Калыханка для каханка?

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Прывіды па зале не ляталі…

У рамках Творчай лабараторыі тэатраў лялек Беларусі ў сталіцы адбыліся паказ і абмеркаванне крытыкамі спектакля “Вій. Страшная помста” Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

Гэта было ўжо пятае “сумеснае пасяджэнне” айчынных майстроў лялькі і вострага пяра. Пачынаючы з канца кастрычніка ці не штомесяц Беларускі дзяржаўны тэатр лялек адкрывае дзверы для калег з усіх куткоў краіны. Свае пастаноўкі ўжо дэманстравалі Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” і Магілёўскі абласны, якія звярнуліся да творчасці вядомага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва. Першы прывозіў пастаноўку “Певень, Кот, Цмок і іншыя” паводле п’есы “Чарнакніжнік”, другі — “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”. Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек прыязджаў у Мінск са спектаклем “Над прорваю ў жыце” паводле Дж.Сэлінджара, а сталічны тэатр, араганізатар і гаспадар Лабараторыі, прадстаўляў “Дзядоў” паводле А.Міцкевіча маладога, але ўжо нашумелага рэжысёра Аляксандра Янушкевіча. 4 красавіка мы зноў сутыкнёмся з творчасцю М.Гогаля: Беларускі тэатр “Лялька” з Віцебска прапануе “Запіскі вар’ята”. А ў маі брэстчане завершаць агляд лепшых лялечных спектакляў беларуска-славенскай “Пякарняй “Мыш-Маш” па казцы Святланы Макаровіч.

/i/content/pi/cult/419/8586/1-2.jpeg

Пры ўсёй разнастайнасці падрыхтаваных спектакляў, гродзенцаў чакалі з асаблівай цікавасцю: што ж там такога “нахамутаў” (ад імя галоўнага героя — Хамы Брута) галоўны рэжысёр тэатра, уладальнік Гран-пры Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі (і шэрагу іншых прызоў, у тым ліку замежных) Алег Жугжда? Перад пачаткам той выйшаў да гледачоў і папярэдзіў: маўляў, нічога інтэлектуальнага ў спектаклі не будзе, гэта ўсяго толькі "страшная казка для дарослых", але — з добрым фіналам… На тое, вядома, і настроіліся гледачы. Атрымалася ж — не страшна і не казачна. І не для дарослых (аголеная лялька не ў лік). І без шчаслівага фіналу, у які, праўда, не зусім і верылася…

У Алега Жугжды, як і ў кожнага таленавітага творцы, спектаклі сустракаюцца розныя па ўзроўні: ёсць конкурсныя, авангардныя, “шматслойныя”, а ёсць і больш простыя, дзе хіба адна-дзве дэталі выяўляюць аўтарскі почырк. “Вій...” — сярод апошніх, за што рэжысёр і “атрымаў” пад час абмеркавання. Але прафесіяналізм — гэта, насамрэч, не найвышэйшая рыса, якая азначае завоблачны ўзровень, а тая найніжэйшая, за якую майстра папросту не можа апусціцца ні пры якіх абставінах. Ну не ўмее ён ніжэй! У “Віі...” ёсць усё неабходнае для добрага прафесійнага спектакля. Але ўсе элементы так паслядоўна расстаўлены “па палічках”, што не хапае адчування вольнага палёту — менавіта таго, за што мы і цэнім Алега Жугжду. Магчыма, перашкодзіла надта доўгае выношванне задумы?..

П’еса паводле Гогаля напісана самім рэжысёрам. Але замест “сцэнічнай фантазіі на гогалеўскія тэмы”, як пазначана ў праграмцы, перад намі паўстаў якасны, лагічны, удасканалены візуальнымі эфектамі пераказ “Вія”. Са “Страшнай помсты” — фрагмент пра “Днепр пры ціхім надвор’і”, укладзены ў вусны русалак. І, мабыць, тэма магчымай жарсці “нячыстай здані”, “пярэваратня” да жывога чалавека (у “...Помсце” — бацькі да дачкі, тут — Панначкі да Хамы): пункцірна, ды больш паэтызавана. Але галоўнае — з твора Гогаля ўзята Украіна, пазбаўленая лубка, гапака, гарбузоў ды іншых штампаў. Спектакль, насычаны жывымі спевамі (у выдатным выкананні!), — хутчэй, рамантызавана-фальклорны экскурс, чым уласна фантазія. Удала ўведзена ідэя “вертэпа” — украінскага лялечнага тэатра з удзелам “жывых” артыстаў. Паказаны студэнтамі-бурсакамі “спектакль у спектаклі” не застаецца ўстаўным нумарам, а наўпрост перагукаецца з далейшымі падзеямі. Фінальны зварот да “вертэпа” не толькі замыкае канструкцыю своеасаблівай рэпрызнасцю, але і ператварае саму гісторыю Хамы і Панначкі (быццам бы “рэальную”, толькі што ўбачаную “на свае вочы”) у народнае паданне, таксама быццам бы ўвасобленае ў вертэпе.

Верагодна, больш акрэсленай магла б стаць лінія паступовага “ачалавечвання” вядзьмаркі: ад агіднай старой да лялькі-прыгажуні і, нарэшце, дзяўчыны, якая спявае калыханку — свайму магчымаму каханку. Больш вынаходлівым па сваім увасабленні мог аказацца “свет цемры” — з яго вылучаюцца хіба “мерцвякі” з маскамі на патыліцах, што адразу надае іх постацям і рухам “нечалавечае” адценне. Не хапала і інтэрактыву. Ну звярнуліся бурсакі за сумленна заробленай капейчынай (вертэп жа паказвалі!), не атрымалі нічога, махнулі рукой — і рушылі “ў ноч”. А пайшлі б з капелюшом углыб залы, дык гледачы атрымалі б гульню-разрадку, а артысты — “на мінералку”. Дый здані маглі б палётаць па зале — для “страху”, дарослай казачнасці і “абуджэння” публікі.

Пакуль жа атрымліваецца, “Вій…” — каб яго адно глядзець. Адным вылупленым вокам, як у Вія. Не думаць. Не ўдзельнічаць. Іншымі словамі — спаць з адкрытымі вачыма. Бо душа на “Віі…” так і застаецца дзесьці “за нябачным шклом” — як загінулы Хама, якога сябры-бурсакі не заўважаюць. Дык, можа, спектакль менавіта пра гэта? Вельмі ж хочацца, каб у Жугжды было, як раней, — пра ўсё. А не толькі, што “ўсе бабы — ведзьмы”. І трэба мужыку памерці, каб у іх прачнулася нешта жывое і чалавечае — хаця б калыханка...

На здымку: сцэна са спектакля “Вій. Страшная помста”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"