16 сакавіка ў Маскве праходзіў III Адкрыты Усерасійскі конкурс дзіцяча-юнацкай творчасці “Музычная Масковія”, заснавальнікамі якога сталі Урад расійскай сталіцы, дэпартаменты адукацыі і мастацтва, Маскоўскае музычнае таварыства.
У намінацыі “Аркестры” выступіў аркестр рускіх народных інструментаў ДШМ № 2 Оршы, які стаў лаўрэатам Другой прэміі.
Узорны калектыў быў створаны ў 2003 годзе. Менавіта з гэтага моманту аркестрам кіруе выкладчык школы Ігар Лоскутаў — прафесіянал высокага кшталту. Ён — і кампазітар, і аранжыроўшчык, і інструментоўшчык большай часткі канцэртнага рэпертуару.
Гэта — далёка не першая паездка ў Расію: наш аркестр выступаў у Смаленску, Санкт-Пецярбургу, Вялікім Ноўгарадзе… У Маскве выхаванцы Лоскутава сапернічалі з лепшымі музычнымі калектывамі расійскай сталіцы і Маскоўскай вобласці. Другая прэмія — безумоўны поспех юных аршанцаў.
Марына ВОЛЧАК, канцэртмайстар ДШМ № 2
Орша