Ініцыятыва “вагой” у 250 тысяч еўра

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Акцыя са “здольнасцю” самаразвіцця

А цяпер — пра чарговы і, будзем спадзявацца, далёка не апошні творчы праект Рагачоўшчыны. Натуральна, не ён знайшоў аддзел культуры — гэта аддзел культуры прыклаў усе намаганні, каб “донару” спадабалася ідэя. І пад яе рэалізацыю, наўпрост звязаную з развіццём сельскіх тэрыторый, Еўрасаюз мяркуе выдаткаваць 250 тысяч еўра. Пэўная сума з агульнай пойдзе на стымуляцыю творчых ініцыятыў насельніцтва, кожнай з 35 клубных устаноў раёна. Еўрасаюз запланаваў і суфінансаванне з боку аддзела культуры (як і пры рэалізацыі праекта па адкрыцці выставачнай залы). Гэта азначае, што пэўны працэнт ад агульнага кошту праекта закласці павінен беларускі бок. Паколькі ініцыятыва прадугледжвае набыццё суперсучаснага аўтаклуба на базе замежнага мікрааўтобуса з камп’ютарна-музычна-светлавым начыннем і электрагенератарам у “цюнінгавым” камплекце, суфінансаванне зноў аказалася "бязвыплатным". У яго суму аддзел уключыў памеры трохгадовых заробкаў загадчыка і вадзіцеля сённяшняга аўтаклуба, а таксама затраты на ўтрыманне транспартнага сродку. Еўрасаюз пагадзіўся.

Як усё пачыналася?

А досыць стандартна. Прынамсі, стандартна для Рагачоўшчыны. Пазалетась Еўракамісія зрабіла па ўсіх райвыканкамах рассылку з паведамленнем, што распачынаецца конкурс грантаў у рамках еўрасаюзаўскай праграмы “Недзяржаўныя структуры і мясцовыя органы ўлады ў дзейнасці па развіцці (NSA&LA) 2011 — 2012”. Натуральна, што аддзел абраў для себе праектны лот, звязаны менавіта з дзейнасцю органаў мясцовай улады. А канкрэтная назва праекта такая: “Стварэнне эфектыўнай сістэмы культурных і інфармацыйных паслуг для сельскага насельніцтва “Свет інфармацыі, культуры і творчасці — для ўсіх”.

/i/content/pi/cult/420/8621/1-1.jpeg

Дырэктар Рагачоўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Седлер: “У гэтай папцы — толькі заяўка
на ўдзел у новым праекце. Асноўныя дакументы — утрая большыя. Той выпадак, калі колькасць папер цудоўна адлюстроўвае колькасць карысных спраў!”

Аддзел схапіўся за магчымасць атрымання гранта, як кажуць, абедзвюма рукамі. 83 працэнты вёсак на Рагачоўшчыне — аддаленыя і маланаселеныя. Інакш кажучы, існуе праблема непрапарцыянальнага размеркавання культурных паслуг. У гэтых паселішчах няма стацыянарных устаноў культуры. Між тым, рэгіён пацярпеў у свой час ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Таму стварэнне эфектыўнай сістэмы нефармальнага культурнага ўзаемадзеяння з сялом, уцягнення вяскоўцаў у дыялог з мясцовымі ўладамі і рэалізацыі вясковых творчых ініцыятыў падалося больш чым актуальным. А гэта ўжо — мэта праекта... Міхаіл Зайцаў вырашыў, што мастком для такога аб’яднання павінен стаць сучасны аўтаклуб, мікрааўтобус за некалькі дзясяткаў тысяч долараў. І не толькі надзейны аўтамабіль з усім магчымым сучасным начыннем, але і сістэма доўгатэрміновага ўзаемадзеяння на вектары “горад — сяло”. І Седлер узялася за падрыхтоўку дакументаў.

Адна толькі заяўка на ўдзел у праектным конкурсе важыць ці не з кілаграм. Наступны крок — падрыхтоўка праекта і яго абгрунтавання на англійскай мове. Пошук перакладчыка, дыялогі з фінансістамі самых розных узроўняў, пастаяннае ўдасканаленне ўласнай аргументацыі ў вуснай і пісьмовай мове — на ўсё гэта, безумоўна, спатрэбіліся нервы, час, цярплівасць і вера ў свае сілы...

Здзіўляе не мэтанакіраванасць аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама. Ён яе даўно давёў на справе. Здзіўляе тое, што ў конкурсе на атрыманне гранта прымаюць удзел мо і многія, а перамагаюць адзінкі. У іншых раёнах, відаць, шкадуюць і нервы, і час, і веры ў сябе асаблівай не знаходзяць...

А цяпер — невялічкае лірычнае адступленне.

Бутэрбродная — канкурэнт?

У тым, што сельскія тэрыторыі патрабуюць на сёння асаблівай дзяржаўнай увагі, я пераканаўся ў аграгарадку “Гарадзец”. Мясцовы СДК, якім кіруе Дзмітрый Каняўскі, мэтанакіравана займаецца цяжкімі падлеткамі, яны тут і танцуюць, і спяваюць у ахвоту. А клубная ўстанова — адна з самадастатковых, за кошт свайго пазабюджэту набыла сучасную дыскатэчную апаратуру. Падавалася, ніякіх тут праблем быць не можа. Урэшце, не маланаселеная ж вёска, а перспектыўны аграгарадок. Але вось што распавёў Дзмітрый Каняўскі: “На начныя дыскатэкі юнакі і дзяўчаты да 18 гадоў не дапускаюцца. Сітуацыя кантралюючымі органамі строга адсочваецца. А вось тое, што праз дарогу да 24.00 працуе бутэрбродная, якая прадае не толькі бутэрброды, нікога, апрача нас, атрымліваецца, не турбуе. Уся моладзь там віецца, а магла б уся ў нас быць — пад клубным наглядам!”. Міжведамасная няўзгодненасць, пра якую пісана-перапісана. Вось аддзел культуры Рагачоўскага райвыканкама сваім чарговым праектам і хоча давесці, што бутэрбродная — не канкурэнт сельскай культуры, што кожная клубная ўстанова раёна павінна прапанаваць свой канкурэнтаздольны праект, каб не толькі грант атрымаць ад Еўрасаюза, але і адчуць сябе паўнавартасным гаспадаром у родным сяле. Ці атрымаецца — пакажа час... Аднак прадоўжым “расшыфроўку” праектнай анкеты.

Не толькі мікрааўтобус

Час рэалізацыі рагачоўскага праекта: тры гады. Асноўныя партнёры: Міжнароднае дабрачыннае аб’яднанне “Дапамога дзецям Чарнобыля” і прафсаюз работнікаў культуры. Асацыяваныя партнёры: 17 сельвыканкамаў Рагачоўшчыны (каму як не ім вырашаць праблему з бутэрброднымі?). Канкрэтная мэта: уцягненне жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак, сацыяльна пацярпелага, у тым ліку і ад чарнобыльскай бяды, насельніцтва ў актуальны культурна-інфармацыйны асяродак.

/i/content/pi/cult/420/8621/1-2.jpeg

У Цэнтры доступу да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пасёлка Беліцк. У ліку мадэратэраў —  пенсіянеры, якія цудоўна валодаюць навыкамі камп’ютарных карыстальнікаў.

Што канкрэтна будзе зроблена? Натуральна, без маніторынгу грамадскай думкі не абысціся. Але ўжо неаспрэчна, што ў кожнай вёсцы, дзе няма клуба і бібліятэкі, будуць створаны пункты інфармавання. А іх без мультымедыйнага абсталявання, гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры ўявіць на сёння цяжка. Пра генератар пераменнага току я ўжо казаў. Апрача гэтага мяркуецца закупіць 6 газонакасілак, 40 кустарэзаў, 70 экзэмпляраў спецадзення для правядзення дабрачынных акцый “Дзень клопату” з абавязковым удзелам валанцёраў. Кожная вёска, нават нежылая (а ёсць і такія, што засяляюцца толькі ў дачны сезон), будзе добраўпарадкавана.

І апошняе. Нагадаю, што з агульнага фінансавання 90 тысяч еўра выдаткоўваецца на падтрымку мясцовых ініцыятыў. Сельскія жыхары, 35 клубных устаноў раёна маюць шанц паспаборнічаць за лепшы крэатыўны праект. Менавіта ў такой актыўнасці, па меркаванні начальніка аддзела культуры, залог таго, што агульны праект нават і пасля трохгадавой рэалізацыі будзе развівацца шматгалінова ды самастойна. Вельмі хацелася б у гэта верыць.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Рагачоўскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"