Ліцэнзія на інвестфорум

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Хіба рацыянальна ўкладаць грошы ў “неперспектыўныя” вёскі?

Рэгіёны: тэндэнцыі і актуаліі

Адзінокая васьмідзесяцідвухгадовая Настасся Сцяпанаўна Емяльяненка з пасёлка Беліцк можа не толькі ўключаць-выключаць камп’ютар. Яна добра ведае, што такое блог, даволі жвава карыстаецца скайпам і з’яўляецца аматарам сацыяльных сетак. Справа, скажам, не надта характэрная для нашых неперспектыўных з прычыны дэмаграфіі паселішчаў. А вось на Рагачоўшчыне яна, узведзеная ў ранг творчай праектнай дзейнасці, дапамагае пераўтвараць установы культуры ў дзейныя “вёсказахавальныя” цэнтры. Інакш кажучы, усіх жадаючых вучаць карыстацца ПК бясплатна. Ахвотных шмат. Таму аналагічны камп’ютарны клуб узнік і ў пасёлку Ільіч.

І гэта далёка не адзінкавая праява крэатыўных акцый з прыцягненнем немалых еўрасаюзаўскіх фінансавых сродкаў. Пастараюся паслядоўна і як мага больш дакладна адлюстраваць тэхналогію стасункаў аддзела з самымі рознымі дзяржаўна-прыватнымі ды замежнымі структурамі, у выніку якіх мясцовая культура ці не штогод умацоўвае ўласны імідж. Вось і ўвесь праектны “сакрэт”...

Дэвіз — “Не паўтарацца!”

Не буду казаць шмат пра тое, што планы па аказанні платных паслуг, заданні па энергазберажэнні аддзел выконвае стабільна. “К” пастаянна піша пра нестандартнае стаўленне работнікаў культуры Рагачоўскага раёна да выканання службовых абавязкаў. Адно ліцэнзаванне на шэраг самых розных паслуг чаго вартае! Ды і тое, што колішні старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віктар Банчук (даўні сябра і эксперт “К” па пытаннях развіцця рэгіянальнай культуры) стаў першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама, — лепшы доказ эфектыўнага і ўстойлівага сацыякультурнага развіцця раёна...

Начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў і сам цудоўна ведае, што аддзел, які паўтараецца ў клопатах і мэтах, стаіць на месцы і не бачыць перспектывы. А яна, гэтая перспектыва, мае на ўвазе няспынны пошук, а значыць — рух.

16 — 17 мая ў Гомелі плануецца правядзенне Міжнароднага інвестыцыйнага форуму. І ў тым, што адна з секцый гэтага фандрайзінгавага мерапрыемства пройдзе менавіта ў Рагачове — заслуга ўсяго аддзела культуры. А цяпер давайце паразважаем, чаму інвестфорумы, якія час ад часу ладзяцца ў кожным абласным цэнтры, не сталі яшчэ трыбунай праектнага самавыяўлення для кожнага аддзела культуры Беларусі? Пытанне з пытанняў. Па логіцы, паколькі 2013-ы абвешчаны Годам беражлівасці, дык нашы работнікі культуры не на бюджэт павінны спадзявацца, а на ўласную творчую разваротлівасць. Для Зайцава гэтая разваротлівасць — у сістэмным прыцягненні інвестыцый. Колькі яшчэ начальнікаў аддзелаў культуры ў Беларусі з такім перакананнем важнасці ўласнай самадастатковасці? З дзясятак мо і набярэцца. Чаму? Пытанне рытарычнае. А дакладна сфармуляваны адказ пакрыўдзіць многіх. Дык няхай кожны сфармулюе яго сам.

“Беларуская лялька” — не толькі гандлёвы знак

Якія ж ідэі мяркуе агучыць на інвестфоруме Міхаіл Зайцаў? Паколькі гандлёвы знак Стрэнькаўскага этнамузея “Беларуская лялька” рэгіструецца ў Цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, дык неўзабаве стане ўласнасцю аддзела культуры. І ён можа “арандаваць” гэты брэнд не толькі для нарошчвання сувенірнай вытворчасці, аднак і для развіцця гандлёвага, гасцінічнага бізнесу. Не толькі можа, але і спрабуе. Замежным удзельнікам інвестфоруму будзе прапанаваны праект прыватнай прыдарожнай кавярні пад назвай “Беларуская лялька”. Не без карысці для аддзела плошчы тут будуць выкарыстаны і для рэалізацыі “лялечных” сувеніраў.

І як тут не сказаць колькі слоў пра знакамітыя ўжо Стрэнькі. Мясцовы музей — першы міжнародны праект аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама. У 2009 годзе фінансавы “донар” — ПРААН — абумовіў прыярытэты для фінансавання творчага праекта (гэта павінна была быць арыгінальная ідэя менавіта ўстойлівага сельскага развіцця), пазнаёміў усіх магчымых прэтэндэнтаў на грант з гэтымі ўмовамі. Не скажу, што ў маштабе рэспублікі прэтэндэнтаў аказалася так ужо шмат. Праектная дзейнасць па тым часе толькі пачынала авалодваць розумамі апантаных. Не дзіва, што аддзел культуры з Рагачова не захацеў заставацца пабочным сузіральнікам і ў выніку атрымаў на арганізацыю “Беларускай лялькі” чатыры тысячы еўра.

Праект складалі ўсім “аддзелаўскім” светам. Працавалі, памыляліся, выпраўлялі — і зноў працавалі. Такім чынам прыйшоў першы досвед замежных творча-фінансавых зносін. Досвед аказаўся ўдалым. ПРААН, заўважыўшы ініцыятыўнасць работнікаў культуры Рагачоўшчыны, прапанавала ім асвоіць пэўнае фінансаванне, якое не здолелі своечасова выкарыстаць у адным з раёнаў адной з абласцей. Так у праекта пад умоўнай назвай “Беларуская лялька” з’явіўся ўмоўны падпраект “Народны строй”. У выніку супрацоўнікі ўстановы ў Стрэньках займелі шыкоўныя касцюмы.

Цяпер стрэнькаўскія лялькі з адпаведнай гандлёвай маркай рэалізоўваюцца нават у Гомельскім палацы Румянцавых. А ў саміх Стрэньках і майстрыцы, і клубнікі (дзве ўстановы тут — пад адным дахам) прапаноўваюць не толькі абярэгі, але і самыя розныя платныя абрадавыя паслугі, у параўнанні з леташнім, мяркуюць павялічыць план паслуг удвая. А гэта — 26 мільёнаў рублёў. На выраб лялек цяпер працуюць усе 35 устаноў культуры раёна. Словам, праект жыве самастойна і гэтак жа ўдасканальваецца. Лепшай рэкламы устойлівасці развіцця і не прыгадаеш. Таму замежжа і прыглядваецца да рагачоўскіх ініцыятыў. Як кажуць мясцовыя работнікі, прынцып сінергізму спрацоўвае.

Што такое сінергізм?

Дырэктар мясцовага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Седлер — чалавек мэтанакіраваны. Таму прынцыпы сінергізму ўспрымае як кіраўніцтва да дзеяння. А прынцыпы, на першы погляд, — нескладаныя: навучыся сам удасканальваць свой светапогляд, скіруй да сумесных дзеянняў аднадумцаў, забяспеч далейшую трансляцыю ідэі, пераканай у важнасці яе рэалізацыі нават тых, хто яшчэ ўчора пра гэтую ідэю нічога не ведаў. Няспынныя “мазгавыя штурмы” ў аддзеле — праявы менавіта сінергізму. У выніку да ажыццяўлення канкрэтна ўзятага праекта падключаюцца літаральна ўсе ўстановы культуры раёна, а яшчэ — адпаведныя фінансавыя структуры вобласці і рэспублікі. Пагадзіцеся, наладжванне канструктыўнага дыялога тут — справа не з лёгкіх. Але “цяжка” не азначае “нерэальна”. Іншая справа, што прыкладаў такога зладжанага ўзаемадзеяння ў рэспубліцы — кот наплакаў. Ды не будзем пра кепскае...

Дарэчы, яшчэ адна культурная “прынада” для замежных удзельнікаў інвестфоруму — прапановы аддзела па ўладкаванні ў раённым цэнтры вуліцы ці квартала яўрэйскай культуры. Як “К” пісала неаднаразова, у 1902 годзе нарадзіўся ў Рагачове вядомы мастак Анатоль Каплан. Калекцыянеры з Санкт-Пецярбурга, дзе жыў бліскучы ілюстратар Шалом Алейхема, перадаюць яго работы ў Рагачоў. Чаму? Ды таму што спрацоўваюць прынцыпы сінергізму. А яшчэ і з той прычыны, што ў Рагачове з’явілася карцінная галерэя. А гэта — ужо наступны рэалізаваны праект мясцовага аддзела культуры ў рамках ПРААН (ICRIN). У суфінансаванне для адкрыцця выставачнай залы на першым паверсе жылога дома па вуліцы Леніна аддзел культуры прапанаваў ПРААН кошт гэтага памяшкання (50 мільёнаў рублёў). І зноў атрымаў міжнародную фінансавую падтрымку. Паўнамоцны прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніус Брук назваў дзейнасць аддзела іміджавай. А галерэйна-выставачны праект цяпер таксама развіваецца самастойна.

Блогеры з Беліцка

Беліцк у агульнапрынятым значэнні — пасёлак “неперспектыўны”: 501 чалавек насельніцтва, з іх 276 жыхароў — пенсіянеры. Калісьці буйное торфапрадпрыемства спыніла дзейнасць. Закрылася і сярэдняя школа. Прыкладна аналагічная сітуацыя — і ў пасёлку Ільіч, дзе працавала калісьці фабрыка па апрацоўцы бавоўны, а цяпер з-за адсутнасці рабочых месцаў працаздольнае насельніцтва ўсё часцей падаецца ў заробкі ў Расію. Здавалася б, паселішчы не маюць будучыні. Але аддзел культуры вырашае ў рамках праекта “Развіццё міжнародных даследаванняў і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылі” (ICRIN) ААН адкрыць у Беліцку і Ільічы цэнтры доступу да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Амаль год таму яны распачалі дзейнасць на базе мясцовых СДК. Еўрасаюз для гэтага выдаткаваў пазалетась 180 мільёнаў рублёў. Я спачатку быў засумняваўся: ці рацыянальна ўкладаць грошы ў такія вёскі, дзе вытворчасць і школы закрываюцца? Начальнік аддзела культуры катэгарычна запярэчыў: “Калі не мы, дык хто?!” Час паказаў, што грашовае падсілкаванне двух асобна ўзятых паселішчаў не было дарэмным.

Я пабываў у Беліцку, пазнаёміўся з пенсіянеркай Настассяй Емяльяненка (з гэтага і распачаў дадзены артыкул), пераканаўся, што іншага шляху для захавання вёскі проста не існуе. У камп’ютарныя цэнтры выстройваюцца чэргі вяскоўцаў. Інфармацыйна-камунікацыйныя залы цягам дня запоўнены дашчэнту. Дырэктар Беліцкага СДК Таццяна Манахава распавяла, што спачатку яна сама асвоіла камп’ютар, потым навучыла ўсіх ахвотных. Паслуга цягам двух гадоў — бясплатная. Але жыхары так прызвычаіліся да камп’ютарнай “уседазволенасці”, што з гатоўнасцю будуць плаціць за магчымасць адчуць сябе паўнавартаснымі ўладарамі інфармацыі. За 90 мільёнаў Беліцкі СДК набыў не толькі пяць ПК са “скайпамі”, але і ўвесь набор размнажальнай і паліграфічнай тэхнікі. У цэнтры сіламі саміх карыстальнікаў выпускаецца самая розная інфармацыя пра зніжэнне радыяцыйнай забруджанасці, напрыклад, у грыбах, мясе, малацэ — з дапамогай кулінарных метадаў. А ёсць яшчэ бізнес-мадэлі па бяспечным вядзенні, да прыкладу, пчалярства... Усё зацверджана радыёлагамі, прадстаўнікамі Міністэрства надзвычайных сітуацый. Лішне казаць, што такая інфармацыя для людзей — на вагу жыцця.

Я яшчэ сумняваўся, ці атрымаецца ў мяне фотаздымак з пераканаўчым адлюстраваннем “аншлагавасці” згаданага Цэнтра. Атрымаўся. У камп’ютарным пакойчыку усе ПК былі заняты, сярод карыстальнікаў пераважалі людзі сярэдняга веку. А Настасся Сцяпанаўна Емяльяненка прызналася, што зранку цікуе за дырэктарам СДК: “Тая — у клуб, і я — за ёй, да камп’ютара...”

А яшчэ дырэктар Беліцкага СДК Таццяна Манахава вядзе разам з сяброўкамі блог, дзе публікуе інфармацыю пра мясцовых майстроў-умельцаў, якія робяць шаўковыя падушкі з унікальнай мясцовай вышыўкай — таксама, дарэчы, брэнд... Карацей, жыццё ў Беліцку не заканчваецца. У камп’ютарным цэнтры — шматлюдна, а на стадыёне, што побач з СДК, улетку збіраюцца пагуляць у футбол нават старшакласнікі з суседняга аграгарадка “Стоўпня”...

Знайсці фінансавага “донара”, аднавіць “кроў”, нарадзіць ідэю — працэс, увязаны на Рагачоўшчыне ў пастаяннае праектнае кола. І ўсё гэта арганічна ўкладаецца ў нескладаную жыццёвую формулу: "Спачатку ты працуеш на аўтарытэт, потым аўтарытэт працуе на цябе”. Сказаць, што праекты цяпер самі “адшукваюць” работнікаў культуры Рагачоўшчыны, было б не надта дакладна, але вельмі блізка да сэнсу.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"