“Ні пятлічкі, ні лычкі з гімнасцёркі маёй…”

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Няскончаная аповесць пра мастака з Віцебска

(Працяг. Пачатак у №№ 9, 10 за 2013 г.)

…Што ўяўляў з сябе ВХУТЕМАС па складзе вучняў? На гэтае пытанне часткова адказаў наш Акім Шаўчэнка, былы вхутэмасавец, у сваіх успамінах, надрукаваных нядаўна ў “Культуры”. Дапоўню. Наплыў туды быў велізарны, экзаменаў (напачатку) не было. Частка студэнтаў, сакурснікаў Зевіна і Ахрэмчыка, напрыклад, А.Лабас, Г.Ечаістаў, А.Ванецыян, М.Сапегін, прыйшла з былога Строганаўскага вучылішча (іх называлі “страгачамі”). Галоўную ж масу вхутэмасаўцаў складала зялёная моладзь — дзёрзкая, смелая, горача захопленая марамі пра рэвалюцыйнае мастацтва, якое было для студэнтаў неаддзельнае ад бурлівага ў той час жыцця краіны. Яны ўсё вымяралі маштабамі сусветнай рэвалюцыі, жылі ідэаламі стварэння новага вялікага мастацтва, прасякнутага пафасам Кастрычніка. Нездарма імя Маякоўскага было для вхутэмасаўцаў сцягам.

Студэнцкія інтарэсы былі вельмі шырокія: тэатр, кіно, паэзія, літаратура, асабліва для Зевіна — музыка, — усё, што складала мастацкі свет сучаснасці, было іхняй “кроўнай справай”. Яны вучыліся ставіць перад сабой сур’ёзныя творчыя задачы, выпрацоўвалі пэўныя творчыя прынцыпы. І невыпадкова адно з найбуйнейшых мастацкіх аб’яднанняў 20-х гадоў — ОСТ (Таварыства мастакоў-станкавістаў) — склалася менавіта ў асяроддзі ВХУТЕМАСа. Адным з першых яго членаў стаў і Леў Зевін. Але ўсё ж такі яму па духу была бліжэй групоўка “Тринадцать”, у якую ён уступіў у 1929 годзе. Яе члены выступалі за жывы, свабодны малюнак, не скаваны ўстаноўкай акадэмічнай сістэмы, за адлюстраванне дынамікі жыцця і яе рытмаў. Адсюль увайшло ў мастацкую лексіку азначэнне: рысаваць “у тэмпе натуры”. Словам, мастакі былі за рамантычнае ўспрыманне рэчаіснасці. І стылістыка твораў Зевіна ды ягоных калег А.Дрэвіна, Н.Удальцовай, Т.Маўрынай, У.Мілашэўскага, Б.Рыбчанкава, В.Юсціцкага, Д.Дарана, М.Надбайлы і іншых вызначалася перавагай жывапіснай гнуткай лініі, перадачай прасторавага і паветранага асяроддзя. Усе яны вызначалі галоўную асаблівасць творчасці як “здаровае і радаснае ўспрыманне жыцця, далёкае ад гатычных зломаў і душэўнай неўраўнаважанасці”. Праўда, гэтая група праіснавала толькі да 1932 года, як і ўсе астатнія, у тым ліку моцнае аб’яднанне ОСТ, ды правяла толькі дзве выстаўкі — прыгожыя і значныя, з каталогамі.

/i/content/pi/cult/418/8572/2-1.jpeg

Леў Зевін. Аўтапартрэт. 1929 г.

Такім чынам, у сістэме ВХУТЕМАСа скрыжоўваліся ды спалучаліся розныя кірункі, розныя творчыя метады: студэнт зусім не быў абмежаваны рамкамі нейкай пэўнай мастацкай манеры. І гэта ў будучыні, нягледзячы на складаныя метамарфозы часу, прынесла на алтар еўрапейскага мастацтва свае каштоўныя здабыткі… Вось толькі некаторыя імёны тых, хто выйшаў са сцен дадзенай установы (у тым ліку і ленінградскага, з 1926 года, ВХУТЕИНа): мастакі з Беларусі — І.Ахрэмчык, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка, Г.Ніскі, М.Аксельрод, а таксама Ю.Піменаў, Кукрыніксы, С.Лучышкін, П.Вільямс, А.Бубнаў, Я.Ромас, С.Чуйкоў, В.Пачыталаў, І.Слонім, А.Дэйнэка, А.Лабас, Т.Гапоненка, З.Віленскі ды іншыя.

Многія гады ў нас панавала рэзка негатыўнае стаўленне да ВХУТЕМАСа і да яго сістэмы мастацкай адукацыі. Але зараз, мне здаецца, прыйшоў час па-новаму, аб’ектыўна і бесстаронна, зірнуць на метады выкладання ў гэтай установе, сур’ёзна і па-дзелавому разабрацца, што там было плённа, цікава і неабходна для нас сёння, асабліва для той жа нашай беларускай Акадэміі мастацтваў. Але гэта асобная размова.

Так ці інакш, я ўпэўнены, што перыяд 1920-х гадоў у савецкім мастацкім жыцці быў апошняй “вольніцай” у культурнай гісторыі Савецкага Саюза. І ў гэтай “вольніцы” нарадзіліся шматлікія парасткі таго новага, якое ў сваёй аснове ў наступныя пяць-шэсць дзесяцігоддзяў не магло цалкам знішчыць дзяржаўны, г. зн. сацыялістычны рэалізм. Нават выкрэсленая на доўгі час савецкай культурнай ідэалогіяй так званая Віцебская мастацкая школа (не блытаць з Віцебскім мастацкім тэхнікумам!), з імёнамі яе стваральнікаў ды ўдзельнікаў, не толькі існавала ў жывой памяці яе сучаснікаў, але і паступова, крок за крокам, у тым ліку з дапамогай заходніх выданняў, выходзіла з падполля на свет Божы і праз “жалезную заслону” прасочвалася да першых даследчыкаў гэтага пласта культуры. Дарэчы, і наша газета ў гэтым сэнсе за свае два дзясяткі гадоў зрабіла шмат чаго, надрукаваўшы матэрыялы яшчэ тады, калі, напрыклад, пра Малевіча, Ермалаеву, Лісіцкага, Фалька, Шагала, Цадкіна (вучня Пэна), Чашніка, Юдзіна мала хто ведаў у шырокай грамадскай аўдыторыі Беларусі. А што да Льва Зевіна, то імя ягонае і сёння, паўтаруся, мала каму знаёмае…

/i/content/pi/cult/418/8572/2-2.jpeg

Л.Зевін. "Пейзаж з агароджай". 1930-я гг.

Так, вернемся назад. Якраз незадоўга да ад’езду з Віцебска ў сталіцу Зевін напісаў карціну “Сям’я”, дзе размясціў людзей за сталом, паглыбіўшы іх у рэмбрантаўскі змрок і надаўшы ім сезанаўскую манументальнасць каменных статуй. Уплыў Фалька тут быў відавочны. Потым гэты ўплыў стане яшчэ больш значны. Зевін захапіўся познім імпрэсіянізмам, імкнуўся, як і яго настаўнік, пераасэнсаваць творчыя пошукі Сезана і сезаністаў, зачароўваўся фалькаўскай карцінай “Чырвоная мэбля”, напісанай незадоўга да прыезду маэстра ў Віцебск. Зевіна здзіўляла тое, як Фальк дакладна канструяваў пластычную форму, як з усіх каларыстычных суадносін знаходзіў патрэбныя яму найбольш мяккія, тонкія і далікатныя фарбы.

А яшчэ Зевін вучыўся ў Фалька быць вельмі патрабавальным да сябе ў творчасці — якасць, якую ён захаваў на ўсё жыццё. Сямён Чуйкоў, блізкі сябра Зевіна “паслявхутэмасаўскага перыяду”, успамінаў, што ў час вучобы большасць студэнтаў аддавала перавагу менавіта педагагічнай сістэме прафесара Роберта Фалька. Быў такі выпадак. Студэнты 2-га курса жывапіснага аддзялення, у іх ліку Зевін, паскардзіліся Фальку, што ім надакучыла рысаваць гіпсавыя антычныя галовы, — яны жадалі б маляваць ню, аголеную мадэль. Роберт Рафаілавіч, паглядзеўшы іхнія творы, сказаў: “Сябры мае дарагія! Вам пакуль і за галовы, на жаль, прымацца яшчэ ранавата. Але я вас з часам навучу. Для пачатку паспрабуйце намаляваць вось гэта…” І паставіў перад вучнямі… табурэтку.

Праўда, Зевін часам “выслізгваў” з-пад настаўніка ды станавіўся, так бы мовіць, больш “левым”, чым сам Фальк. І тады з’яўляліся карціны ў шырокай эскізнай манеры, якая ішла ад французскіх фавістаў і постімпрэсіяністаў, — такія своеасаблівыя плоскасна-абагульненыя дэкаратыўныя пано, прасякнутыя святлом і сонцам. Але гэта былі больш выключэнні, чым правілы. У прасторы савецкага дзяржаўнага рэалізму, які напрыканцы 20-х гадоў набіраў хуткасць, Зевіну трэба было вяртацца да старых майстроў. Але гэтае “вяртанне” было зусім шчырым, чыстасардэчным, без наступу “на горла ўласнай песні”…

У гэтай, здавалася б, творчай сумятні, малады мастак дарэмна часу не губляў. І ў год заканчэння ВХУТЕМАСа, у 1925-м, паказаў на выстаўцы дыпломных работ сваю вельмі ўдалую карціну “Рабочая сям’я”, пасля чаго атрымаў найвышэйшую ўзнагароду — камандзіроўку ў Парыж. Але — за свой кошт. Тыя дарэвалюцыйныя часы, калі залаты медаліст, скажам, імператарскай Акадэміі мастацтваў, на некалькі гадоў мог паехаць у Парыж, Берлін ці Рым за дзяржаўны кошт, засталіся ў мінулым. У Зевіна на такую ганаровую паездку фінансавых сродкаў, дакладней, валюты, не аказалася. І ніхто не здолеў яму дапамагчы. А горды Зевін не пажадаў звярнуцца па дапамогу да Роберта Фалька або да рэктара Уладзіміра Фаворскага: яны ж, на думку Зевіна, маглі б вырашыць гэтае пытанне. Вунь колькі едзе “за кардон” “слуг народа” і дзеячаў культуры, прыбліжаных да ўлады. Але “свае” прамаўчалі, не ўвайшлі ў яго становішча. Дык навошта прагінацца?

/i/content/pi/cult/418/8572/2-3.jpeg

Л.Зевін. "Квартэт". 1938 г.

Сямён Чуйкоў, будучы народны мастак СССР, акадэмік: “Я быў тады сакратаром прадметнай камісіі, і на абароне дыпломаў у 1925 годзе вёў пратакол. Да таго чуў, што Зевін — лепшы ў Фалька. А зараз пабачыў яго ўпершыню. Быў здзіўлены падабенствам яго з Пушкіным (зграбнасць складу, губы трошкі наперад, гарачы, жывы, як ртуць) і выразнасцю яго
“…Сям’і”. Дыпломніку была прысуджана найвышэйшая ўзнагарода — камандзіроўка ў Парыж. Паездка не адбылася, прычына ўсё тая ж: няма валюты…”

Але Зевін доўга не перажываў. Атрымаўшы дыплом, ён спачатку паехаў у Ленінград — вывучаць старых майстроў. А потым са сваімі карцінамі і карцінамі вхутэмасаўцаў-беларусаў прымчаўся ў Мінск, каб стаць удзельнікам Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі. У наступныя гады таксама не прапусціў Другую (1927 г.), Трэцюю (1929 г.), Чацвёртую (1931 г.) Усебеларускія выстаўкі. У 1934-м прыняў удзел у юбілейнай выстаўцы “Мастакі БССР за 15 гадоў”, а ў 1940-м — апошні раз пры жыцці паказаў свае творы на буйной Усебеларускай выстаўцы выяўленчага мастацтва…

Наогул кажучы, першае дзесяцігоддзе пасля заканчання ВХУТЕМАСа ў сэнсе выставачнай дзейнасці было для Зевіна даволі плённае. Мяркуйце самі: 1927-ы — Юбілейная выстаўка мастацтва народаў СССР, арганізаваная Дзяржаўнай акадэміяй мастацкіх навук (ГАХН); 1928-ы — Першая выстаўка аб’яднання РОСТ; 1929, 1931 гады — выстаўка малюнкаў суполкі “Тринадцать”; 1932-і — Юбілейная выстаўка “Мастакі РСФСР за 15 гадоў”; 1939-ы — Усесаюзная выстаўка “Індустрыя сацыялізму”. А яшчэ — выстаўкі савецкай графікі і малюнка ў Лондане, Оксфардзе, Манчэстэры ды Ліверпулі ў 1930-м, і шмат больш дробных стацыянарных ды перасоўных выставак…

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"