Ад Каліноўскага да Ігнатоўскага

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Тэме ўгодкаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага прысвечаны шэраг разнастайных асветніцкіх праектаў. Так, у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка “Паўстанне 1863 — 1864 гг.”, дзе дэманструюцца творы графікі, кнігі, дакументы і іншыя помнікі ХІХ стагоддзя.

У рамках праекта прадстаўлена больш за 30 арыгінальных гравюр з французскага часопіса “Le Monde illustre”, а таксама друкаваныя выданні і рукапісныя дакументы — апублікаваныя ўспаміны сучаснікаў падзей, творы грамадска-палітычных дзеячаў, гістарычныя даследаванні, узоры фалерыстыкі і сфрагістыкі. Асобнай увагі заслугоўвае калекцыя гравюр, якая экспануецца ўпершыню. На гэтых выявах вачыма еўрапейцаў можна ўбачыць падзеі 1863 — 1864 гг., што адбываліся на землях сучаснай Беларусі, Літвы, Польшчы.

Акрамя таго, нядаўна адкрылася кніжная выстаўка “За годнасць! За Бацькаўшчыну!”, аснову якой склалі кнігі і часопісы з фонду аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай Бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. На выстаўцы прадстаўлена каля дваццаці выданняў 1863 — 1910 гадоў, у тым ліку адно з першых даследаванняў гісторыі паўстання — “Сведения о польском мятеже 1863 года в северо-западной России”, складзенае генералам В.Ф. Ратчам.

/i/content/pi/cult/419/8599/1-6.jpeg

Адна з гравюр на выстаўцы.

Як адзначыла супрацоўнік названага аддзела Вераніка Мітракова, гісторыя стварэння гэтай кнігі вельмі цікавая: яшчэ на пачатку 1864-га віленскі генерал-губернатар М.Мураўёў задумаў падрыхтаваць кнігу пра падзеі 1863 года. Губернатарам паўночна-заходніх губерняў, а таксама старшыням губернскіх следчых камісій было накіравана даручэнне скласці “нарыс аб пачатку і ходзе былога мяцяжа па губерніі і аб польскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якая існавала ў ёй”. Абагульненнем гэтых матэрыялаў і займаўся В.Ратч. Акрамя таго, яму было дазволена прысутнічаць пры допытах у следчых камісіях і размаўляць з арыштаванымі ўдзельнікамі паўстання, ён мог карыстацца перахопленай перапіскай і канфіскаванымі паперамі паўстанцаў. У выніку ў 1867 — 1868-х былі выдадзены два тамы “Звестак...”. Менавіта ў гэтых кнігах утрымліваюцца каштоўныя даныя пра Кастуся Каліноўскага, якія не захаваліся ў архіўных дакументах.

Яшчэ адно цікавае выданне, што ўяўляе з сябе штотыднёвую хроніку падрыхтоўкі паўстання і яго падзей пачынаючы з 1861 года, — “Седмицы польского мятежа 1861 — 1864”. Яно было падрыхтавана М.Паўлішчавым на аснове штотыднёвых справаздач, якія складаліся ім для імператара Аляксандра ІІ у 1861 — 1864 гг. Трэба адзначыць, што М.І. Паўлішчаў з 1831-га служыў у царскай адміністрацыі ў Варшаве і быў добра знаёмы з асаблівасцямі польскага нацыянальнага руху.

На выстаўцы прадстаўлены і першыя беларускія даследаванні, з якіх у 1920-х пачалося станаўленне беларускай гістарыяграфіі падзей паўстання і дзейнасці аднаго з яго кіраўнікоў — Кастуся Каліноўскага. Гэта выдадзены ў 1927-м зборнік дакументаў аб паўстанні “1863 год на Міншчыне” і першая айчынная манаграфія “1863 год на Беларусi” У.Ігнатоўскага, які даў грунтоўны навуковы аналіз падзей паўстання і поглядаў Каліноўскага. Заходнебеларуская гістарыяграфія 1930-х прадстаўлена рэфератам Адама Станкевіча “Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі”.

Варта адзначыць, што ў фондзе захоўваюцца і замежныя выданні, прысвечаныя першай беларускамоўнай газеце “Мужыцкая праўда”, што выходзіла пад час паўстання. Тэксты “Мужыцкай праўды” і “Лістоў з-пад шыбеніцы” К.Каліноўскага, з каментарыямі, падрыхтаванымі Я.Запруднікам і Т.Э. Бэрдам, былі выдадзены ў 1980 годзе ў Нью-Ёрку, а пасля перавыдадзены ў Лондане.

К.А.