Рунее старадаўняе мастацтва

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Магілёў: найвышэйшы пілатаж харэаграфіі

Па перакананні этнахарэографа Міколы Козенкі, “Рунь” — адзін з лепшых самадзейных калектываў рэспублікі. Харэаграфiчны ансамбль “Рунь”, “прапісаны” ў Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу, быў створаны ў 1983-м. Сёлета ён святкуе 30-годдзе. Стваральнік “Руні”, яе нязменны мастацкi кiраўнiк i пастаноўшчык танцаў, — Вiктар Папоў, балетмайстар — Таццяна Папова. Ансамбль носіць званне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/419/8594/1-2.jpeg

Віктар Папоў здолеў стварыць калектыў аднадумцаў. А аб’ядналі іх лепшыя традыцыi беларускай культуры. Развіццё аўтэнтычнага народнага танца свайго рэгіёна — не толькі аснова стратэгіі мастацкага кіраўніка, але і характэрная рыса непаўторнага творчага аблічча “Руні”. Трыццацігадовае творчае жыццё яе — гэта імкненне вывесці бытавы народны танец на ўзровень высокага сцэнічнага мастацтва. Таму і не старэюць “Лявоніха”, “Таўкачыкі”, “Жабка”, “Варатынская кадрыля”, “Хаханькі з брылямі”, “Званочкі”, “Люляшы”…

Пры ансамблi быў створаны аркестр народных інструментаў, якi разам з традыцыйнымi мае самабытныя народныя iнструменты: лiру, гудок, кмен, жалейкi… Кiруе аркестрам Сяргей Тужыкаў. Агульны склад “Руні” пяцьдзясят чалавек. Гэта рабочыя і служачыя прадпрыемстваў горада, студэнты ВНУ і старшакласнікі.

Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, у тым ліку і за мяжой: у Англii, Балгарыi, Германii, Iспанii, Iталii, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Украіне, Францыі. “Рунь” — лаўрэат i дыпламант больш чым трыццаці рэспублiканскiх i мiжнародных фестываляў народнай творчасці і конкурсаў харэаграфічнага мастацтва, а таксама — уладальнік спецыяльнага прыза Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” за лепшую апрацоўку беларускiх народных танцаў, а таксама прыза Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі за арыгінальную апрацоўку беларускага фальклору.