Кластар — не “пыл у вочы”!

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Ці зацікавіць Чэмпіянат свету па хакеі “аграсядзібны шансон”?

Тэма аграэкатурызму стала прапісана на нашых старонках. Наўпрост ці ўскосна яна прысутнічае ў шмат якіх матэрыялах “К”, прысвечаных рэгіянальнай культуры — яе духоўным і матэрыяльным аспектам. Аграэкасядзіба ў ідэале бачыцца як месца, дзе прыватная ініцыятыва працуе на дзяржаўныя інтарэсы, у прыватнасці, тым, што спрыяе пазітыўнаму іміджу краіны ў вачах суайчыннікаў і замежнікаў. Бо адзін з нацыянальных брэндаў Беларусі — яе багатая прырода.

Тое, што аграэкатурызм — справа дзяржаўная, засведчыла і нядаўняя сустрэча з прэсай прадстаўнікоў Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Мінскага аблвыканкама. Тэма прэс-канферэнцыі — “Аграэкатурызм як адзін з кірункаў удасканальвання сельскай інфраструктуры”. Каб высветліць культурны кантэкст тэмы, рэдакцыя “К” не толькі накіравала на прэс-канферэнцыю свайго карэспандэнта, але і даследавала пасля яе правядзення наяўныя праблемы.

“Ланцуговая” рэакцыя

Міністэрства прадстаўляла начальнік аддзела маркетынгу і якасці турпаслуг Дэпартамента па турызме Юлія Копаць, аблвыканкам — начальнік аддзела арганізацыйнай працы, аздараўлення насельніцтва і турызму ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Інга Малашкевіч. Яны паведамілі, што па колькасці аб’ектаў аграэкатурызму па краіне лідзіруе Міншчына, на другім месцы — Віцебшчына. У Мінскай вобласці — 412 сядзіб. Існуе пэўная заканамернасць: чым бліжэй да сталіцы — тым больш аб’ектаў аграэкатурызму (найбольшая канцэнтрацыя — у Мінскім і Лагойскім раёнах), у той час як у некаторых аддаленых рэгіёнах сталічнай вобласці іх няма ўвогуле.

Як пазітыўная адзначана тэндэнцыя аб’яднання сядзіб у кластары, калі некалькі аб’ектаў аграэкатурызму дапаўняюць адно аднаго, перадаюць турыста “па ланцугу”. Такім чынам “тур выхаднога дня” (на такой форме спецыялізуецца большасць аграэкасядзіб), ператвараецца ў тыднёвы адпачынак. А на Гродзеншчыне, багатай на помнікі гісторыі, здараецца, што кластар “трымае” турыста па два тыдні. Яшчэ адна тэндэнцыя — спецыялізацыя сядзіб: акрамя начлегу і ежы госцю прапаноўваюць наведанне музея пры сядзібе альбо музычнай імпрэзы.

Спікерам падаецца перспектыўным развіццё "зялёных" маршрутаў у Вілейскім, Маладзечанскім і Валожынскім раёнах на базе мясцовых кластараў. А Валожыншчына разглядаецца як узорны і адначасова эксперыментальны рэгіён: на яго досведзе плануецца стварыць мадэль для ўсёй краіны.

Плён і канфлікты

Але як бізнесмэну-пачаткоўцу прыдбаць зыходны капітал? Пры сённяшніх стаўках рэфінансавання бывае цяжка атрымаць банкаўскі крэдыт на развіццё справы. Гэтая сітуацыя была агучана на прэс-канферэнцыі. Але, па словах прамоўцаў, фінансавыя пытанні — да канкрэтнага банка (дарэчы, аграэкатурызмам, згодна з заканадаўствам, можа займацца грамадзянін, які стала жыве на вёсцы і трымае гаспадарку).

Стасункі гаспадароў сядзіб з мясцовай ўладай? Здараецца, што сядзіба чакае гасцей, а ёй “у планавым парадку” на тыдзень адключаюць электрычнасць… Ці не дапрасіцца, каб камунальнікі дарогу ўладкавалі... Спадарыня Копаць прызнала, што непаразуменні — існуюць, але асабіста яна неаднойчы ладзіла сустрэчы для вырашэння наяўных праблем. Па яе словах, выпадкаў плённага супрацоўніцтва гаспадароў сядзіб і ўлады — куды больш.

Нашы аграэкасядзібы наведваюць, у асноўным, нашы ж грамадзяне. Далей ідуць расіяне. А ўсяго — турысты з пяцідзесяці краін, сярод якіх — Германія, ЗША, Аўстралія... Людзі з далёкага замежжа часцей за ўсё замаўляюць месцы праз расійскіх тураператараў. Гэта інфармацыя да роздуму. Ці патрэбны нам пасярэднік?

Актуальнае пытанне сертыфікацыі сядзіб (вызначэнне класнасці па аналогіі з гатэлямі). Найбольш камфартабельныя мусяць быць задзейнічаны на абслугоўванне Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Аказалася: сертыфікацыя не адбываецца таму, што экспертаў трэба прывезці на сядзібу і адвезці назад, а ў бюджэце Мінспорту, якому даручана гэтая справа, грошы на бензін не прадугледжаны…

Не “завязаны”…

Карэспандэнт “К” пацікавіўся, ці скаардынавана Праграма развіцця агратурызму з іншымі дзяржпраграмамі — у прыватнасці, “Культура Беларусі”, “Замкі Беларусі”? Чаму б турыстам, якія бавяць час на аграэкасядзібах, не далучыцца да нашай экзотыкі альбо спадчыны? І яшчэ пытанне ад “К”: ці кантактуюць згаданыя кластары з аргкамітэтамі фестываляў, якіх летам па ўсёй Беларусі процьма, а размясціць гасцей у райцэнтрах няма дзе? У адказ спадарыня Копаць патлумачыла, што дзяржпраграмы не павінны дубліраваць адна адну. Таму “Культура Беларусі” — асобна, а аграэкатурызм — асобна. Прычым апошні разглядаецца ў дадзеным выпадку як сродак удасканальвання вясковай інфраструктуры. Што ж да музычных фестываляў, то афіцыйна сядзібы не “завязаны” на іх арганізацыю. А шкада...

Няма “прамоўшну”, а народнае мастацтва — незапатрабаванае?

Маючы інфармацыю, задаем пытанне начальніку Валожынскага райаддзела культуры Вікенцію АДАМОВІЧУ. Цікавімся пра стасункі з мясцовым кластарам.

— Кластар — добрая ідэя, — адказвае Вікенцій Мікалаевіч. — Гэта ўзаемадапамога. Трэба гасцям сядзіб канцэрт самадзейнасці, экскурсія, наведанне музея — аддзел культуры гатовы дапамагчы. Але ад таго кластара павінны мець выгоду не толькі гаспадары сядзіб. Бо некаторыя з іх лямантуюць, маўляў, дзяржава ім не дапамагае — не будуе да сядзіб дарогі, крэдыты прапануе недастаткова льготныя, — а пытанне, якая карысць дзяржаве ад гэтых фальваркаў, нават і не ставіцца!

Ёсць гаспадары, якія могуць самі граць на інструментах. Іншыя ж замаўляюць у райаддзеле для сваіх гасцей выступленні нашых артыстаў. У такіх выпадках мы забяспечваем не толькі саму імпрэзу, але і транспарт. Потым “па безналу” выстаўляем рахунак паводле дзяржаўных расцэнак. Нармальная практыка. Кепска ж, калі з нашымі артыстамі дамаўляюцца ў абход аддзела. І з падобным я буду змагацца.

Карацей, бачу перспектыву плённых кантактаў з кластарамі, але іх юрыдычная база павінна быць бездакорнай. Праўда, і нам у дадзенай сітуацыі варта парупіцца пра ўласны “прамоўшн”, каб з намі супрацоўнічалі…

Наступны суразмоўца — начальнік аддзела культуры з Калінкавічаў Уладзімір ЕЛІСЕЕЎ.

— Бывае, зрэдчас гаспадары сядзіб звяртаюцца да нас з просьбай наладзіць канцэрт для сваіх гасцей. Прынамсі, двойчы такія замовы паступалі ад гаспадароў сядзібы ў Малых Аўцюках. Уласна кажучы, гэта не зусім сядзіба: гэта комплекс, у якім — Музей гумару, што мы адкрылі летась, карчма, а на другім паверсе — некалькі гасцявых пакояў. Крыўдна, што ў нашым турыстычным бізнесе ўвогуле і ў аграэкатурызме ў прыватнасці не запатрабаванае народнае мастацтва. Але тут вызначальная не пазіцыя гаспадароў сядзіб, а тая акалічнасць, што наша насельніцтва (а турызм у Беларусі — збольшага ўнутраны) не гатова плаціць грошы за паслугі культуры, калі гэтая культура свая. Вось каб паглядзець на замежных зорак, грошы панясуць, а за тое, каб дакрануцца да сваіх этнічных крыніц — не. Іншая справа — замежнікі. Гэта не рыторыка — гэта аксіёма. Пытанне, ці прыедуць яны да нас ізноў… Але тое залежыць ад таго, як прымем, як праводзім. Сёння ж мы працуем з аўдыторыяй, для якой беларускае народнае мастацтва з’яўляецца пазачасавай каштоўнасцю…

Тамара БАРОХА, начальнік аддзела культуры Лепельскага райвыканкама:

— У нашым раёне досыць цесна мы кантактуем толькі з адной такой сядзібай. Яе гаспадыня сама ў мінулым культработнік і таму добра разумее ролю культурнага чынніка. У нас — узаемны інтарэс: мы далучаем сядзібу да нашых мерапрыемстваў, а калі сядзіба прымае замежных гасцей, дык яе гаспадыня рупіцца пра тое, каб яны наведалі наш Дом рамёстваў і музей. Мы, канешне ж, імкнёмся пашырыць кола партнёраў у сферы аграэкатурызму. Вось аддзел праводзіў Свята кухні, дык у ім прынялі ўдзел, бадай, усе сядзібы. Але такое здараецца не часта...

Мікалай ХУЧАЎ, начальнік аддзела культуры Хоцімскага райвыканкама:

— Паўнавартасных аб’ектаў аграэкатурызму на Хоцімшчыне небагата. Асабіста я ведаю толькі аднаго паспяховага гаспадара сядзібы. З ім мы трымаем сувязь. Ён і сам праяўляе цікавасць да супрацоўніцтва з аддзелам. Папярэднія гаворкі з ім былі, але да супольнай працы пакуль не дайшло…

Як бачым, там дзе інтарэсы культуры і бізнесу перакрыжоўваюцца, работнікі культуры і гаспадары сядзіб знаходзяць адно аднаго. Праўда, здараецца такое не так часта. Мяркую, праз тое, што сама гэтая форма турбізнесу існуе ў Беларусі нядаўна і яшчэ не выйшла са стадыі назапашвання "пачатковага капіталу". Потым, пры стварэнні рэальнага канкурэнтнага асяродку, культурны складнік мусіць падняцца ў цане. Але ж трэба быць гатовымі да таго, што праз камерцыялізацыю з’явіцца і небяспека страты носьбітамі этнічнай культуры сваёй адметнасці, унікальнасці. Як бы не давялося ансамблям, якія зрабілі імя на народнай культуры, спяваць на карпаратывах у сядзібах які-небудзь “Владимирский централ”… Хацелася б, аднак, спадзявацца, што менавіта глабалізацыя (дакладней, усведамленне намі небяспекі яе негатыўных рыс) навучыць нас любіць і шанаваць сваё… І каб сваё стала атабарылася ў аграэкасядзібах, якія паўстануць на прыватнай ініцыятыве, але — у дзяржаўных інтарэсах. Пры супрацы ўсіх зацікаўленых бакоў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"