Чытацкі білет для… нованароджанага

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Сёння многія бібліятэкі Случчыны выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці новыя цікавыя формы і кірункі дзейнасці, абапіраючыся пры гэтым на вопыт замежных калег, які адаптуюць пад свае ўстановы і чытачоў. Прапануем сваю пяцёрку топ-ідэй.

Людміла ГУРЫНОВІЧ, дырэктар Слуцкай раённай сістэмы публічных бібліятэк

/i/content/pi/cult/419/8597/2-2.jpeg

1. Рэбрэндынг

Працэс уяўляе з сябе аб’яднанне элементаў: імя ўстановы, дэвізу абслугоўвання (да прыкладу — “Спытай бібліятэкара”) ці наймення прадукту, сімволікі, лагатыпа, слогана, вытрыманасць стылю ў дызайне публікацый ды іншае.

Удалы рэбрэндынг дазваляе выйсці на новы ўзровень развіцця, дапамагае прыцягнуць увагу новых карыстальнікаў і павялічыць лаяльнасць існуючых. У сучасных умовах бібліятэка будзе заўжды запатрабавана, калі займее ўласную ўнікальную нішу ў сістэме камунікацый, прадаставіць тыя паслугі, якія ніякая іншая арганізацыя не ў стане прапанаваць у роўным аб’ёме і з той жа якасцю.

2. Геакэшынг

Гэта новая форма экскурсіі па бібліятэцы. Група чытачоў дзеліцца на каманды, для кожнай выбіраюцца капітаны. Каманды атрымліваюць маршрутныя лісты з каардынатамі тайнікоў і адпраўляюцца ў вандроўку. Пераможцы знаходзяць запаветны “клад”. Такая форма работы дае магчымасць чытачам самім датыкнуцца да кнігі, пакарыстацца каталогам, адчуць сябе ў бібліятэцы паўнапраўным гаспадаром. А гэта, пагадзіцеся, залог таго, што наведвальнік ізноў прыйдзе ў бібліятэку, каб правесці вольны час, папрацаваць у Інтэрнэце, пачытаць і сустрэцца з сябрамі.

3. Букстарт

У аснове яго — агульнанацыянальная праграма Міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі, мэтай якой з’яўляецца прывіццё дзецям любові да чытання з самага ранняга ўзросту.

Бібліятэкары каардынуюць работу са школай, маладзёжнай арганізацыяй, сацыяльнымі службамі. Аб’ект увагі — дзеці да 17 гадоў, а таксама — праблемныя падлеткі. Бібліятэкары ўдзельнічаюць у праграме “Bookstart”, па ўмовах якой кожны нованароджаны атрымлівае ад установы спецыяльны пакет, у якім ёсць чытацкі білет і набор кніг для маладых бацькоў. А ёсць яшчэ і праграма, паводле якой падарункі прадугледжаны для ўсіх чатырохгадовых дзяцей.

4. Эдзьютэйнмент

Тэрмін узнік ад зліцця англійскіх слоў “education” (“адукацыя”) і “entertainment” (“забава”). А ўсё разам — інтэлектуальны дасуг. Бібліятэкі пераўтвараюцца ў месцы рэалізацыі творчай актыўнасці абслугоўваемай аўдыторыі. Тут ладзяцца лекцыі, дыскусіі, адкрываюцца клубы па інтарэсах і г. д. З дапамогай эдзьютэйнменту цяжка атрымаць фундаментальныя веды ці, скажам, новую прафесію, але можна стаць больш эрудзіраваным і проста добра прабавіць час. Сустрэчы праходзяць у нефармальнай абстаноўцы і нагадваюць стасункі старых сяброў, нават калі людзі бачаць адно аднаго ўпершыню ў жыцці. Інакш кажучы, удзельнікі эдзьютэйнмент-мерапрыемстваў маюць магчымасць у нефармальнай абстаноўцы абмеркаваць самыя розныя пытанні і атрымаць патрэбную інфармацыю.

5. Фарсайт, або фарсайтынг (“foresighting” — прадбачанне)

Фарсайт актыўна выкарыстоўваецца ў бізнесе. Цяпер ён усё больш пераходзіць у сферу сацыяльных, грамадскіх, культурных стасункаў. Фарсайт — гэта сістэматычны, сумесны працэс пабудовы бачання будучыні, скіраваны на павышэнне якасці рашэнняў, што прымаюцца ў наступны момант, і паскарэнне сумесных дзеянняў. Краіны, якія прэтэндуюць на лідарства ў сучасным свеце, пачалі працаваць на стварэнне мадэлі сваёй сацыяльнай будучыні і актыўна ўключаюць у гэты працэс грамадства. Ідэя фарсайта — будучыню можна ствараць, яна залежыць ад прыкладаемых намаганняў. Менавіта такое творчае прадбачанне, па маім меркаванні, зробіць больш паспяховай будучыню не толькі бібліятэк, але і культуры ў цэлым.

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце тэму на facebook.com/kimpressby і twitter.com/kultura_by!