Прыбытак ад традыцый? Для суседзяў — справа рэальная. А для вас?

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Пытанне “прыстасаванасці” традыцый і каранёвай культурнай спадчыны народа да рэалій глабалізаванага сучаснага свету выклікае шмат спрэчных меркаванняў ды падыходаў. Адкрыта супраць народнай культуры ніхто не выказваецца, але, калі справа даходзіць да фінансавання дзейнасці па яе ахове і папулярызацыі, адказныя ўстановы паводзяць сябе па-рознаму. Дакладна вядома, што на датаванне сямей, якія вядуць традыцыйны лад жыцця (а менавіта: вытрымліваюць этнічны дрэс-код у вопратцы, адзначаюць традыцыйныя рэлігійныя святы, даюць дзецям этнічна арыентаваную адукацыю), Ізраіль штогод выдаткоўвае 3,5 мільярда долараў. Колькі на падобныя мерапрыемствы выдаткоўваюць іншыя краіны, разабрацца складана, паколькі сродкі на тое складаюць невялікую долю бюджэту, разлічанага на развіццё культуры ўвогуле (разам з балетам, кінематографам, тэатрам і г. д.).

Рэнтабельнасць — справа рэальная

Аднак сфера баўлення вольнага часу насельніцтва, на якую скіравана дзейнасць устаноў культуры, у ХХІ стагоддзі актыўна мадыфікуецца. У Еўропе сёння на яе відавочна ўплываюць агульнасусветныя працэсы руралізацыі (антонім урбанізацыі), павышанай увагі да нематэрыяльнай культурнай спадчыны народаў свету. Агратурызм, рэканструктарскі рух, так званая жывая археалогія — адны з нешматлікіх прыкладаў гэтаму. Як правіла, названыя праявы “афармляюцца” і развіваюцца спантанна — з аматарскіх ды нефармальных асяродкаў, але цягам часу паступова інстытуалізуюцца і займаюць сваю сацыяльную ды культурную нішу. У ХХІ стагоддзі народныя традыцыі ўсё больш шырока ўваходзяць у сацыякультурную практыку грамадства, паколькі маюць эфект навізны, шмат прыхільнікаў і, у сувязі з гэтым, становяцца звычайна камерцыйна рэнтабельнымі.

А рэаліі — падобныя

Калі параўноўваць вопыт Беларусі з вопытам суседняй Літвы, фальклорны рух у якой развіваецца з апераджэннем, але па вельмі падобных на беларускія рэаліі законах, трэба адзначыць, што патэнцыял, у свой час назапашаны ў нефармальных і адукацыйных асяродках, з цягам часу непазбежна матэрыялізуецца ў дзейнасці камерцыйных і калякамерцыйных устаноў. Менавіта яны ў Літве наладжваюць сістэму фестываляў і святаў, адкрываюць спецыялізаваныя крамы фальклорнай музыкі і аксесуараў, стымулююць постфальклорныя рухі.

Сістэму фестываляў і святаў наладжвае і ўдасканальвае перадусім Вільнюскі цэнтр этнічнай культуры. Распрацаваны графік народных святаў не толькі знаёміць з агульналітоўскімі традыцыямі, але і прасоўвае рэгіянальную культуру Літвы ў міжнародную прастору.

170 турыстычных гектараў

Так, на Масленку ў Вільнюсе адбываецца не толькі традыцыйнае шэсце з маскамі. Усіх літоўцаў і стракаты шматтысячны турыстычны натоўп прымае 170-гектарны музей-скансен “Rumsiskes”, што пад Каўнасам. А на Юр’е праходзіць свята-фэст на марскім узбярэжжы “Jore” суполкі “Meguva” з Палангі. Веснавое свята рамёстваў Казюкас ладзіць Вільнюс. Фэст сярэдзіны лета — свята Іванава дня літоўцаў Rasa — даўно “крочыць сваім ходам”: адпраўляецца спантанна, без асаблівых намаганняў. Многія літоўцы хацелі, каб гэта было дзяржаўнае свята, як у Латвіі. Яго ладзяць з 24-га на 25-е чэрвеня прыкладна ў адзін час з фэстам “Грайце-грайце, гуслі!”. Яшчэ адно свята ў маштабах суседняй сталіцы ладзіцца ўвосень, у дзень раўнадзенства. Вільнюс праводзіць у гэты час Фэст вогненных скульптур і свята “Пакроўскія званы” пад патранатам Цэнтра фальклору этнічных дыяспар Літвы. Узімку ж, на Каляды, шматлікія вернікі з замежжа імкнуцца наведаць ікону Маці Боскай Вострабрамскай і пабачыць шэсце Трох Каралёў.

/i/content/pi/cult/418/8569/2-2.jpeg/i/content/pi/cult/418/8569/2-1.jpeg

Рэклама крамы этнічнай музыкі “Ragaine”
і постфальклорнага фэсту “Меnuo jodaragis”.

Шырокі выбар на вуліцы Пелес

Спецыялізаваная крама фальклорнай музыкі і аксесуараў “Ragaine” знаходзіцца на найбольш вядомай “турыстычнай” вуліцы Пелес у Вільнюсе. Тут госці краіны цягам круглага года, з аўторка па нядзелю, могуць пазнаёміцца з этнічнай музыкай Літвы і зрабіць свой унёсак у яе захаванне і развіццё: набыць фанаграмы на самых розных носьбітах. Выбар — надзвычай шырокі: ад калекцыйных выданняў аўтэнтычнага фальклору па Дзукіі, Аўкштайтыі, Жэмайтыі (этнаграфічных рэгіёнах рэспублікі) да сучаснага папулярнага і эксперыментальнага прачытання фальклору поп- і рок-музыкамі джазменамі, апантанай андэграўнднай моладдзю ды акадэмічнымі майстрамі.

Моладзь, якая толькі пачынае цікавіцца фальклорам, прыходзіць у краму яшчэ і таму, што гаспадар Угніс Лёге — стабільны прамоўтар канцэртаў найбольш авангардных ды андэграўндных замежных артыстаў і старшыня аргкамітэта “Меnuo jodaragis” — найуплывовага постфальклорнага літоўскага open-air на востраве пасярод возера Зарасас, дзе штогод збіраюцца тысячы гледачоў.

Словам, традыцыі ў Літве ўсебакова развіваюцца і пераасэнсоўваюцца. Павага да этнічных каранёў — адна з рыс менталітэту літоўцаў, таму пытанне пра “ўкараненне” традыцый і каранёвай культурнай спадчыны народа ў глабалізаваным ХХІ стагоддзем свеце тут вырашаецца на карысць апошняй.

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў