Букет у Старым горадзе

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

“Букет для Марыі” — пад такой назвай да свята 8 Сакавіка Музей гісторыі горада Мінска падрыхтаваў усім мінчанкам вясновы падарунак — выстаўку жывапісу Ларысы Зарубінай. У экспазіцыі прадстаўлена 35 работ, створаных на працягу апошніх пяці гадоў і прысвечаных маці мастачкі, якую звалі Марыя Осіеўна. Галоўны персанаж выстаўкі — кветка як сімвал вясны, пяшчоты, маладосці, як найлепшы падарунак для кожнай жанчыны…

Ларыса Зарубіна — мастак-педагог, з 1989 года працуе ў сталічнай Дзіцячай школе мастацтваў № 1, з 2011-га — загадчык мастацкага аддзялення ўстановы.

У сваіх творчых пошуках мастачка перайшла ад рэалістычных работ да больш экспрэсіўнага жывапісу. Жанры пейзажа і нацюрморта з’яўляюцца для яе крыніцай натхнення, спосабам перадачы ўласных пачуццяў ды эмоцый гледачу.

/i/content/pi/cult/418/8561/1-4.jpeg

Л.Зарубіна. "Жоўтыя ружы з Парыжа".

Ларыса Зарубіна стварае кветкавыя кампазіцыі: цёплыя жоўтыя ружы на халодным заінелым акне, шыкоўныя белыя лілеі ў маленькім сціплым пакойчыку, букеты таямнічых касачоў… Каларытныя, яркія, насычаныя святлом, аб’ёмныя, быццам жывыя кветкі, здаецца, напаўняюць асяроддзе свежым водарам…

Прадстаўлена таксама серыя пейзажаў з выявамі гістарычных мясцін ды помнікаў архітэктуры Беларусі: “Стары горад”, “У Лошыцкім парку”, “Возера ў Астрашыцкім”, “Таямнічая алея”, “Легенды Мірскага замка”, “Нясвіж”. Мастак-педагог шмат працуе на пленэрах, падарожнічае з мальбертам, праводзіць заняткі з вучнямі, з якім даследуе гісторыю і культуру роднага краю. Настрой прыроды з палотнаў мастачкі перадаецца гледачу. Шэрае неба над Заслаўем наганяе тугу, сонечны вясновы дзень каля блакітнага возера напаўняе сэрца радасцю, чароўная алея Лошыцкага парку абуджае патаемныя пачуцці…

Сваім мастацкім праектам аўтар карцін заклікае задумацца, спыніцца, азірнуцца навокал, каб адчуць гармонію акаляючага нас жыцця, дзе пейзаж, чалавек, жывёльны свет, птушкі, кветкі — усё з’яўляецца каштоўным дарам прыроды, які неабходна вывучаць, захоўваць ды зберагаць…

Юлія КАВАЛЁВА, вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска