“Ні пятлічкі, ні лычкі з гімнасцёркі маёй…”

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Няскончаная аповесць пра мастака з Віцебска

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 9 — 11 за 2013 г.)

…Вось толькі некаторыя вытрымкі з рэцэнзій тых гадоў.

А.Эфрас: “…Зевін — растропа, халерык, аматар не толькі складанасцей, але і вастрыні ў жывапісе, які апускаецца да прыгожых банальнасцей, аднак нават умее падымацца да той, я сказаў бы, “пранізлівай выразнасці”, што ўласціва толькі такога роду мастацкім натурам…”;

Д.Барысаў: “…На выстаўках апошніх гадоў адна за адной з’яўляюцца сціплыя работы Зевіна, якія ніколі не б’юць на эфект. Крок за крокам мы з задавальненнем заўважалі адыход мастака ад некаторых фармалістычных тэндэнцый і замацаванне даравання яго на рэалістычных пазіцыях. Пасля цудоўных па адчуванні, але яшчэ друзлых пленэрных эцюдаў на тэму “мацярынства” Зевін выставіў пакаленны аўтапартрэт, дзе кампазіцыя, форма, каларыт пачалі прыходзіць у тое адзінства, якое адно толькі і можа перадаць думкі ды пачуцці мастака…”

А.Герман: “…Ён малюе рэчы невялікага памеру, часам — амаль што мініяцюры. Пры такім фармаце лягчэй дасягнуць бездакорнай дакладнасці валёраў, моцнай фактуры, насычанасці колеру…”;

А.Гінеўскі: “…Л.Зевін з самага пачатку меў у якасці настаўнікаў добрых мастакоў. Гэта і, канешне ж, прыродны густ раз і назаўсёды збераглі яго ад пошласці. Ён адразу ж трапіў на вялікі шлях мастацтва. Ідучы побач з выдатнымі майстрамі, ён не глядзеў угару, жадаючы мець падобны выраз твару. Артыстычнасць пранізвае ўсю ягоную істоту. Зевін аддана любіць мастацтва і любіць жывапіс за тое, што ён — радасны…”;

/i/content/pi/cult/419/8600/2-2.jpeg

Л.Зевін. "У садзе за шыццём". 1930-я.

Б.Рыбчанкаў: “…Леў Зевін невялічкага росту, па-юнацку стройны, зграбны, па-біблейску прыгожы і ахайны, амаль парыжанін. Прыроджаны жывапісец, абажаў Банара. Да ВХУТЕМАСа
пабываў у палоне Казіміра Малевіча і Лазара Лісіцкага. Цудоўна рысаваў. У кампазіцыі праяўляў патрабавальнасць, якая выключала ўсё выпадковае, неабгрунтаванае…”;

З англійскай рэцэнзіі: “…Зевін, сярод іншых твораў, выстаўляе акварэль “Правінцыйны горад”. У ёй сапраўдная — пластычная якасць і рэдкае пачуццё колеру. Гэта зроблена смела, лаканічна і прымушае нас жадаць бачыць творы гэтага мастака ў больш шырокім маштабе”.

Больш у шырокім маштабе напісана карціна “Купанне сына”. Вось як адазваўся пра яе Д.Барысаў: “…Не жадаючы захвальваць маладога аўтара і прызнаючы, што ў карціне ёсць значныя хібы (часцей за ўсё — малюнка), усё ж трэба павіншаваць яго з удачай: “Купанне сына” па настроі, па кампазіцыі, па каларыстычнай трактоўцы вельмі выразнае. Мастак цёпла вырашае тэму, тыповую для ўсведамлення савецкіх людзей: “адказнасць” рашуча ўсіх момантаў, звязаных з жыццём малечаў. Зевін аб’яднаў тры пакаленні — голага малыша, маці, бабулю — і змог кожнаму надаць яго характэрныя рысы. У “Купанні сына” шчырасць зевінскага таленту — у адсутнасці эцюднай “прыблізнасці” — знаходзіць цвёрдую, жыватворную глебу рэалізму”.

/i/content/pi/cult/419/8600/2-1.jpeg

Л.Зевін. аўтапартрэт са слухаўкай. канец 1930-х.

А адкуль вытокі гэтай “глебы рэалізму”? Ці не ад Юдаля Пэна, першага настаўніка Зевіна? Хачу на гэты конт прывесці фрагмент успамінаў былога “пэнаўца” Н.Эфраса: “Нам, пачаткоўцам, Пэн для нацюрморта паставіў простую шклянку. Большасць вучняў скончыла малюнак хвілін праз пятнаццаць. А адзін юнак працаваў каля трох гадзін. Мы пасмяяліся з працаголіка, а Пэн, сабраўшы ўсе малюнкі, сказаў: “Толькі адзін з вас пабачыў менавіта гэтую шклянку, астатнія ж проста ведалі, што такое наогул шклянка. У гэтай шклянцы адлюстраваны сонечны зайчык, якога вы не пабачылі. Ад яго кладзецца цень, які вы не заўважылі. На ўнутраным баку шклянкі — водбліск стала, на які вы нават не паглядзелі. Вашы шклянкі — рамесныя фота. Шклянка Зевіна — твор мастацтва”. Ні адзін з нас не стаў мастаком. Ім стаў Лёва Зевін…”

…Па вялікім рахунку, жыццё Зевіна ў 1930-я было даволі беднае на навакольныя падзеі. Яно працякала, як і ў большасці маскоўскіх мастакоў — пастаянных удзельнікаў усіх прыкметных выставак. Амаль кожны год ён ездзіў у камандзіроўку на эцюды, збіраючы матэрыял для работ па дамовах. Зімой — нястомная праца ў майстэрні над заказнымі палотнамі і акварэлямі, партрэтамі, пейзажамі і нацюрмортамі. Зевін пабываў у калгасах Херсоншчыны і Крыма, цэнтральных раёнах Расіі, канешне ж, Беларусі, дабраўся нават да калгасных краявідаў Бірабіджана. Але лепш за ўсё яму працавалася ў сярэдняй Расіі і Беларусі. Менавіта там ён знайшоў не вычварныя ды мудрагелістыя, а простыя паэтычныя матывы, якія найлепшым чынам адпавядалі яго светаадчуванню. У гэтым сэнсе Зевіну былі блізкія пейзажысты Галандыі і Барбізона, “натуралісты” (якія пісалі з натуры) Левітан, Саўрасаў і іх сучаснікі, француз Банар — па іх ён удасканальваў сваё майстэрства.

Зевін маляваў пейзажы, як правіла, маленькага памеру, амаль мініяцюры. Магчыма, тут было жаданне праз малое сказаць многае пра прыроду, якая яго паланіла, жаданне дасягнуць бездакорнай, беззаганнай дакладнасці валёраў, моцнай пастознай фактуры, інтэнсіўнасці колеру і яркасці. Гэта матывы, на першы погляд, вельмі сціплыя: прывабныя, чароўныя куточкі Віцебска, што захоўвалі яшчэ ў 30-я гады тую старажытную ўтульнасць, якую так любілі, скажам, Дабужынскі і Шагал; Далёкі Усход з яго лясамі, палямі і лугамі са статкамі; падмаскоўная зямля, абмытая дажджамі і ахутаная блакітнымі туманамі; матывы сваёй дачы ў ранішнія ці вячэрнія часы; “вобразы” розных гарадоў і вёсак... Акрамя таго, рысаваў ілюстрацыі да кніг “Жаўтаротыя” Н.Кальмы і “Гарніст” М.Святлова і нават афармляў спектаклі ў Маскве ды Адэсе. А ў мінскім БелГОСЕТЕ зрабіў у 30-я гады сцэнаграфію да спектакляў “Замежная калегія” Л.Славіна і “Скарб Напалеона” А.Айзенберга. Па разуменні тагачаснай крытыкі, Леў Зевін быў “занадта ціхі для нашых дзён і схільны да меланхоліі, што збліжае яго са старымі рускімі мастакамі ды адрывае ад рэчаіснасці”.

/i/content/pi/cult/419/8600/2-3.jpeg

Л.Зевін. "Віцебск". 1920-я.

Сапраўды, у Зевіна быў свой свет, які ён пастаянна маляваў і пісаў: жонка Фрыда (памерла ў 1953 г.), маленькі сын Жэня, сябры, сярод якіх — А.Тышлер, Л.Кішчанкаў, Г.Ніскі, С.Чуйкоў, К.Дорахаў, сціплыя прадметы побыту ў васьміметровым пакоі ў велізарнай камуналцы, малюсенькая “фазэнда” ў Падмаскоўі. Тым не менш, яго ведала ўся мастацкая Масква як вельмі спагадлівага, душэўнага чалавека, цудоўнага музыканта, па выглядзе “падобнага на Пушкіна”. І яго стрыманыя камерныя творы, часам поўныя прыхаванага драматызму, набылі некалькі правінцыйных музеяў, а таксама Траццякоўка і Рускі музей. Праўда, усе работы пасля вайны чамусьці апынуліся ў запасніках. Можа, таму, што не адказвалі догмам і прынцыпам сацрэалізму? Ды і біяграфія мастака нейкая “звычайная”. Канешне ж, ён не пісаў вялікіх фігуратыўных палотнаў на гістарычныя ды “сацыяльна значныя і важныя тэмы”, каб прабіцца ў асяродак “летапісцаў партыі і ўрада”, ды і не імкнуўся да гэтага. Зевін вельмі даражыў уласна жывапіснымі якасцямі, ведаў, што вялікія палотны несумяшчальныя з хуткаснымі тэмпамі, не любіў павярхоўнай і ненатуральнай мастацкай практыкі. Так, можа, творчасці Зевіна і бракавала маштабнасці задум, драматычнай займальнасці сюжэта, затое ўсё гэта акуплялася шчырасцю эмоцый і якасцю выканання.

Таленавіты маскоўскі мастацтвазнаўца і буйны спецыяліст па Віцебскай мастацкай школе Аляксандра Шацкіх справядліва пісала пра Зевіна: “Прыхільнасць да дынамічных змяненняў у натуры вызначыла імправізацыйную манеру яго твораў. Для малюнкаў Зевіна характэрна нервовая дакладнасць жэсту, акварэлі дораць радасць лёгкасцю маляўнічых плям, якія пераканаўча выбудоўваюць пластычны сюжэт. Рамантык у жыцці і ў мастацтве, Зевін больш за ўсё любіць жывапіс. Па яго ўласным прызнанні, маляўнічнае цеста было той першаснай матэрыяй, з якой нараджаліся яго вобразы. Мастак не ведаў стомленасці, дабіваўся насычанасці і тонкасці маляўнічых адносін на палатне".

Напрыканцы 1920-х гадоў поўнае глыбокай пашаны стаўленне да жывапіснай культуры згуртавала шэраг жывапісцаў і графікаў у мастацкую групу “Тринадцать”; у Льве Зевіне яны знайшлі аднадумцу. Гераічная спроба членаў гэтай групы абараніць гонар мастацтва перад сацрэалізмам, які набліжаўся, каштавала каму жыцця, каму жабрацтва ў забыцці і галечы да канца дзён. Нямногім было наканавана даведацца, што яны стануць пераможцамі. Традыцыйныя якасці жывапісу лічацца зараз архаікай разам з усім жывапісам як відам мастацтва. Аднак і тут Леў Зевін з калегамі ўяўляецца своеасаблівым пераможцам: высокія каштоўнасці жывапісу, якія ён спавядаў усё жыццё, — каларыт, эмацыйнасць, захапленне вока — не страчваюць сваёй сапраўднасці і ўлады над гледачом.

Сярод твораў Зевіна прыцягваюць увагу такія работы, як некалькі партрэтаў яго жонкі Фрыды Рабкінай, “Партрэт Давіда Ойстраха”, “Партрэт мастака Рыгора Філіпоўскага”, “Партрэт мастака Меера Аксельрода”, “Захад сонца на рацэ”, “Квартэт”, “Аўтапартрэт з люлькай”, “Месяц над Істрай”, “Лета”, “Зіма”, “Віцебскі пейзаж”, “Скрыпач”, “Гарадскі сад”, “Аўтапартрэт з жонкай”, “За кулісамі цырка”, “Тэатральная ложа”, “Газета атрымана”, “Змрок”, “Аблокі над возерам”, “Набярэжная” і тая самая, мабыць, апошняя, работа — “Швейная фабрыка ў Віцебску”. А яшчэ шмат афортаў, гуашаў, алоўкавых малюнкаў, акварэлі… Усе гэтыя ды іншыя творы экспанаваліся на персанальных выстаўках Льва Зевіна ў Маскве ў 1991 г. (ЦДМ на Крымскай наб.) і ў 2002-м (“Галерэя на Чыстых Прудах”), у Доме-музеі І.Д. Сыціна ў 2004 г., у некаторых калектыўных экспазіцыях. Але большасць работ мастака, як я казаў вышэй, пакуль захоўваюцца ў запасніках Траццякоўкі, Рускага музея, а таксама ў маскоўскім Пушкінскім музеі (аддзел графікі), у музейных фондах Тбілісі, Чэбаксар, Цюмені, Арла, у прыватных калекцыях. Многія ж творы Зевіна наогул згінулі немаведама дзе…

Хачу скончыць свой нарыс словамі любімага настаўніка Зевіна — Роберта Рафаілавіча Фалька: “Нягледзячы на ўплыў знакамітых майстроў жывапісу, Льву Зевіну ўдалося застацца самім сабой, знайсці свой стыль, сваю манеру: дзіўна пяшчотныя, лёгкія колеры, мяккая пластыка, дакладны падбор фарбаў…”

Можа, калі-небудзь і мы, беларусы, убачым мастацтва нашага земляка ў Мінску ды Віцебску?..

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"