Пачынала ў сельскай бібліятэцы

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Аршаншчына: асоба, творца…

Валянціна Васільеўна Барысава нарадзілася ў 1929-м. Дзяцінства і маладосць яе прайшлі ў пасёлку Высокае Аршанскага раёна. Потым была Вялікая Айчынная вайна: бацька загінуў пад Сталінградам, а Валянціну фашысты вывезлі на здзек і катаванні ў Германію… Пасля Вялікай Перамогі яна вярнулася на радзіму, прадоўжыла навучанне ў школе. Любіла вершы, песні, танцы, выконвала іх на клубнай сцэне. Калі ў Высокім адкрыўся сельскі клуб, Валянціне прапанавалі у ім працаваць.

Заробак быў унушальны: 9 кілаграмаў мукі. Яна аказалася сапраўдным выратаваннем для шматдзетнай сям’і. Было нялёгка, але цікава. Са шматлікай пасялковай моладзі Валянціна арганізавала харавы калектыў, які адразу заўважылі ў раёне.

Потым Валянціна Васільеўна працавала ў сельскай бібліятэцы, скончыла завочнае аддзяленне Мінскага бібліятэчнага тэхнікума. За сваю карпатлівую працу на ніве сельскай культуры неаднаразова ўзнагароджвалася.

З 1963 года Валянціна Барысава ўзначальвае раённы аддзел культуры, становіцца завочніцай Ленінградскага інстытута культуры. З 1975-га Валянціна Васільеўна — заслужаны работнік культуры БССР.

На заслужаным адпачынку жанчына з’яўлялася намеснікам старшыні ветэранскай арганізацыі Аршанскага раёна, членам Савета малалетніх вязняў Оршы і членам прэзідыума мясцовай ветэранскай арганізацыі работнікаў культуры, арганізоўвала мерапрыемствы, якія штораз даводзілі, што Валянціна Барысава — не толькі асоба, але і творца, чалавек з вялізным вопытам грамадскай працы. Гэтым вопытам яна шчодра дзеліцца з маладым пакаленнем работнікаў культуры. Мы ганарымся Валянцінай Васільеўнай і жадаем ёй здароўя, дабрабыту і шчасця!..

Галіна КЛЁСАВА, старшыня прэзідыума Віцебскага абласнога савета ветэранаў — работнікаў культуры, заслужаны работнік культуры БССР