Арыя — не факультатыўная!

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Наша Маша: раяль і спеў

Дадамо, што конкурс сабраў каля 60 удзельнікаў, з іх ажно 40 — сапрана. У другі тур былі дапушчаны ўсяго 16 чалавек, а прызёрамі сталі — толькі сямёра. Акрамя Польшчы і Беларусі, былі прадстаўлены такія краіны, як Аўстрыя, Балгарыя, Германія, Латвія, Ліван, Манака, Турцыя. У складзе журы — ніводнага беларуса. А сярод “пераможнай сямёркі” Маша аказалася — адзінай іншаземкай. Хаця чаго здзіўляцца? Гэты конкурс быў для маладой спявачкі ўжо другім: летась у жніўні, таксама ў Польшчы, яна атрымала Прыз глядацкіх сімпатый.

— На гэты конкурс, — расказала Марыя Шабуня, — я ехала, найперш, каб паспяваць з аркестрам. Дагэтуль я выступала толькі з сімфанічным аркестрам Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага, удзельнічала сёлета і ў тамтэйшым Міжнародным фестывалі “Студзеньскія музычныя вечары”. Але там я выконвала іншы рэпертуар: Вальс Джульеты з оперы Гуно, Песню Джудзіты з аперэты Легара. А тут — канцэрт лаўрэатаў праходзіў у Вроцлаўскім оперным тэатры: тры ярусы гледачоў, шыкоўная акустыка. І — знакамітая арыя Разіны з “Севільскага цырульніка” Расіні...

/i/content/pi/cult/419/8589/1-2.jpeg

— ...Куды многія вакалісткі ўносяць свае ўласныя кадэнцыі, насычаныя неверагоднымі фіярытурамі…

— Я таксама спявала са сваімі “ўпрыгожаннямі”, хаця дырыжор Басэм Акіні (а ён быў запрошаны з Лівана) прызнаўся, што гэтай оперы ў яго рэпертуары няма: ёсць Моцарт, Пучыні, сучасныя творы. Так што атрымаўся “падвойны дэбют”. Але аркестр вельмі чуйна падтрымліваў мяне, і гэта надавала сілы. Так атрымалася, што неяк не асабліва цікавілася, хто ўзначальваў міжнароднае журы. А як даведалася, ужо пост-фактум, што гэта сусветная зорка Тэрэза Жыліс-Гара, якая чатырнаццаць сезонаў спявала ў “Метраполітэн-опера” і супрацоўнічала з усімі вядучымі тэатрамі, дык ледзь не страціла прытомнасць...

— Гэта і было самым яркім уражаннем?

— Не, рэпетыцыя “Фальстафа”. У Вроцлаўскай оперы адначасова праходзіў Фестываль Вердзі. Спектаклі паглядзець не давялося, але магчымасць прысутнічаць на рэпетыцыі часам дае яшчэ больш. Шкада толькі, што з-за паездкі прапусціла ў нашай філармоніі сольны канцэрт Сяргея Мікуліка, у якога вучуся па фартэпіяна…

Н.Б. На здымку: Марыя Шабуня са старшынёй журы Тэрэзай Жыліс-Гара.