“Чаму вы мяне не баіцеся?..”

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Сцэнічны “Ліфт” — бы дакументальнае кіно

Коласаўцы не сталі першаадкрывальнікамі драматургіі Юліі Чарняўскай. Раней за іх да яе творчасці звярнуўся Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, а потым — Магілёўскі абласны драматычны тэатр. У першым выпадку гэта была, так бы мовіць, рэжысёрская спроба вядомай актрысы Галіны Чарнабаевай, падтрыманая колішнім мастацкім кіраўніком РТБД Валерыем Анісенкам (тое і была першая пастаноўка “Ліфта”). У другім — работа маладога, але ўжо досыць спрактыкаванага майстра Кацярыны Аверкавай “Аднакласнікі” паводле п’есы “Літаркі”, што атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыі “Лепшая пастаноўка твора сучаснай беларускай драматургіі”. Такі актыўны і паспяховы зварот да п’ес аўтара сведчыць, па-першае, пра сцэнічнасць ейных твораў, а па-другое — пра здольнасць літаратара зачапіць балючыя кропкі сучаснага жыцця.

Наступнай па часе з’явілася пастаноўка самога Валерыя Анісенкі, які летась стаў на чале Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. У шматлікіх інтэрв’ю адразу пасля прызначэння і на пачатку новага тэатральнага сезона рэжысёр прызнаваўся, што хацеў бы, каб на падмосткі прыйшлі сучасныя беларускія героі, каб рэаліі нашага паўсядзённага быцця, жарсці, канфлікты, якія скаланаюць сучаснае грамадства, з’явіліся на сцэне. Таму зусім не выпадкова спектакль “Ліфт” па сваёй стылістыцы нагадвае дакументальную драму, а можа, і дакументальнае кіно. Па-першае, падзеі, што адбываюцца на сцэнічнай пляцоўцы, спалучаюцца з кінематаграфічнай праекцыяй, па-другое, сама кампазіцыя спектакля з яго “наплывамі” памяці, свядомасці герояў, гэткія “рэтра-адштурхоўванні” ў мінулае, таксама асацыіруюцца з найбольш блізкім тэатру відам мастацтва...

/i/content/pi/cult/420/8616/1-1.gif

Сустрэча, а дакладней кажучы — сутыкненне настаўніцы Ганны (Наталля Аладка) і маладога рабаўніка Дзімона (Ягор Дзяюн), якія нечакана заселі ў ліфце, пэўным чынам паспрыяла перагляду, пераасэнсаванню іх светапогляду, мінулага ды сучаснага, адносін з роднымі і блізкімі людзьмі. Рэжысёр падзяляе сцэну на тры часткі: па цэнтры — ліфт, дзе разгортваюцца галоўныя падзеі, па левы і правы бакі — кватэры, або, дакладней, той свет, асяроддзе, дзе жывуць, канфліктуюць, спрабуюць наладзіць стасункі з блізкімі нашы героі. Цягам дзеі высвятляецца, што маці Дзімона (Раіса Грыбовіч) схільная да моцных напояў, ды і на асабістым жыцці, нягледзячы на сталы ўзрост, яна зусім не збіраецца ставіць крыж. Менавіта гэтыя дзве акалічнасці і ўзвялі моцны бар’ер паміж роднымі людзьмі. Кожны з іх, урэшце, жыве сваім жыццём і якога-кольвечы душэўнага кантакту тут не назіраецца. Праўда, у апраўданне Дзімона заўважым, што ён не зусім абыякавы да алкагольных слабасцей матулі і спрабуе трымаць яе ў цуглях, прытым што нейкай павагі, спачування, разумення з яго боку тут даўно не назіраецца. Мы не даведаемся, што, апрача сямейнага бязладдзя, штурхнула Дзімона ў абдымкі крыміналу. Відаць, на думку аўтараў спектакля, менавіта ў сям’і найперш фарміруецца дзіця, падлетак, будучая асоба, менавіта бацькі нясуць галоўную адказнасць перад грамадствам, ды і, урэшце, перад уласным сумленнем за сваё выхаванне.

Па другі бок сцэнічнай пляцоўкі, у кватэры Ганны, дзе ўсё здаецца больш прыстойным (усё ж такі сям’я інтэлігентаў: яна — настаўніца, ён — менеджар па продажах нейкай саліднай фірмы), адчужанасць і непаразуменне з сынам-падлеткам таксама растуць. Сваркі, сыход з дому і канчатковы разрыў Ігара, бацькі Андрэя (Георгій Лойка), з Ганнай гэтаму только садзейнічаюць. У спектаклі не вельмі дакладна, на маю думку, матываваны гэты разрыў. Магчыма, справа ў тым, што Ігар — гэткі “прадукт” выхавання сваёй каханай, захацеў быць больш самастойным, незалежным, іграць у сям’і “першую скрыпку”, а Ганна як свайго роду “белая варона” не вельмі ўпісалася ў ягонае ўяўленне аб сучасным, больш прагматычным чалавеку? Актрыса даволі глыбока даследуе псіхалагічны стан сваёй гераіні на момант разрыву адносін з блізкім ёй чалавекам: яе дэпрэсія “накладваецца” на новую, цяпер ужо “пагранічную”, сітуацыю паміж жыццём і смерцю і дазваляе ёй не губляцца. Вось чаму нават Дзімон здзіўляецца: “Чаму вы мяне не баіцеся? Усе ж баяцца, а вы — не…”

Такім чынам, з аднаго боку, перад намі — фізічна слабая, кволая жанчына, але з моцнай сілай волі, з вялікім жыццёвым досведам, праўда, не пазбаўленая ілюзій, крыху рамантычная, гэткая пастарэлая Асоль, з іншага ж — дастаткова разумнае ад прыроды “ваўчанё”, поўнае цынізму, упэўненае, што ўсе “прапісныя ісціны”, высокія словы, якімі іх, падлеткаў, спрабуюць “нашпігоўваць” настаўнікі, — суцэльная лухта. Грошы — вось галоўная ісціна, лічыць юнак, а ўсё астатняе — шанцаванне. Пашанцуе — жыццё ўздыме цябе ўгару, не — кіне ў бездань. Артыст Ягор Дзяюн стварае досыць супярэчлівы вобраз: перад намі не закончаны падонак з поўнай адсутнасцю ўсялякіх душэўных якасцей — ён прываблівае сваім розумам, абаяльнасцю. Прытым разумееш, што ў сваім адмаўленні маральнага імператыву (пра які яму даводзіць Ганна) Дзімон занадта далёка зайшоў, і наперадзе — проста тупік. Таму, відаць, той удар “нажом у спіну”, які ён наносіць Ганне, калі ёй, здавалася, ужо ўдалося наладзіць з ім кантакт, запэўніць у нейкіх важных рэчах — зусім лагічны вынік яго ранейшага жыцця, ягонай раней дэфармаванай свядомасці.

Мастацкі вынік спектакля палягае і ў закранутай у ім надзвычай актуальнай праблеме, у тых злабадзённых пытаннях, якія паставілі і перад артыстамі — выканаўцамі галоўных роляў, і перад гледачамі аўтар п’есы Юлія Чарняўская ды рэжысёр-пастаноўшчык Валерый Анісенка, і ў адпаведнасці выразных, выяўленчых сродкаў канцэпцыі твора, і ў яркіх, аб’ёмных акцёрскіх работах. Мне здаецца, галоўнае пытанне, што турбуе аўтараў спектакля, — якое грамадства мы будуем, дакладней, што з’яўляецца грунтам гэтага грамадства? Калі гэта так званы спажывецкі прагматызм, дык ці не згубім мы наступнае пакаленне, калі будзе дэфармавана ўся сістэма маральных каштоўнасцей? Мяркую, што поспех спектакля ў многім вызначыла дакладная, па-мастацку пераканаўчая ігра цэнтральных выканаўцаў — Наталлі Аладка і Ягора Дзеюна. Адзіная мая заўвага датычыцца буйной сцэны Ганны і Ігара: на маю думку, выканаўцам не хапіла цікавых акцёрскіх інструментаў, таму дзеянне ў гэтым эпізодзе “правісае”, не зусім дакладнае па рытме. З роляў так званага другога плана найбольшае ўражанне зрабіла акцёрская работа Раісы Грыбовіч (маці Дзімона). Гэта амаль дакументальна пазначаны, трагікамедыйны, абсалютна жыццёвы жаночы тып. У фінальнай частцы актрыса дасягае амаль трагічнай вышыні, калі яе гераіня знаходзіць у падушцы схаваную сынам нарабаваную валюту. Да яе быццам прыходзіць асэнсаванне ўласнай трагічнай віны — таго, што свайго Дзімона яна, у пагоні за асабістым жаночым шчасцем, канчаткова страціла…

Юрый ІВАНОЎСКІ

Віцебск

На здымку: сцэна са спектакля "Ліфт".

Фота Марыны КАТЛЯРОВАЙ