Квадратура якасці

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Якасць+беражлівасць=творчасць. Пагаджаюся, формула не прэтэндуе на арыфметычную дакладнасць. Ведаю, у сферы культуры і мастацтва рэй вядзе не алгебра, а гармонія. Аднак неаспрэчным падаецца і тое, што катэгорыі духоўныя існуюць (і досыць арганічна) паралельна з паказчыкамі, так бы мовіць, прагматычнага кшталту: сабекоштам, рэнтабельнасцю, канкурэнтаздольнасцю, аптымізацыяй, мадэрнізацыяй і рэсурсазберагальнасцю. Калі ў сельскім клубе не працякае дах, а з шыбаў не свішча вецер — гэта беражлівасць, забяспечаная планавым фінансаваннем капрамонту. І калі ў канцэртнай зале пад час феерычнага канцэрта цёпла не толькі ад гарачых глядацкіх эмоцый — гэта высокая якасць абслугоўвання. А ўсё разам — штодзённая творчасць аддзела культуры, якая яскрава адсочваецца і ў духоўных, і ў гаспадарчых праявах. І не толькі ў Год беражлівасці... Днямі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч заўважыў, што прыярытэты мадэрнізацыі эканомікі — якасць і беражлівасць. У нашым выпадку гаворка — пра беражлівую эканоміку якаснай cельскай культуры.

Століншчына: квадратныя метры аншлагу

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Сачкоўскі паведаміў, што летась па вобласці на правядзенне энергазберагальных мерапрыемстваў ва ўстановах культуры было выкарыстана 5 мільярдаў рублёў. Маецца на ўвазе не толькі рамонт кацельняў пры бібліятэках ды клубах, але і замена вокнаў і дахаў.

Не буду прыводзіць квадратуру плошчы абноўленых дахаў. Але ў тым, што яна паспрыяла творчасці, не сумняваюся. На Століншчыне, да прыкладу, летась якасна адрамантавалі Гараднянскі СДК. Замянілі вокны, дзверы. “Еўрарамонт” якасна змяніў не толькі тэмпературны рэжым, але і агульную творчую атмасферу “галоўнага штаба” мясцовага ганчарства.

/i/content/pi/cult/420/8624/1-2.jpeg

Століншчына, як вядома, пастаянна і актыўна канцэртуе за мяжой. Начальнік мясцовага аддзела культуры Васіль Заруба стаў на Брэстчыне ці не адным з галоўных “экспарцёраў” беларускай народнай творчасці. Замежныя гастролі сумяшчаюцца з канцэртнай дзейнасцю ў самім раёне. Для павышэння глядацкага камфорту ў Год беражлівасці аддзел культуры запланаваў якасныя рамонты ў СДК вёсак Варані, Рамель, Туры, Сямігосцічы, у ДШМ Давыд-Гарадка... Цеплавая рэабілітацыя будынкаў вядзе не толькі да эканоміі паліва, яна — адзін са складнікаў якасці любога мерапрыемства.

Зэльвеншчына: энергазберагальныя кераміка і ткацтва...

І зноў паспрабую аб’яднаць паэзію з прозай. Начальнік аддзела культуры Зэльвенскага райвыканкама Галіна Раманчук распавядае, што ўстанова культуры ў вёсцы Дзярэчын займела пасля рамонту энергазберагальныя лямпы і гэткі ж удасканалены ацяпляльны кацёл. А ўстанова — незвычайная: пад адным дахам колішняга дзіцячага садка знаходзяцца і Дом культуры, і раённы Дом рамёстваў. Наяўнасць апошняй структуры абумоўлена тым, што менавіта ў Дзярэчыне жывуць лепшыя ў раёне керамісты, разьбяры па дрэве, ткачы. Вёска славіцца і народным калектывам “Званочкі”... Дарэчы, пераўтварэнне былога дзіцячага садка ў шматпрофільную ўстанову культуры адбылося толькі за сродкі мясцовага бюджэту.

Яшчэ адзін прыклад эканоміі і беражлівасці. Па словах Галіны Раманчук, рамонт Зэльвенскай ДШМ быў зроблены сіламі толькі гаспадарчай групы і мясцовых выкладчыкаў. Асвоена на гэтым аб’екце 520 мільёнаў рублёў. Выхаванцы школы ўжо сёлета перамаглі ў абласным конкурсе. А выкладчыкі сталі ініцыятарамі творчага праекта па адраджэнні мясцовага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва.

Ельшчына: лічыльнікі натхнення

У Год беражлівасці начальнік аддзела культуры Ельскага райвыканкама Валерый Гейхман за паказчыкі энергазберажэння не хвалюецца. І ў гэтым кірунку яго аддзел — адзін з лепшых на Гомельшчыне.

Да прыкладу, у Качышчанскім цэнтры культуры і дасугу дзейнічае сістэма рэгуліроўкі падачы цяпла, а ўсе лямпачкі — энергазберагальныя. І такое ўпарадкаванне тут лічыцца звычайнай справай. Як зрэшты, і тое, што восем мясцовых творчых калектываў рыхтуюць шыкоўныя шоу-праграмы, гастралююць не толькі па раёне, але і ва Украіне. План па аказанні платных паслуг клубная ўстанова пастаянна выконвае.

Лічыльнікі вады ды цяпла дзейнічаюць і ў качышчанскім філіяле Ельскай дзіцячай школы мастацтваў. Тут і цёпла, і ўтульна. Але не толькі па гэтай прычыне школу наведваюць дзеці яшчэ з чатырох паселішчаў, асобныя з якіх знаходзяцца за 20 кіламетраў ад Кочышчаў. Проста, у філіяле працуюць класныя выкладчыкі, а навучыцца граць тут можна аж на чатырох інструментах…

На здымку: у качышчанскім філіяле Ельскай ДШМ.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"