Беларускі Шэкспір?

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

6 красавіка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — прэм’ера "Раскіданага гнязда" Янкі Купалы. Чым жа будзе адметная новая пастаноўка?

Гэта ўжо не першы зварот мастацкага кіраўніка РТБД, рэжысёра Аляксандра Гарцуева да дадзенай п’есы: ён ставіў яе ў 2006 годзе ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Але гэтым разам мы ўбачым прынцыпова новы варыянт. Ужо хаця б таму, што дзеянне перанесена на сто гадоў наперад. І для гэтага ёсць дадатковая нагода: сёлета купалаўскі твор можа святкаваць акурат 100-годдзе з дня свайго напісання.

/i/content/pi/cult/420/8608/1-2.jpeg

— "Раскіданае гняздо", — распавядае Аляксандр Гарцуеў, — можна ставіць бясконца. Гэтак жа, як п’есы Чэхава, крыху прызабытыя творы Горкага, не кажучы пра Шэкспіра. Гэта наша першая сапраўдная нацыянальная драма, можна сказаць, беларускі "Гамлет". Менавіта з яе пачынаецца глыбокае філасофскае асэнсаванне беларускай рэчаіснасці, псіхалогіі, нацыянальнага характару. З "Раскіданага гнязда" пачынаецца і беларускае эпічнае мастацтва. А колькі ў гэтай п’есе сімвалізму! Яна ж зусім не побытавая, як яе часам спрабуюць ставіць, а — з глыбокім сацыяльным сэнсам, дзе далёка не ўсё ляжыць на паверхні, многае пераведзена ў пласты асацыятыўных сувязей, вобразаў-сімвалаў.

Мой ранейшы зварот да гэтай п’есы быў больш традыцыйным, я ставіў яе ў адпаведнасці з тымі гістарычнымі рэаліямі, калі яна была напісана. Але час дыктуе іншае ўспрыняцце. І сёння раптам становіцца зразумела, што гэты твор — і пра нас цяперашніх. У цэнтры — зусім не заможная сям’я. Асабіста для сябе я вызначыў месца дзеяння як "сельгаспасёлак на ўскраіне Мінска". Але насамрэч гэта штосьці куды больш абстрактнае — не горад, але і не вёска — нейкая тэрыторыя, і ніяк не зразумела, дзе ўсё ж такі гэта адбываецца. Думаю, пры такім падыходзе на першы план павінен выйсці сапраўдны змест гэтай п’есы: яна не столькі пра разбураную хату, колькі — пра пошукі свайго месца ў жыцці. Зразумела, гэта змяняе многія ранейшыя акцэнты, напаўняе іншым сэнсам добра вядомыя сцэны…

Н.Б.