На “Пісьмянковым лузе”…

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Касцюковіччына: слова з Прыбяседдзя

Касцюковіцкі край — літаратурны. Адсюль, з Прыбяседдзя, вядуць радавод Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Алесь Пісьмянкоў, Аляксей Русецкі, Васіль Хомчанка, Леанід Левановіч... Тут традыцыйна ладзіцца прыгожае, чароўнае Свята паэзіі і аўтарскай песні.

Пачыналася яно ў 2002 годзе, калі аматары і майстры мастацкага слова, у тым ліку і з суседніх раёнаў, чыталі свае вершы са сцэны раённага Цэнтра культуры. Мерапрыемства называлася тады “Крыніцы душы”. Апошнім разам у ім браў удзел наш зямляк Алесь Пісьмянкоў. Тады ніхто не ведаў, што наступным разам гэтыя сустрэчы будуць прысвечаны яго памяці…

Праз два гады Алеся не стала. У 2007-м, у гонар 50-годдзя з дня нараджэння паэта, свята адбылося пад назвай “Зорка, імя якой — Алесь, збірае сяброў”.

У 2011-м Свята паэзіі і аўтарскай песні прайшло на беразе Бесядзі, у вёсцы Бялынкавічы, насупраць дома, дзе нарадзіўся літаратар. Мерапрыемства стала называцца “Пісьмянкоў луг”. Летась яно займела статус абласнога. Зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка да чарговага мерапрыемства, маштаб якога ўжо значна выходзіць за рамкі абласнога. З кожным годам расце колькасць і геаграфія ўдзельнікаў. Сёлета на “Пісьмянковым лузе” збяруцца паэты і барды не толькі з прыбяседскага краю. У свяце прымуць удзел прадстаўнікі Бранскай вобласці Расіі, Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Заяўкі на ўдзел у свяце паступаюць і да гэтага часу…

Наталля ДРОБЫШАВА, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” пры Касцюковіцкай ЦБ імя І.Г. Чыгрынава