Клубны падкастынг

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

/i/content/pi/cult/418/8570/2-3.jpeg

1. Старонка ў Інтэрнэце

Калі вас няма ў Інтэрнэце — вас няма ўвогуле. І наяўнасць уласнага сайта для ўстановы культуры абласнога маштабу (ці дастаткова буйнога горада) — гэта надзённая неабходнасць. Аднак не самае лепшае ўражанне пакідаюць тры-чатыры сціплыя раздзелы, у тым ліку і навіны, што абнаўляюцца раз на год. І зусім па-іншаму рэагуеш, калі бачыш на сайце разнастайнасць рубрык, дзе добра адлюстравана дзейнасць і структура арганізацыі, падрабязна асвятляецца культурнае жыццё рэгіёна. Шматлікія справаздачы, інтэрв’ю, апытанні, метадычныя матэрыялы, фотагалерэя — усё гэта і многае іншае можа напоўніць ваш сайт. Тут можа быць размешчаны, скажам, электронны каталог рамёстваў і промыслаў краю, творчых калектываў і майстроў ДПМ, адпаведныя відэа- і аўдыяматэрыялы.

Гэта патрэбна найперш самой установе культуры (станоўчы імідж), стваральніку і рэдактару сайта (дасканаласці няма межаў!), мясцовым талентам (прысутнасць у медыяпрасторы). А самае галоўнае — гэта патрэбна вашай аўдыторыі, “спажыўцу” культурна-інфармацыйнага прадукту, які зараз усё больш “перасяляецца” ў Інтэрнэт. І няхай аўдыторыя спачатку будзе невялікая, але ж усё ў вашых руках!

2. Падкастынг

Падобны праект, на мой погляд, добра пасуе ўласнаму сайту, але можа ажыццяўляцца і пры яго адсутнасці. Падкастынгам называюць працэс стварэння і распаўсюджвання інтэрнэтаўскіх гукавых або відэафайлаў — радыё- і тэлеперадач. Зызвычай яны маюць пэўную тэматыку і перыядычнасць. Гатовы падкаст можа публікавацца на розных падкаст-тэрміналах, у блогах і на сайтах. Выдатна тое, што падкастынгавае вяшчанне даступнае не толькі прафесіяналам, але і аматарам — нездарма яно атрымала досыць шырокае распаўсюджанне.

Пры дапамозе падкастынгу актыўныя і крэатыўныя работнікі клубных устаноў, мясцовыя жыхары маглі б асвятляць культурныя падзеі свайго рэгіёна. Відэазапіс яскравых момантаў мерапрыемства, дыктафонны запіс гутаркі з удзельнікамі ды арганізатарамі, артыстамі, мастакамі і майстрамі, дзея на сцэне, народныя спевы і танцы — усё гэта можа прысутнічаць у падкастах.

3. “Жывая гісторыя”

На мой погляд, вельмі ўдалы фармат — ён жа метад, ён жа жанр... Мне вядома, што, прынамсі, адзін такі праект рэалізуецца ў нашай краіне і мае ўласны сайт. Калі сцісла, сэнс “жывой гісторыі” ў тым, што сведка пэўных гістарычных падзей дзеліцца ўспамінамі. У адрозненне ад звычайнага інтэрв’ю і іншых сумежных жанраў, “жывая гісторыя” дае магчымасць выказацца самому чалавеку. Акурат у гэтым — галоўная каштоўнасць метаду.

Мне здаецца, работнікі культуры, а таксама аматары з ліку мясцовых жыхароў, моладзі маглі б распачаць падобныя праекты ў сваім горадзе, рэгіёне. Аб’ектамі “жывой гісторыі” маглі б стаць пажылыя людзі — жывыя носьбіты традыцыйнай культуры, якія могуць распавесці пра гісторыю сваёй вёскі і падзеі мінулага, апісаць старасвецкі сялянскі побыт, звычаі, адносіны паміж людзьмі. У адрозненне ад этнаграфічнай экспедыцыі, якая мае збольшага дакладную, аб’ектыўную аснову, акцэнт будзе зроблены менавіта на суб’ектыўным пачатку (прыватны светапогляд, уласная ацэнка падзей і г. д.). І гэта дапаможа захаваць тое, што так цяжка зафіксаваць: дух, унутраны змест традыцыйнай культуры, сапраўдную сутнасць яе каштоўнасцей у жывым увасабленні.

4. Падзейны турызм

Турысту — ці то з далёкіх заморскіх краёў, ці то з суседняга раёна — апроч прыгожых прыродных ландшафтаў, унікальнай архітэктуры ды іншых адметнасцей краю, цікавая яшчэ і лакальная культура. Дык чаму не запрасіць гасцей пакалядаваць ці пагукаць вясну ў вёску? Яны пазнаёмяцца з тутэйшымі жыхарамі, набудуць сувеніры, вывучаць адну-дзве песні, пакаштуюць мясцовыя прысмакі. І ўжо ніколі не забудуць гэтыя яскравыя моманты, а верагодна, захочуць яшчэ раз прыехаць у гасцінны край, запросяць сюды сяброў. Нездарма падзейны турызм папулярны ў сучасным свеце.

А рэкламаваць лакальныя культурныя падзеі і запрашаць на іх вандроўнікаў з любога кутка не тое што дзяржавы — свету! — дапаможа інтэрнэт: сайты, сацыяльныя сеткі, блогі. Для стварэння пазітыўнага іміджа рэгіёна — лепш не прыдумаць. Хацелася б бачыць большую актыўнасць у гэтым кірунку мясцовых клубных работнікаў, краязнаўцаў, гісторыкаў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Іхні ўдзел у стварэнні цікавага лакальнага культурнага прадукту, на мой погляд, — залог поспеху.

5. Геакэшынг

Геакэшынг — гэта гульня. На абсягах Сеціва можна знайсці шмат яе прыхільнікаў. У розных кутках свету людзі, выкарыстоўваючы GPS-навігатар, шукаюць адмысловыя “скарбы”, або “геакэшы”. Гэта кантэйнеры, у якіх змешчаны розныя рэчы невялікага кошту — кнігі, цацкі і іншае, — а таксама нататнік (журнал гульні), дзе свае запісы пакідае кожны, хто знайшоў тайнік.

Адшукаць яго можна па каардынатах у Інтэрнэце, забраць прадмет і пакінуць іншы ўзамен, схаваўшы кантэйнер на тым жа месцы. А потым варта наведаць інтэрнэт-старонку і напісаць пра сваю знаходку ў гасцёўні тайніка. Апроч традыцыйных, сустракаюцца таксама і пакрокавыя тайнікі, якія патрабуюць разгадаць пэўную задачу, напрыклад, на эрудыцыю або на веданне мясцовасці.

Як сцвярджае Вікіпедыя, на сённяшні дзень каля 800 тысяч геакэшаў размешчана ў больш чым 100 краінах свету і зарэгістравана на розных вэб-сайтах.

Работнікі клубных устаноў маглі б праводзіць такія гульні — гэта цікава, весела і пазнавальна. Геакэшынг можа стаць добрым дадаткам да падзейнага турызму, гульню (нават у крыху мадыфікаваным выглядзе) можна прапанаваць і мясцовым жыхарам, у тым ліку школьнікам. Гэта станецца не толькі цікавай формай адпачынку, але і знаёмствам з прыродай, гісторыяй і культурай роднага краю, а таксама паспрыяе экалагічнаму, эстэтычнаму, фізічнаму выхаванню дзяцей ды падлеткаў. Галоўнае — прыдумаць цікавыя заданні, і — наперад!