“...Возера” ў японскай сталіцы

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

15 — 17 сакавіка ў “Бунка-Кайкан”, самай буйной тэатральна-канцэртнай зале Токіа, прайшлі тры прэм’ерныя спектаклі балета “Лебядзінае возера” П.Чайкоўскага ў пастаноўцы народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Валянціна ЕЛІЗАР’ЕВА.

— Работа ішла ў некалькі этапаў, — распавёў “К” Валянцін Мікалаевіч. — Спачатку я паехаў у снежні, “запусціў” працэс. Увесь гэты час яны працягвалі працаваць над спектаклем. А за тры тыдні да прэм’еры я зноў наведаў Токіа, і пачалася ўжо больш напружаная падрыхтоўка: сцэнічныя рэпетыцыі, прагоны. Нарэшце, тры прэм’ерныя спектаклі запар. У іх удзельнічалі не толькі японскія артысты, але і салісты вядучых расійскіх тэатраў: Вялікага ў Маскве і Міхайлаўскага ў Санкт-Пецярбургу — спрэс лаўрэаты найпрэстыжных міжнародных конкурсаў.

— Два гады таму, калі ў тым жа тэатры вы ставілі версію “Дон Кіхота”, асістэнткай выступала заслужаная артыстка Беларусі, педагог-рэпецітар Таццяна Шаметавец. А хто зараз?

— Таксама мае былыя выхаванцы: Аляксандр Бубер і Мікі Ватанабэ. Яны пачыналі ў нашым тэатры, потым ажаніліся і пераехалі на радзіму жонкі. Але сувязей з Беларуссю не парываюць, і тое, што было імі назапашана ў балетным майстэрстве, беражліва захоўваюць і прымнажаюць. Так што праца ішла ў атачэнні аднадумцаў!..

— На якую з класічных версій “Лебядзінага возера” вы абапіраліся? Напярэдадні, памятаю, вы збіраліся ставіць трагічны фінал, як задумвалася кампазітарам…

— Японцы доўга вагаліся, да якога фіналу схіліцца. У Аляксандра Горскага (а я ставіў ягоную версію з выкарыстаннем харэаграфіі Марыуса Пеціпа і Льва Іванава) былі два варыянты: трагічны і шчаслівы. Спачатку сур’ёзна абмяркоўваўся першы. Але ўсё ж перамог пазітыў. Дый у Чайкоўскага, калі героі гінулі, гучаў мажор: маўляў, каханне мацнейшае за смерць. Так што традыцыйнае заканчэнне не пярэчыць ні музыцы, на чалавечаму імкненню да шчаслівай развязкі…

Н.Б.