Камандаваць “парадам” і “справакаваць” увагу

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Адкуль родам “Беларускі канцэрт”?

5 сакавіка паездкай у Гомель Дзяржаўны камерны аркестр на чале з Яўгенам Бушковым распачаў канцэртны тур “Музычныя сады краіны Беларусь”, прымеркаваны да 45-годдзя калектыву. Святкаванне даты будзе прадоўжана адкрыццём новага Міжнароднага форуму камерных аркестраў “Жнівень Нясвіжа”, што пройдзе напрыканцы лета. А днямі святкаванні адбыліся ў сталічнай філармоніі, дзе прайшоў міжнародны гала-канцэрт аркестра-юбіляра, з’яднаўшы дырыжораў Германіі, Літвы, Нідэрландаў і Расіі.

/i/content/pi/cult/418/8563/2-2.jpeg

Віншаванне аркестру ад ДМШ № 10 г.Мінска.

“Парад” дырыжораў ператварыўся ў своеасаблівы майстар-клас, бо на экране, устаноўленым на сцэне, буйным планам падавалася ўся дырыжорская “кухня”, звычайна бачная толькі аркестрантам: рукі кіраўнікоў, эмоцыі, што адбіваюцца на твары. Прыехаў нават 85-гадовы, па-ранейшаму актыўны, поўны натхнёнай палётнасці Саўлюс Сандэцкіс. Ды ўсё ж галоўным сюрпрызам вечара былі не дырыжорскія ды іншыя віншаванні, не прэзентацыя кнігі пра аркестр, падрыхтаванай адной з яго першых удзельніц Лючыяй Ластаўкай, а прэм’ера “Беларускага канцэрта” для цымбалаў з аркестрам. Калектыў замовіў гэты твор, прычым акурат да юбілею, знанаму расійскаму кампазітару Міхаілу Бронэру. Той, адпаведна, папярэдзіў партытуру яе прысвячэннем аркестру і яго галоўнаму дырыжору. Такая практыка непасрэднага звароту выканаўцаў да аўтараў, распаўсюджаная на Захадзе, не новая для нашага Камернага аркестра. Праўда, раней ён звяртаўся выключна да айчынных творцаў, тым самым рухаючы развіццё не толькі нацынальнай выканальніцкай культуры, але і беларускай кампазітарскай школы. Менавіта для гэтага калектыву, створанага кампазітарам Алегам Янчанкам, былі напісаны самыя крэатыўныя нацыянальныя інструментальныя творы 1970 — 80-х, цікавыя творчым эксперыментам і пошукам новых даляглядаў. Ініцыятарам многіх з іх быў тагачасны кіраўнік калектыву Юрый Цырук, які часта сам дапрацоўваў, аркестраваў ды перааркестроўваў кампазітарскія фантазіі.

Гэтым разам своеасаблівым “сааўтарам” выступіла цымбалістка Вераніка Прадзед: як лепшы знаўца інструмента, яна не толькі падказала кампазітару некаторыя выканальніцкія прыёмы, але і адрэдагавала сольную партыю, зрабіўшы яе больш віртуозна насычанай. Заслуга ж М.Бронэра ў тым, што цымбалы паўсталі як прафесійны музычны інструмент еўрапейскай традыцыі, без аніякіх скідак на “народнае” паходжанне (а яно, між іншым, даўно аспрэчана), без звыкла “абавязковага” ўвасаблення неафальклорных павеваў. Вядома, ён далёка не першы, хто “адкрыў” усе гэтыя якасці ў беларускіх цымбалах. Але, упершыню пачуўшы інструмент толькі цяпер, ён і папраўдзе змог зірнуць на яго інакш.

Калі нашы лепшыя творцы, змалку прызвычаіўшыся да цымбальных гучанняў, шукаюць усё новыя прыёмы гуказдабывання, дык расійскі майстар пайшоў па самым традыцыйным шляху, здолеўшы іначай яго “расквеціць”. На першы план выйшла асаблівая “званочкавасць” тэмбру, а даволі частыя ўнісоны са струннымі смычковымі, якіх беларускія аўтары звычайна пазбягаюць, надалі той свежы, гулліва малады званочкавы шарм усяму аркестру. Дарэчы, тымі “няправільнымі”, з пункта гледжання беларускага інструментазнаўства, унісонамі раптам вырашылася і адна з асноўных цымбальных праблем — цяжкасці з глушэннем гуку. Кампазітар, у адрозненне ад калег, не змагаўся з гэтым недахопам, а ператварыў яго ў... адметнасць: спалучэнне цымбалаў са струннай кантыленай надало апошняй не “трымценне”, якое часта нагадвае “качанне-гойсанне” высокіх галасоў, а прасторавую запоўненасць інструментальнага гучання абертонамі, што бываюць пры лёгкім рэверсе. На дзіва простай для ўспрыняцця і прытым зусім “нязбітай” аказалася і музычная форма твора, заснаваная на ўсё больш частым чаргаванні павольнага і хуткага раздзелаў, што адпавядала філасофскім ідэям “спрэсаванасці” часу, логіцы гістарычнага развіцця, падобнай да спіралі, якая паступова звужваецца.

Трэба спадзявацца, “справакаваная” нашымі выканаўцамі ўвага да беларускіх цымбалаў з боку замежных кампазітараў (узгадайма таксама творы грэчаскага паходжання, прэзентаваныя на леташнім Міжнародным форуме “Беларусы свету”), будзе пашырацца і надалей. Ды ўсё ж 50-годдзе і наступныя юбілеі Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі (і ўсіх іншых нашых калектываў) хацелася б ізноў святкаваць і прэм’ерамі кампазітараў, у тым ліку беларускіх. Не, я не за татальнае “імпартазамяшчэнне”, а за раўнапраўе нашых творцаў з замежнымі — творчае і, даруйце за хваравіты момант, фінансавае.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"