Liberum veto для “жывой культуры”: каб не згубіцца ў гіпермаркетах…

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

Мы ў сусветным трэндзе — з “царамі” ды валёнкамі, але для прэзентацыі ў свеце часам не стае 30 еўра

Навукова-практычны семінар з міжнародным удзелам “Ідэнтыфікацыя і інвентарызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны як дзейсны фактар яе захавання”, які прайшоў 25 — 26 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у чарговы раз засведчыў, што наша краіна цалкам уключылася ў сусветныя “трэнды” — са сваімі “царамі” ды валёнкамі. Створаны не так даўно вэб-партал “Жывая спадчына Беларусі”, які рэпрэзентуе гэтыя ды многія іншыя выбітныя з’явы, быў высока ацэнены замежнымі экспертамі. Але праблем укаранення Канвенцыі UNESCO ў паўсядзённую практыку ўсё адно дастаткова. Зрэшты, як выявілася, яны агульныя ледзь не ва ўсім свеце.

Семінар быў прызначаны перадусім для прафесіяналаў у сферы аховы нематэрыяльнай спадчыны, якія з’ехаліся ў Мінск не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з шасці іншых краін. Тым не менш, спакойнай дыскусіі па “вузкаспецыяльнай” метадалагічнай праблематыцы ўсё ж не атрымалася: глабальная праблематыка ўсплывала сама сабой. Зрэшты, яно і не дзіва: гаворка ж — пра “жывую культуру”! І таму адпаведная Канвенцыя UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, 10-годдзю якой і была прысвечана падзея, не прапануе гатовы алгарытм рашэнняў. Да многіх з іх можна прыйсці толькі пад час своеасаблівай “разведкі боем” — канкрэтных мер па выяўленні ды захаванні НКС.

Далікатная інтэрвенцыя

Як вядома, згаданая Канвенцыя UNESCO надае выключнае права голасу — а таксама і liberum veto — менавіта самім носьбітам нематэрыяльных каштоўнасцей. Ініцыятыва надання ім адпаведнага статуса прадугледжана менавіта “знізу”: не ад навукоўцаў або работнікаў культуры, але менавіта ад вясковых бабуль, якія сталі звяном перадачы ўнікальных традыцый. Зразумела ж, на практыцы гэта ўяўляецца нечым фантастычным: бабулі ў нас зазвычай занадта сціплыя... Ды і хіба здолеюць яны самастойна выканаць усе фармальнасці?

На Беларусі працэс ідэнтыфікацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны абапіраецца перадусім на рэгіянальную сістэму ўстаноў культуры — балазе ў нас яна цалкам жыццяздольная, у адрозненне ад некаторых іншых постсавецкіх дзяржаў. І ў вёсцы, дзе жывуць майстры або ўдзельнікі калектыву, хутчэй за ўсё, знойдзецца СДК або бібліятэка. Наступная прыступка — раённы метадычны цэнтр, затым — абласное ўпраўленне культуры, і нарэшце — Інстытут культуры Беларусі, які выконвае функцыю своеасаблівага рэспубліканскага цэнтра па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

— Пасля таго, як наша краіна ратыфікавала Канвенцыю, рэгулярна праводзяцца трэнінгі, якія дазваляюць спецыялістам з рэгіёнаў выпрацаваць падыходы па захаванні нематэрыяльнай культуры, — распавёў удзельнікам семінара намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. — Ва ўсіх абласцях створаны камітэты па выяўленні і ідэнтыфікацыі элементаў нематэрыяльнай культуры, у якія ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых улад, эксперты, работнікі метадычных цэнтраў, музеяў, самі носьбіты спадчыны... Гэты напрамак дзейнасці падаецца нам адным з прыярытэтных…

Вынікі такой палітыкі не прымусілі сябе чакаць. Як распавяла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, калі яшчэ зусім нядаўна даводзілася трохі “падштур хоўваць” работнікаў культуры з рэгіёнаў, дык цяпер у гэтым няма патрэбы. Дасье на элементы, якім прапануецца надаць статус культурнай каштоўнасці, сцякаюцца з такой інтэнсіўнасцю, што ўжо можна нават казаць пра своеасаблівае спаборніцтва паміж рознымі куткамі Беларусі.

Як выявілася, падобная сістэма дзеянняў функцыянуе далёка не паўсюль. Прыкладам, у Эстоніі працэс ідэнтыфікацыі ды інвентарызацыі НКС абапіраецца на недзяржаўныя арганізацыі і проста рупліўцаў, а не на сетку ўстаноў культуры — у нашым разуменні, — яе там увогуле няма! Спецыяліст па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Эстонскага цэнтра народнай культуры Крысціна Парыла пераканана ў тым, што значная роля дзяржавы ў гэтай справе залішняя — ініцыятыва павінна зыходзіць ад саміх носьбітаў традыцый. Але пад час семінара такая пазіцыя выклікала пэўную дыскусію.

— На маю думку, у сферы НКС павінна быць далікатная інтэрвенцыя дзяржавы: не памкненне дамінаваць, але менавіта дапамога, стварэнне спрыяльных умоў для забеспячэння пераемнасці, — адзначыла намеснік міністра культуры Рэспублікі Балгарыя Міла Сантава.

Пытанне статуса

Цікавым для айчынных работнікаў культуры досведам падзяліўся загадчык сектара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Яшар Гусейнлі. У яго краіне зараз адбываецца рэформа сеткі ўстаноў культуры, пад час якой звыклыя ДК і клубы набываюць іншы профіль — своеасаблівых рэгіянальных цэнтраў НКС.

— Раней клубная сістэма ў нас займалася “ўсім і нічым”, але пасля рэформы яна будзе выконваць канкрэтныя карысныя функцыі, — канстатуе спадар Гусейнлі. — Установы культуры павінны стаць “родным домам” для аўтэнтычных калектываў і майстроў. Натуральна, нямногія з іх могуць дазволіць сабе арандаваць памяшканне. Але наша дзяржава гатова прадаставіць яго бясплатна — вядома, пры ўмове захавання аўтэнтычнасці і перадачы традыцый…

Варта адзначыць, што падобная практыка — няхай сабе толькі ў лакальных маштабах — мае месца і ў нас. Ды і народныя калектывы, натуральна ж, не павінны арандаваць сабе пляцоўку для рэпетыцый па камерцыйным кошце. У той самы час, такіх мер падтрымкі ўсё ж пакуль недастаткова. Пад час семінара вось ужо ў які раз узнімалася пытанне аб наданні носьбітам традыцый нейкага адмысловага юрыдычнага статуса — па ўзоры народных майстроў. Як выявілася, у іншых краінах дадзенае пытанне пакуль таксама не вырашана.

— Але ж, безумоўна, нам варта працаваць у тым кірунку, — дадаў з гэтай нагоды спадар Гусейнлі.

Натуральна, распрацоўка трывалых механізмаў падтрымкі НКС запатрабуе часу, ды і адказы на многія глабальныя пытанні, думаецца, некалі падкажа сама рэчаіснасць. Куды важнейшым тут уяўляецца рух у зваротным напрамку — ад нейкіх канкрэтных захадаў і да агульнай канцэпцыі. Прыкладам, старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко прапанаваў вызваліць аўтэнтычныя калектывы ад абавязкаў па выкананні плана платных паслуг. Праблема ў тым, што ў нашых пакуль недасканалых варунках гэты план зазвычай вядзе да пераарыентацыі з аўтэнтычнага фальклору на сцэнічны, што абсалютна недапушчальна.

Вядомы рупліўца з Любаншчыны Сяргей Выскварка агучыў яшчэ адну канкрэтную праблему: вось ужо які год ён вывозіць носьбітаў традыцый з беларускіх вёсак на прэстыжны фэст у Вільнюсе. Арганізатары забяспечваюць прыём, але не аплачваюць дарогу. Цана пытання — нейкія 20 — 30 еўра на чалавека. Здавалася б, дробязь, але толькі не для бабульчынай пенсіі... Адсюль сама сабой узнікае прапанова стварыць нейкую сістэму дзяржаўнай падтрымкі рэпрэзентацыі нашай спадчыны за мяжой.

Сертыфікат сапраўднасці

Высока ацаніўшы дзейнасць Інстытута па інвентарызацыі НКС, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, аднак, зрабіў адну прынцыповую заўвагу: было б зусім не лішнім, каб электронны каталог выконваў не толькі культуралагічную, але і маркетынгавую функцыю, змяшчаючы “кантактную інфармацыю”, карысную для ўсіх зацікаўленых асоб.

— Прыкладам, я вырашыў купіць у падарунак сябрам гліняны гаршчок з Гарадной, — змадэляваў ён цалкам рэальны выпадак. — Або іншая сітуацыя: я — арганізатар імпрэзы і хацеў бы запрасіць на яе аўтэнтычны калектыў. Дык патлумачце мне, з кім звязацца! Бо пакуль што ні тэлефонаў, ні імэйлаў “у вольным доступе” не знайсці…

Па словах Алы Сташк евіч, з цягам часу яны абавязкова з’явяцца — усё ж такі партал яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі... Натуральна, уся кантактная інфармацыя можа публікавацца толькі са згоды саміх носьбітаў традыцыі, бо некаторыя яе элементы (скажам, надзеленыя сакральным зместам абрады) не прадугледжваюць “старонняй увагі”.

“Пагроза турызму” ўспрымаецца ў нас пакуль збольшага як гіпатэтычная. Іншая справа — Балгарыя, куды турфірмы возяць цэлымі караванамі. І што цікава: ледзь не ў кожным рэкламным праспекце ёсць згадка пра насцінарства — традыцыю танцаў басанож на вуглях, якая захавалася ў адной аддаленай горнай вёсачцы. Сярод удзельнікаў семінара была і намеснік міністра культуры Балгарыі Міла Сантава, і таму я меў магчымасць запытаць у яе, ці не разабралі ўжо ўсю тую вёску на сувеніры.

— Ды не: вядомасць абраду зусім не пашкодзіла яго ідэнтычнасці, — адказала яна. — Прыкладам, быў такі выпадак. Калі рыхтавалася дасье для яго ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс UNESCO, трэба было зрабіць відэазапіс тых самых танцаў на вуголлі. Але насцінары рашуча адмовіліся іх выконваць: з той прычыны, што абрад можа адбывацца толькі адзін раз на год — у Дзень святых Канстанціна і Алены…

Адпаведна, як бачым, абрад абрадам, а турбрэнд турбрэндам. І гэта — характэрнае сведчанне таго, што бізнес-тэхналогіі сёння ўжо зусім не такія простыя, як у часы росквіту Анненскага кірмашу. Каб павялічыць капіталізацыю, цяпер зусім не абавязкова нарошчваць аб’ёмы вырабу “рукачынных” гаршчкоў ці валёнкаў, прымушаючы іх канкурыраваць з прадукцыяй небезвядомай краіны, або і наогул ператвараць абрад у шоу-праграму “па замове”. Можна пакінуць усё як ёсць, але з дапамогай валёнкаў прадаваць, скажам... кефір. Ну праўда, мусяць жа неяк сябе пазіцыянаваць вытворцы малочнай прадукцыі з розных куткоў Беларусі! Такая патрэба ўзнікне ў іх немінуча — прынамсі, каб не згубіцца на паліцах мінскіх гіпермаркетаў…

Надзвычай цікавы досвед такога геаграфічнага брэндынгу практыкуецца сёння ў Азербайджане. Як распавёў Яшар Гусейнлі, вось ужо чацвёрты год там вызначаюцца сталіцы народнай творчасці. Прычым адразу ў трох намінацыях: фальклор, рамёствы і легенды (гэта значыць, краязнаўства).

— Натуральна, калі невялікі гарадок мае шанцы займець хоць на год статус сталіцы, яго муніцыпалітэт будзе прыкладаць для гэтага ўсе намаганні, ды і ў шараговых жыхароў з’явіцца дадатковая падстава ганарыцца сваімі культурнымі набыткамі, — дадаў спадар Гусейнлі.

Зрэшты, гэтыя набыткі могуць стаць і добрай нагодай для дробных спекуляцый у буйных маштабах. Вось і ў новай “усесаюзнай здраўніцы” Егіпце экскурсаводы з задавальненнем прывядуць вас за ручку ў “музей народных рамёстваў” — вядома, самы сапраўдны, у адрозненне ад таго, што размешчаны ў суседнім брызентавым намёце. І не здзіўляйцеся, калі пасля паўгадзінных спроб уперці вам нейкі шырспажыў супрацоўнік такога “музея” проста папросіць у вас долар, належным чынам прапазіцыянаваўшы ў вашых вачах не толькі сябе, але і сваю краіну.

Што й ні кажы, але нешта падобнае ўжо пачынае адбывацца і на Беларусі — няхай сабе і не ў такім маляўнічым фармаце. Не верыце? Зайдзіце ў бліжэйшы гастраном, падлічыце, колькі разоў у назвах сустрэтых вамі прадуктаў будзе ўжывацца слова “традыцыі” — і падумайце, ці да месца яно ў кожным з гэтых выпадкаў?

А вось у Літве было прыдумана простае і лагічнае выйсце з сітуацыі. Як распавяла намеснік дырэктара Літоўскага цэнтра народнай культуры Віда Шаткаўскене, тыя вытворцы (асобныя майстры альбо цэлыя фабрыкі), якія прэтэндуюць на званне “носьбітаў традыцыі”, павінны атрымаць сертыфікат. Прычым камісія яшчэ будзе разбірацца, цалкам выконваецца традыцыйная тэхналогія ці часткова. Затое на кірмашах, адпаведных нашым “гарадам майстроў”, уладальнікам сертыфіката вылучаецца адмысловае пачэснае месца, і яны маюць законныя правы пацясніць гандляроў пластмасай.

Семінар засведчыў, што нават паняційныя межы нематэрыяльнай спадчыны пакуль здатныя выклікаць спрэчкі, не кажучы ўжо пра канцэпцыі яе аховы. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша ўчыніў сапраўдную інтэлектуальную правакацыю, задаўшыся пытаннем, ці варта абмяжоўваць паняційныя межы НКС толькі сферай вясковай культуры. Бо ёсць жа яшчэ і гарадскія традыцыі, ёсць, урэшце, і спадчына савецкіх часоў...

Да кансэнсусу ўдзельнікі семінара на гэты конт не прыйшлі: усё ж стаўленне да апошняй пакуль вельмі эмацыйнае. Дыскусійнымі пакуль застаюцца і межы паміж эксплуатацыяй ды разумным выкарыстаннем, прафанацыяй ды жывым развіццём.

— Вы думаеце, што ў свеце ёсць хоць адзін чалавек, які здолее адказаць на гэтае ваша пытанне? — уздыхнула ў адказ спадарыня Сантава. — І таму ў справе аховы НКС вельмі важна назапашваць экспертны досвед. Пагатоў, тут кожны выпадак з’яўляецца спецыфічным...