплатна — буклеты пра тэатр. А чаму наш тэатр адмаўляецца ад такой традыцыйнай, але эфектыўнай меры, як размяшчэнне на стэндах якасных фота са спектакляў? Так, на экране ў фае рэгулярна пракручваюцца ролікі з фрагментамі бліжэйшых пастановак, але фота дае магчымасць разглядзець у патрэбным табе тэмпе. Зацікавіў падарункавы набор DVD з “нарэзкай” са спектакляў, хаця яна магла б быць і больш красамоўнай.

/i/content/pi/cult/420/8628/2-1.jpeg

На рэкламу, як прызнаўся дырэктар эстонскай опернай трупы Март Мік, працуе і прыём дубліравання назваў. Калі адзін і той жа сюжэт увасабляецца ў розных жанрах (да прыкладу, паказаныя ў нас опера “Манон Леско” Дж.Пучыні і балет “Манон” на музыку Ж.Маснэ), дык гэта вымушае публіку схадзіць на абодва спектаклі. Дадамо: а таксама прачытаць літаратурную першакрыніцу (у дадзеным выпадку — раман француза А.Ф. Прэво) і, што вельмі важна, параўнаць усе варыянты. Дарэчы, “дзве Манон” з іх тэмай “каханне ці грошы” таксама набліжаюцца да сямейных спектакляў, але разлічаных на больш сталую аўдыторыю — падлеткаў і моладзь з бацькамі. На гэта працуюць і ўласна пастаноўчыя сродкі: сучасная харэаграфія К.МакМілана, якой намалявана ХVIII стагоддзе, ды яшчэ больш спрэчны перанос опернай дзеі ў 1960-я, здзейснены латышом А.Жагарсам.

У адрозненне ад большасці нашых пастановак, кожная эстонская мае дакладны “глядацкі прыцэл”.

Аліса ў закуліссі: да з’явы “дакраніся”

Былі ў эстонцаў і мастацкія “разыначкі”, некаторымі з якіх можна было б упрыгожыць і наш оперна-балетны “шмат’ярусны торт”. Сярод іх — не толькі цікавыя знаходкі, але і проста адрозненні ад нашых звычак, карысныя для мастацкіх вынікаў. Так, мы ўжо прывыклі, што наш аркестр сядзіць у опернай яме наступным чынам: струнныя — злева, духавыя — справа. А сімфанічны ў філармоніі — іначай: скрыпкі — злева, віяланчэлі — справа, духавыя — ззаду. Вядома, тут не можа быць адзінага “рэцэпту”: кожны дырыжор выбірае свой варыянт. Эстонскі оперны аркестр сядзеў прыблізна так, як наш філарманічны. І гэта рэзка змяніла яго акустычнае ўспрыняцце! Струнныя загучалі больш каларытна ды насычана, больш “аб’ёмна” ў прасторы, духавыя — мякка, без націску. Усё разам набліжалася да непадзельнага міксту, прытым што ў нашым аркестравым гучанні кожная партыя часта ўспрымаецца паасобку, бы нязвядзеныя трэкі, без агульнага абертонавага паветра. Можа, і сапраўды нам варта прадоўжыць эксперыменты з рознай пасадкай музыкантаў? Бо дасягненне балансу паміж салістамі і аркестрам, а таксама паміж асобнымі аркестравымі групамі ў нас бывае не заўсёды простым.

Разам з тым, спектаклі тэатра “Эстонія” сталі яскравым прыкладам вялізнай ролі дырыжора ва ўсіх гэтых працэсах. Бо пакуль за пультам стаяў Юрый Альпертэн, усё было ідэальна. А калі на балетах яго змяніў больш маладзейшы калега, аркестр было не пазнаць.

Добрай опернай акустыцы спрыяў і наступны прыём, не менш просты па ўвасабленні: устаноўка на сцэне так званай скрыні з адзінай адкрытай “паверхняй” — у бок залы. На гэта “К” звяртала ўвагу ўжо не на адным гастрольным паказе: госці імкнуцца засцерагчы сябе ад небяспекі быць непачутымі, і сцэнаграфічныя “хітрыкі” дапамагаюць ім спяваць без напружання, берагчы вакальны апарат. Нашы ж спевакі (асабліва калі на сцэне, наадварот, змяшчаецца шмат рэчаў, што паглынаюць гук) часам вымушаны фарсіраваць голас, што вядзе да яго больш хуткага старэння.

І тут ужо пачынаюцца тэатральныя праблемы сацыяльнага парадку. У оперы Таліна — менш за два дзясяткі салістаў. Але ўсе — экстракласа. У гэтым пераканаў, да прыкладу, другі спектакль оперы “Манон Леско”, дзе паўстаў іншы склад артыстаў, не менш шыкоўны за папярэдні. Яны, дарэчы, так і пазіцыянуюць сябе: трупа, дзе няма другіх і трэціх складаў. А ў нас? Калі падлічыць, колькі “спеўных салістаў”, — атрымаецца не больш. А што ж астатнія? Кагосьці рэжысёр “не бачыць”, дырыжор “не чуе”, таму і ў спектаклях яны не ўдзельнічаюць. Іншыя ж — сталі ахвярай няпростых акустычных умоў. Дык як разарваць гэтае замкнёнае кола? Бо ў ім — і розныя фінансавыя ўмовы нашых і эстонскіх як артыстаў, так і гледачоў.

У Таліне, па словах гасцей, білеты каштуюць менш, заробкі ж артыстаў — вышэйшыя. Вядома, адным росчыркам пяра лічбачкі не прымалюеш, але задумацца ёсць над чым. Тым больш, што ў Эстоніі, як і ў нас, дбаюць, каб артысты і гледачы не разбягаліся ад тэатра хто куды, а імкнуліся ў яго трапіць. Праўда, у іх умовы для тых і гэтых — адрозныя ад нашых. Сярод гледачоў — больш, чым у нас, прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх краін. Але і “ўцякаць” артыстам прасцей. Наш тэатр у гэтым сэнсе больш “абаронены”. Ды, пэўна, поўны спакой, спачыванне на лаўрах — не для творчай установы. А вось пастаяннае імкненне навучыцца чамусьці яшчэ, выкарыстаўшы прыклад чужых поспехаў і памылак, — гэта “па-творчаму”. Невыпадкова беларускі тэатр заключыў так шмат пагадненняў аб далейшым супрацоўніцтве з падобнымі яму замежнымі ўстановамі. Так трымаць!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"