Сольнік у фармаце вяртання

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

25 сакавіка Палац культуры ў Маладзечне будзе гасцінна прымаць знакамітую Надзею Мікуліч і... гурт “Чараўніцы”. Створаны Генадзем Лятынскім, гэты ансамбль, які ў свой час быў адным з калектываў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, перамог на Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, не сыходзіў з тэлеэкранаў ды аб’ездзіў з гастролямі ўсю краіну і замежжа, — адрадзіўся канчаткова. І, падобна на тое, надоўга. Бо напярэдадні дзяўчаты далі паўнавартасны сольнік у Канцэртнай зале “Мінск”. Праўда, на Малой сцэне, але — з аншлагам.

Да гэтай падзеі “Чараўніцы” ішлі паступова. На працягу двух апошніх гадоў іх можна было пачуць з асобнымі кампазіцыямі і ў праектах “Залатая калекцыя беларускіх песень”, і на розных фестывалях, уключаючы “Славянскі базар у Віцебску” ды “Залаты шлягер” у Магілёве. Іх песні пачалі трывала з’яўляцца ў эфіры Беларускага радыё. І вось, нарэшце, сольнік. У складзе “тры плюс тры” — трое вакалістак і трое дзяўчат-духавікоў (два саксафоны і труба), — на фоне фанаграмы-мінусоўкі, дзе прапісана, найперш, рытм-секцыя. Сольнік сабраў усё лепшае, што было назапашана ў рэпертуары калектыву за час яго ранейшага існавання. Асабліва прыемна, што ў цэнтры ўвагі, як і калісьці, апынуліся беларускія і, падкрэслім, беларускамоўныя песні. Тут і фальклорныя апрацоўкі (“Ой, сівы конь бяжыць”, “А ў полі вярба”, “Рэкрут”), і песні кампазітараў, якіх ужо няма з намі: Юрыя Семянякі, Уладзіміра Будніка. Зразумела, усе кампазіцыі атрымалі новыя аранжыроўкі. Іх рабіў пераважна Дзмітрый Парфёнаў, які працуе ў Тэатры песні Ірыны Дарафеевай. Але акапэльная апрацоўка, што вабіла сакавітымі акордавымі гронкамі, належыць мастацкаму кіраўніку гурта Вользе Макушынскай. Цікава, што сольныя песні асобных удзельніц гурта мелі свае недахопы. Разам жа галасы гучалі — зладжана і бездакорна. І ў гэтым таксама яе заслуга.

— Беларускі рэпертуар, — кажа арт-дырэктар “Чараўніц” Людміла Пасмурцава, якая ў гурце грае яшчэ і на трубе, — гэта прынцыпова. Раней многія песні пісаліся менавіта для нас. І сёння як ніколі стала зразумела, якое гэта насамрэч багацце, наколькі тыя “старыя” песні актуальныя, бо маюць адметнасць, вылучаюцца сваёй нешараговасцю. Публіка, вядома, хоча паслухаць і сусветныя шлягеры — мы іх таксама спяваем. Але галоўным застаецца наша, беларускае. Мы аднавілі лепшае старое, але востра паўстала пытанне далейшага развіцця. І мы гатовы для далейшага супрацоўніцтва з кампазітарамі ды паэтамі, спадзяёмся, што не толькі самі будзем шукаць песні, але і творцы будуць іх пісаць у разліку на наш калектыў.

/i/content/pi/cult/419/8591/3-1.jpeg

Сайт калектыву, сцэнічныя строі, пошукі рэпетыцыйнай базы, канцэртных выступленняў — усё рабілася самастойна, без прадзюсараў ды спонсараў: на былых кантактах, на ўласныя грошы. Зараз гурт мае статус аматарскага калектыву Рэспубліканскага Дома ДАСААФ.

— Жаданне аднавіць “Чараўніцы”, — працягвае Людміла Пасмурцава, — многім здавалася нязбыўным. Гэты праект сапраўды ў нечым авантурны: усе мы дзесьці працуем, а збіраемся разам у вольны ад працы і хатніх спраў час. Для жанчын вылучыць гадзіны на такія “вольныя заняткі мастацтвам”, ды яшчэ сінхронна, каб супадала з жыццёвым графікам астатніх, куды праблематычней, чым, да прыкладу, для мужчын. Але ў нас атрымалася: таму, што мы любім музыку, сцэну. І таму, што нашы сем’і нас разумеюць ды падтрымліваюць…

Адзін з незабыўных момантаў вечара — песню пра маці разам з Людмілай Навумовіч выканаў яе сын, акампаніруючы ёй на фартэпіяна. І ўсе ўдзельніцы калектыву рушылі ў залу, каб падарыць кветкі сваім бацькам. Але гэта толькі частка агульнага паважлівага стаўлення да гісторыі ансамбля. На экране ледзь не на працягу ўсяго канцэрта ішлі кадры выступленняў колішніх “Чараўніц”, на вечар былі запрошаны ранейшыя ўдзельнікі, некаторыя з іх (тая ж Марыя Скірда, якая зараз жыве ў Маскве) далучыліся да выканання. А з Надзеяй Мікуліч, якая ўвайшла ў склад “Чараўніц” яшчэ калі ансамбль толькі пачынаў сваю кар’еру як калектыў мастацкай самадзейнасці ў Гродне, — кантакты самыя, бадай, трывалыя: шэраг сумесных выступленняў: "жыўцом", з беларускімі песнямі.

На здымку: абноўлены склад "Чараўніц".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"