На што "закрываем" вочы грамадству?

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

“Воблака кветак” на гарадскіх парасонах не лішняе…

Праблемы, якія закрануты ў гэтым артыкуле, надзвычай актуальныя для сённяшняга часу ў кантэксце стратэгічнага развіцця нашай выяўленчай культуры. Бо, на жаль, у грамадстве цалкам размываюцца крытэрыі ў ацэнках якасці творчасці, калі глядач ужо і не ведае, што такое ў мастацтве “добра”, а што “не”, калі акадэмічныя методыкі аналізу мастацкага твора перастаюць быць эфектыўнымі. Такім чынам, інтэнсіўны мастацкі працэс на Беларусі патрабуе аператыўнай аналітыкі/крытыкі ды яе пераканаўчых і доказных метадалагічных высноў.

Хто будзе спрачацца, што выпрацоўка новых моўных сістэм мастацкага апісання і аналізу ўжо даўно патрабуе не толькі рэтраспектыўнай рэвізіі, разгляду звыклых з’яў у мастацтве пад новым пунктам гледжання, але і радыкальнага перагляду ўзаемаадносін паміж мастаком і гледачом, мастаком і дзяржавай, мастаком і грамадствам, мастаком і музеем (галерэяй), мастаком і крытыкам? Таму што многае ў такіх узаемаадносінах зайшло ў тупік. А жадаючых выйсці з гэтага тупіка на сённяшні дзень чамусьці вельмі мала. Таму, на жаль, часам і ўзнікае ўражанне, што выяўленчы пласт становіцца ўсё менш запатрабаваным грамадствам, не цікавым людзям, для якіх, уласна кажучы, стагоддзямі стваралася, ствараецца ды павінна стварацца гэтае мастацтва, бо без яго пра цывілізаваную дзяржаву няма чаго казаць…

Уключэнне ў іміджавы складнік горада фігуры Леаніда Шчамялёва — мастака, чалавека і грамадзяніна, — які і сёння актыўна працуе ў сваёй майстэрні, стала добрай падставай пагутарыць пра надзённыя праблемы нашай мастацкай “гаспадаркі”. Гэта і зразумела. Пра выдатны ўклад Майстра ў нацыянальную культуру, пра яго своеасаблівы шчамялёўскі вобразна-пластычны “код” у жывапісе, пра яго спасціжэнне свету і роздумаў аб існасці гэтага свету казалі практычна ўсе ўдзельнікі дыскусіі на тэму “Мастак і час”, якая прайшла месяц таму ў рамках святочных мерапрыемстваў да 90-годдзя народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва ў канферэнц-зале Мастацкай галерэі М.Савіцкага. У абмеркаванні прынялі ўдзел вядомыя мастацтвазнаўцы, арт-крытыкі, супрацоўнікі Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Шчамялёва, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і “Белвідэацэнтра”, прадстаўнікі ўпраўлення культуры Мінскага гарвыканкама.

На сустрэчы зацікаўленых прафесіяналаў былі закрануты, у тым ліку, вострыя праблемы развіцця інфраструктуры мастацкіх працэсаў і арт-менеджменту ў дзяржаўных музейных установах. Менавіта гэтыя праблемы на прыкладзе работы Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва і праявіла для старонак “К” старшы навуковы супрацоўнік ўстановы Крысціна Лядская, спецыяліст у галіне піяру і менеджменту.

Б.К.