VIVAT МЕЛЬПАМЕНА!

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

Апошні восеньскі дзень — 30 лістапада — падарыў усім сталічным аматарам тэатра цёплы вечар — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага адзначыў сваё 75-годдзе. Юбілей, што і казаць, немалы, узрост паважны, пашанотны, а значыць, і віншаванні былі шчырыя і несціханыя — на адрас творцаў, якія сваёй таленавітай і адданай працай складаюць гонар Рускага тэатра на Беларусі і гонар нацыянальнага тэатральнага мастацтва ўвогуле.

 /i/content/pi/cult/139/858/Teatr-48-5.jpg

Эдуард Герасімовіч.

Але ўрачысты юбілейны вечар у тэатры гэтым разам быў задуманы пазбаўленым “акадэмізму”, прынятага ў падобных выпадках. Не прымаліся доўгія “прызнанні у любові” ад калег і прыхільнікаў, юбілейная “лірыка” і падрахоўванне поспехаў-перамог: усё гэта, як зазначыў дырэктар тэатра Эдуард Герасімовіч, не вызначаецца арыгінальнасцю і— стамляе людзей у глядзельнай зале сваёй аднастайнасцю. Афіцыйныя віншаванні— вось тое асноўнае, што было вынесена тэатрам на сцэну, усё астатняе — у нефармальнай атмасферы, калі і сцэна з мікрафонам не “напружвае”, і словы прызнання льюцца лягчэй і гучаць цяплей.
Да юбілею Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага рыхтаваўся на працягу ўсяго папярэдняга сезона. Гледачам былі прапанаваны новыя спектаклі тэатра: “Прытворна хворы” Ж.-Б.Мальера ў пастаноўцы знанага расійскага рэжысёра Аркадзя Каца, “Валянцінаў дзень” сучаснага расійскага драматурга І.Вырыпаева ў рэжысуры Валянціны Ераньковай і “Легенда пра беднага д’ябла” паводле класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Барыса Луцэнкі. Увосень адзначылі юбілеі двух буйных дзеячаў тэатра — народнай артысткі Беларусі Бэлы Масумян і лідэра тэатра, яго мастацкага кіраўніка народнага артыста Беларусі Барыса Луцэнкі. Ды і наперадзе таксама прыхільнікаў тэатра чакае шэраг творчых сюрпрызаў. Бліжэйшы з іх — прэм’ера спектакля для дзяцей “Каштанка” паводле А.Чэхава ў пастаноўцы рэжысёра тэатра лялек Аляксея Ляляўскага, запланаваная на апошнія дні снежня.
Між іншым, біяграфія Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага даволі няпростая і пакручастая. Аснову калектыву, які сёння па праве з’яўляецца адным з вядучых тэатраў краіны, заклала ў 20-я гады мінулага стагоддзя... вандроўная трупа акцёраў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Кумельскага. Яны гастралявалі па гарадах нашай краіны, і, атабарыўшыся ў 1928 годзе ў Бабруйску, атрымалі прапанову стаць Магілёўскім абласным тэатрам. Праз чатыры гады калектыў змяніў статус на Дзяржаўны рускі драматычны тэатр СССР, а пасля вайны, у час якой дзейнасць тэатра былапрыпынена, у 1944 годзе калектыў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Арлова зноў сабраўся, і ў 1947-ым, перабраўшыся ў Мінск, “стаў” тым самым Рускім тэатрам, які сёння ведаюць і любяць не толькі сталічныя гледачы.
У 1974 годзе ў тэатр прыходзіць Барыс Луцэнка, сённяшні мастацкі кіраўнік калектыву.
 /i/content/pi/cult/139/858/Teatr-48-4.jpg
Сцэна са спектакля “Перад заходам сонца”.
Амаль трыццацігадовы “юбілей” на пасадзе дырэктара тэатра адзначае і Эдуард Герасімовіч. Ну, а таму зорнаму суквеццю акцёраў тэатра, якія склалі Рускаму гучную славу на прасторы ўсяго былога Савецкага Саюза, мог бы пазайздросціць любы, нават самы тытулаваны, тэатр свету.
А яшчэ напярэдадні юбілейнага вечара тэатр імя Максіма Горкага пацвердзіў свой статус нацыянальнага калектыву Рэспублікі Беларусь — акурат з гэтага мы і пачалі нашу размову з дырэктарам тэатра Э.ГЕРАСІМОВІЧАМ.
— Я вельмі рады гэтай акалічнасці — лічу, што тэатр у чарговы раз пацвердзіў свой высокі статус і творчы ўзровень. Лічу, што гэта правільнае рашэнне, — нацыянальны статус не можа і не павінен давацца “на ўсе вякі”. Маўляў, атрымалі— і можна спачываць. І той факт, што званне гэтае неабходна пацвярджаць, не дае калектыву расслабляцца і пастаянна падтрымлівае творчы тонус. Ды і ці магчымы тут фармальны падыход? Нельга стаць лепшым раз і назаўсёды. Тут — як у спорце: сёння ты — першы, але заўтра, калі не будзеш адпавядаць патрабаванням, перастанеш штодня павышаць свой узровень,— можаш аказацца “за бортам”. Неабходна разумець гэта, і тады справа штодзённага ўдасканальвання стане натуральнай і плённай. Я перакананы: неабходна штодня ставіць перад сабой мэты, няхай і невялікія, на першы погляд, будзённыя, але — не спыняючыся ісці ў накірунку іх дасягнення. Як кажуць, “Дарогу адолее той, хто ідзе”.
— Ну, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага крочыць сёння па айчыннай тэатральнай прасторы даволі ўпэўнена.
 /i/content/pi/cult/139/858/Teatr-48-1.jpg
— Галоўны паказчык нацыянальнага тэатра — людзі, для якіх мы ствараем спектаклі, тыя каштоўнасці, якія прапагандуем нашай творчай дзейнасцю. Так, кажу з гонарам: мы з’яўляемся нацыянальным набыткам рэспублікі. А гэта для нас азначае, у першую чаргу, тое, што мы патрэбны ёй, нашай краіне, людзям. І, адчуваючы гэткую шчырую, нязмушаную зацікаўленасць нашай творчай працай, мы, адпаведна, і да сябе прад’яўляем высокія патрабаванні. Але ж гэта, мушу сказаць, ніякім чынам не вылучае нас сярод іншых беларускіх тэатраў, мы — такія ж, як і астатнія, і ўсяго, што маем сёння — званні, узнагароды, прыхільнасць і любоў гледачоў,— дасягнулі ўласнымі сіламі.
— Мне асабіста біяграфія тэатра імя Максіма Горкага нагадвае гісторыю казачнай Папялушкі, якая стала прынцэсай.
— Цалкам з вамі згодны — з вандроўнага, напаўпрафесійнага акцёрскага гурта мы выраслі за гэтыя семдзесят пяць гадоў да ўзроўню тэатра нацыянальнага. Гэта годны шлях, якім мы ганарымся.
— Дык падзяліцеся рэцэптам.
— Мне складана “выдаваць” якія-небудзь эфектыўныя парады — я ж усяго толькі без малога трыццаць гадоў працую тут (пасміхаецца). А на самой справе, рэцэпт можа быць толькі адзін: неабходна шчыра жадаць чагосьці ў сваім жыцці, у працы. І паступова, крок за крокам, ісці да сваёй мэты, не здраджваючы ёй, не збочваючы і не губляючы таго, што ўжо здабыта. Быць верным сваім творчым арыенцірам.
— Дарэчы, якія яны сёння, арыенціры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максма Горкага?
— Тыя ж самыя, што і заўсёды: добрая драматургія, высокая духоўнасць, прапаганда маральных каштоўнасцей, прафесіяналізм ва ўсёй нашай дзейнасці і павага да нашых гледачоў.

Фота Мікалая ЖОГЛЫ
і Аляксандра ЦІХАНА