Хто апошні? Я — за вамі!

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Год беражлівасці на двары, а “бюджэт — не падманеш”

Сапраўды, чаму аддзелы культуры не выстройваюцца ў чэргі па гранты, дадатковае фінансаванне ды неадкладныя грашовыя ўліванні з разнастайных, у тым ліку і замежных, інвестыцыйных фондаў? Паспрабуем разабрацца ў сітуацыі. Хоць статыстыка ў дадзеным выпадку — досыць неакрэсленая і на ацэнку эфектыўнасці штодзённых аддзелаўскіх намаганняў ды на ўдакладненне навучальных планаў рознага роду курсаў павышэння кваліфікацыі рэгіянальных работнікаў культуры пакуль ніяк не ўплывае. А, напэўна, дарэмна. Тым больш, што Год беражлівасці на двары, а дзяржбюджэт, як казаў адзін знаёмы начальнік аддзела культуры, не падманеш. Значыць, дзяржаўную капейчыну трэба берагчы. Альтэрнатыва — праектная дзейнасць, пошук канкрэтнага фінансавага “донара” і рэалізацыя ідэі за цвёрдую валюту. Прынамсі, так павінна быць у ідэале.

А насамрэч? На паверхні — толькі некалькі пераканаўчых прыкладаў па цесным супрацоўніцтве з замежным “донарам”: згаданая сёння Рагачоўшчына, а яшчэ — Смаргоншчына, якая мэтанакіравана развівае трансгранічнае супрацоўніцтва з Тракайскім Нацыянальным гістрарычным паркам. Можна і неабходна далучыць да агульных станоўчых набыткаў фандрайзінгавую дзейнасць аддзелаў культуры Іванаўскага, Докшыцкага, Міёрскага, Мастоўскага, Зэльвінскага райвыканкамаў... А што ж у астатніх раёнах? Ідэі, якія могуць прывабіць інвестара, падаецца, ёсць. Не стае ведаў па падрыхтоўцы, так бы мовіць, перадпраектнага пакета дакументаў (памятаеце, на Рагачоўшчыне ён ледзь не кілаграм важыць). Затое існуе цвёрдае перакананне, што справа гэтая — занадта клапотная. Перакананне — правільнае, але падставай для бяздзейнасці не з'яўляецца.

У начальніка аддзела культуры Сенненскага райвыканкама Ларысы Новікавай даўно “саспеў” праект па аднаўленні статуса кірмашу ў Машканах. Але праект — лакальны, унутраны, на замежнага інвестара не разлічаны. Чаму? “У нас гэтым ніхто не займаўся”, — адказвае начальнік. Між тым, на Зэльвіншчыне з дапамогай ПРААН Ганненскі кірмаш штогод набірае культурныя “абароты”.

Я запытаўся ў начальніка аддзела Мастоўскага райвыканкама: “Наколькі цяжка было атрымаць грант на аднаўленне музея ў Гудзевічах?” Сяргей Дзейкала адказаў, што перашкод не было ніякіх, бо аддзел займаўся гэтай справай у цесным узаемадзеянні з Гродзенскім дзяржуніверсітэтам ды шэрагам польскіх музейных устаноў. Існаваў, праўда, пэўны моўны бар’ер. Але пераадолелі і яго...

Важнымі тут падаюцца два моманты. Першы: аддзелы культуры не надта актыўна выкарыстоўваюць (калі не сказаць “ігнаруюць”) магчымасці абласных інвестфорумаў. “К” пра гэта, дарэчы, піша, не стамляючыся. Другі: самі начальнікі аддзелаў рэгіянальнай культуры (не усе, а сапраўды самадастатковыя) даўно пачалі казаць пра тое, што адзінка адказнага за “прасоўванне” творча-камерцыйнага праекта павінна існаваць у штаце рай- ці аблвыканкама, і менавіта на стыку інтарэсаў эканамічных ды ідэалагічных аддзелаў ці ўпраўленняў. Да месца, канешне ж, і веданне замежных моў...

У начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага на гэты конт сваё ўласнае меркаванне. У Літве, кажа ён, такі спецыяліст па праектнай дзейнасці, у тым ліку і творчай, дзейнічае менавіта ў адміністрацыях раённых улад — вельмі зручна для каардынацыі менавіта міжведамасных намаганняў. Чаму, сапраўды, доўгатэрміновы праект павінен належаць толькі аддзелу культуры? Убаку не варта пакідаць спорт, турызм, адукацыю, гандаль... Словам, самы час да суседзяў па досвед збірацца…

Я.Р.