Калі вальс — на прыступках

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Гуаш “Сярэбранага вяселля”

Вядомы кабарэ-бэнд “Сярэбранае вяселле” на чале са Святланай Бень выпусціў прэм’еру — праграму “Кабарэ ў квадраце”, дзе з’ядналіся французскія і нямецкія традыцыі ў развіцці жанру. Артысты “абкаталі” яе ў канферэнц-зале Палаца мастацтва і рушылі ў Маскву.

Прызнацца, ім няблага было б абраць іншы геаграфічны напрамак — акурат у тыя краіны, якія і закрануты ў праграме. Але Святлана ладзіла праграму без аніякіх “дацкіх” ды іншых падобных думак — зусім не да пэўнай даты. Больш за тое: прыхільнікі творчасці гурта памятаюць назву “Кабарэ ў квадраце” яшчэ па прэм’еры 2009 года. Дык што ж, нас падманулі?

Не! Сапраўды, Святлана чатыры гады таму ўжо распрацоўвала тэму — кабарэ французскае і нямецкае. Штосьці з таго засталося, але хіба ў абрысах. Куды больш — новага, пачынаючы з відэапраекцый і заканчваючы аранжыроўкамі. Але галоўнае — змянілася сама жанравая скіраванасць. У кабарэ стала больш асветніцтва, філасофскага складніка — пры ўсім захаванні забаўляльнасці. І ўжо па гэтай рабоце можна ацаніць, як імкліва развіваецца гурт, што ідзе па шляху не паўтарэння, а ўдасканальвання знойдзенага раней, далейшага асэнсавання зробленага, у тым ліку перанятага, “перакладзенага” з замежнай мастацкай мовы на сваю ўласную.

/i/content/pi/cult/420/8618/2-1.jpeg

Мінулыя праграмы былі больш эпатажнымі, адкрыта тэатральнымі, з вялікай доляй лялечнага складніка, у чым выяўлялася асноўная прафесія Бенькі, як яе называюць сябры і прыхільнікі, — рэжысёра сталічнага лялечнага тэатра. Цяперашнюю можна без перабольшвання назваць “высокай класікай” жанру. Якога? Азначыць яго па-ранейшаму, усяго толькі як “кабарэ”, ужо немагчыма. Надта сінтэтычнай атрымалася праграма, увабраўшы ў сябе элементы ўсяго і ўся! Тут ёсць — лекцыя, кліпы, што ўзнікаюць на экране пад асобныя песні (спецыяльныя здымкі, маляваныя “мульцікі”, і постмадэрнісцкія пародыі на класіку, уключаючы калажна-жартоўнае “цытаванне” Васіля Пярова (у музыцы ў іншых фрагментах ёсць і намёкі на “Кармэн” Ж.Бізэ).

“Кабарэ ў квадраце” можна разглядаць і як “тэатралізаваны канцэрт”, шоу-праграму з гульнявым інтэрактывам, цыкл філасофскіх роздумаў-прытчаў, што перамяжоўваюцца то інтымнай лірыкай, то палітычнай сатырай. І нават — як своеасаблівую сімфонію, дзе ёсць месца і логіцы лейтматыўных сувязей, і філасофіі “зерня і яго прарастання”, і адкрытай жанравасці, у тым ліку побытавай, і непрыхаванага драматызму. А галоўнае — роздуму.

Пазабаўляўшыся, станчыўшы вальс (на прыступках яго ўмеюць грацыёзна “кульгаць” толькі Святлана Бень з Аляксандрам Казелам, які ў супрацоўніцтве з “Сярэбраным вяселлем” напоўніцу рэалізоўвае абедзве свае адукацыі — акцёрскую і вакальна-харавую), глытнуўшы асалоды “поўным кубкам”, гледачы пачынаюць разважаць над такімі глыбокімі праблемамі, як войны і, шырэй, чалавечая нянавісць — неабгрунтаваная, заснаваная на амбіцыях, а не на прыродна-абумоўленых з’явах.

/i/content/pi/cult/420/8618/2-2.jpeg

Не менш шчаслівыя ад выступлення і самі ўдзельнікі гурта. І гэта — таксама адна з асноўных еўрапейскіх тэндэнцый: не “паміраць” на сцэне, а радавацца — ужо самой магчымасці дарыць сваё мастацтва! Няма чаго і казаць, што ў складзе гурта — суперпрафесіяналы, кожны з якіх — майстра не толькі ў сваёй сферы (труба, трамбон, гітара, скрыпка ці ўдарныя), але і мультыінструменталіст, выбітны артыст і проста апантаны чалавек, які жыве ў мастацтве і мастацтвам.

Акрэслена ў праграме і беларуская нацыянальная тэма. Гэткай празрыстай хвалепадобнай лініяй. Такая выпрацаваная стагоддзямі беларуская ментальная рыса, як адкрытасць культуры самым супрацьлеглым павевам і найноўшым мастацкім здабыткам, цяпер дапаўняецца нашай спрадвечнай разважлівасцю. Дарэчы, чаму б не паразважаць і над тым, як перанесці знойдзеную ў кабарэ-бэндзе форму выкладання матэрыялу і на прэзентацыю беларускай культуры розных эпох? Каб было гэтак жа нязмушана, з драйвам — ды роздумам…

Фота Марыі МЕЛЬНІКАВАЙ і з архіва гурта.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"