Без здзіўленняў і капрызлівых непаразуменняў, або Як спатоліць кадравы голад?

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Размеркаванне-2013: бібліятэкары зноў “нарасхват”

З пачаткам вясны ў калідорах ды кабінетах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адчуваецца пэўная эмацыйная ўзрушанасць. Будучыя выпускнікі ўсё часцей штудзіруюць не падручнік, а які-небудзь юрыдычны дакумент. Яно і зразумела: гэтай парой, фактычна, вырашаецца іх лёс, прынамсі, на бліжэйшыя пару гадоў. У апошнюю дэкаду сакавіка ў найбуйнейшай творчай ВНУ краіны пачнецца папярэдняе размеркаванне.

Вывучаць студэнтам ёсць што: як вядома, нарматыўна-прававая база адукцыйнага працэсу ў апошнія гады зведала пэўныя змены — у прыватнасці, быў прыняты Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Зрэшты, сакратар камісіі па размеркаванні БДУКіМ Мікалай Чміль мяркуе, што ўплыў гэтых інавацый на рэальную хаду падзей у дадзеным выпадку будзе нязначны.

— Кодэкс удакладніў некаторыя моманты, датычныя размеркавання асобных груп студэнтаў, якія маюць права на льготы, — адзначыў ён. — Але, вядома, гэта прыватныя выпадкі, і на агульную карціну яны мала паўплываюць.

/i/content/pi/cult/418/8555/1-1.jpeg

Рэальны выбар з рэальных варыянтаў

Гэтая карціна вымалёўваецца даволі выразна ўжо не першы год. І хаця сёлета не ўсе заяўкі яшчэ пададзены (некаторыя ўстановы культуры ды абласныя ўпраўленні чамусьці з гэтым марудзяць, хаця “дэдлайн” быў абвешчаны да 10 сакавіка), ёсць усе падставы меркаваць, што і гэтым разам рэйтынг “дэфіцытных” прафесій не зведае істотных змен. У прапарцыйных адносінах самы вялікі попыт прагназуецца на разнастайныя “народныя” спецыяльнасці: на аднаго спецыяліста часам прэтэндуюць ажно пяць устаноў! Але ў абсалютных лічбах найбольшая колькасць заявак паступае менавіта на маладых дыпламаваных бібліятэкараў.

Факультэт інфармацыйна-дакументных тэхналогій даўно лідзіруе ва ўніверсітэце па наборы на бюджэтную форму навучання, але ж задаволіць усе патрэбы на рынку працы яго выпускнікі ўсё адно не здатны. Прыкладам, праз рэформу адукцыйнага працэсу летась адбыліся адразу два выпускі бібліятэкараў — агулам 177 чалавек. Але нават гэтая акалічнасць не спрычынілася да вырашэння праблемы: заявак прыйшло пад трыста!

Сёлета выпускнікоў па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія” чакаецца 131, і зразумела, што на ўсіх ахвотных іх зноў не хопіць.

Пагутарыўшы са студэнтамі выпускнога курса БДУКіМ, можна прыйсці да высновы, што многія з іх ужо сёння вызначыліся з месцам працаўладкавання, прычым выбраўшы менавіта рэальныя (а не пажаданыя) варыянты. Помніцца, яшчэ пару гадоў таму ўсё было крышачку інакш. Часам даводзілася здзіўляцца юрыдычнай неабазнанасці некаторых выпускнікоў: як быццам размеркаванне звалілася на іх бы снег на галаву. Уласна, менавіта такое стаўленне да праблемы ў большасці выпадкаў і станавіліся прычынай слёз ды непаразуменняў. “Ну дык што, Жлобін або Пінск?” — пытаўся старшыня камісіі ў маладзёна, які да апошняга беспадстаўна спадзяваўся застацца ў сталіцы. Выбар даводзілася рабіць з ходу, “купляючы ката ў мяху”…

Па словах намесніка дэкана факультэта інфармацыйна-дакументных тэхналогій Алы Фядорынай, апошнім часам такія выпадкі сталі надзвычайнай рэдкасцю. Студэнты ставяцца да выбару першага месца працы куды больш адказна. І гэтую тэндэнцыю яскрава адлюстроўвае статыстыка. Прыкладна палова сёлетніх выпускнікоў па бібліятэчнай спецыяльнасці ўжо забяспечана імяннымі запытамі. А гэта значыць, што пад час вучобы студэнты паспелі не проста “паразумецца” з канкрэтнымі ўстановамі, але і належным чынам там сябе зарэкамендаваць, а можа, нават і папрацаваць у іх на чвэрць-палову стаўкі.

— Цяперашнія выпускнікі зазвычай загадзя высвятляюць тыя ўмовы, якія можа забяспечыць ім працадаўца, прычым гаворка ідзе не толькі пра жытло, але і, скажам, пра магчымасці кар’ернага росту альбо ўвасаблення тых або іншых сваіх задум, — распавядае Ала Фядорына. — І ўжо тады робяць вельмі ўзважаны, удумлівы выбар…

Адпаведна, тая сітуацыя, калі “купцу” ўдаецца выхапіць талковага спецыяліста непасрэдна пад час размеркавання, усё больш выглядае як цуд. Зразумела, працаўладкаванне — справа сур’ёзная, таму імправізацыя тут не заўсёды да лепшага. Бібліятэкі ж, якія не займелі “сваіх” студэнтаў, маюць яшчэ меншыя шансы папоўніць штат: на іх долю засталася ўсяго палова заявак, і канкурэнцыя будзе проста неверагоднай.

Агні сталіцы вабяць ужо менш

Між іншым, канкурэнцыя за выпускнікоў разгортваецца і сярод сталічных бібліятэк, якія ўжо паспелі даслаць больш за 20 заявак. Ала Фядорына прызнаецца, што шансы іх задаволіць — досыць мізэрныя, нават пры наяўнасці ахвотнікаў. Пэўныя прэферэнцыі будуць датычыцца хіба “базавых” арганізацый — да прыкладу, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з якой універсітэт звязвае спецыяльная дамова. Хаця і гэтай прэстыжнай установе цяжка спатоліць свой кадравы голад, пра што сведчыць ладны спіс бібліятэчных вакансій (агулам — ці не паўсотні!), змешчаны на яе афіцыйным сайце.

Што ўжо тады казаць пра тыя бібліятэкі, якія не належаць сістэме Міністэрства культуры краіны! Іх даволі шмат, асабліва — у сталіцы ды буйных гарадах, і ў цяперашніх умовах яны могуць завабіць хіба студэнта, які вучыўся на платнай аснове. Варта дадаць, што іншых рэсурсаў кадравага папаўнення такія ўстановы, фактычна, не маюць.

Як і раней, выпускнік-немінчанін мае вельмі мала шансаў застацца ў Мінску. Агулам у рэгіёны скіроўваецца прыкладна тры чвэрці дыпламаваных бібліятэкараў.

— Раней такая пазіцыя і сапраўды выклікала непрыманне: калі не ўсе, дык большасць выпускнікоў імкнуліся асесці ў сталіцы, — распавядае намеснік дэкана. — Але з кожным годам я заўважаю, што, па-першае, маладыя людзі разумеюць: Мінск — гэта ўсё ж дарагі горад. А па-другое, многія бібліятэчныя ўстановы ў рэгіёнах сёння нічым не саступаюць сталічным, ды і праявіць там сябе прасцей.

У любым выпадку, “умовы гульні” ўжо не выклікаюць здзіўленняў ды капрызлівых непаразуменняў: маўляў, хачу — тут, і ўсё!.. Па словах намесніка дэкана факультэта, гэта стала вынікам доўгатэрміновага юрыдычнага “лікбезу”, які праводзіцца сярод студэнтаў з удзелам як выкладчыкаў ды супрацоўнікаў універсітэта , што курыруюць размеркаванне, так і юрыстаў.

— За апошнія пару гадоў ніякіх інцыдэнтаў пад час размеркавання я не прыгадаю, — распавяла Ала Фядорына. — Выпускнікі прыходзяць добра падрыхтаванымі, яны ўсведамляюць свае правы ды абавязкі, і рашэнне камісіі не становіцца для іх нечаканым. Летась, калі ў нас былі, па сутнасці, два выпускі ў адзін год, размеркаванне доўжылася ўсяго паўтары гадзіны!..

Як адзначыў Мікалай Чміль, вынікі папярэдняга і канчатковага размеркаванняў зазвычай адрозніваюцца хіба на пару працэнтаў і збольшага — за кошт менавіта “прыватных выпадкаў”: прыкладам, хтосьці з выпускнікоў бярэ шлюб...

Пераацэненыя магчымасці

Спосаб забеспячэння кадрамі рэгіёнаў вынайдзены ўжо даўно: гэта мэтавы набор. На факультэце інфармацыйна-дакументных тэхналогій ім актыўна карыстаюцца. Аднак часам даводзіцца чуць пытанне: а ці ёсць гарантыя, што абітурыенты, якія не прайшлі жорсткае сіта “натуральнага адбору”, ператворацца “на выхадзе” ў добрых спецыялістаў?

— Мы прад’яўляем да ўсіх студэнтаў аднолькавыя патрабаванні, і выкладчыкі зазвычай нават не ведаюць, хто “мэтавік”, а хто не, — кажа Ала Фядорына. — Таму людзі “выпадковыя” ў кожным разе “адсейваюцца” ўжо ў працэсе навучання. Ды і на ўзровень ведаў “мэтавікаў” скардзіцца няма ніякіх падстаў. Затое куды больш гарантый, што, вярнуўшыся на малую радзіму, малады спецыяліст там замацуецца ды “пусціць карані” — усё ж адпрацоўваць яму трэба не два гады, а пяць…

У ліку досыць звыклых у мінулыя гады інцыдэнтаў было і памкненне любым чынам унікнуць размеркавання. Цяпер такія адчайныя крокі ўжо амаль не практыкуюцца. Выпускнікі разумеюць, што адзіная законная магчымасць ухіліцца ад сваіх абавязкаў — вярнуць грошы за навучанне. Сума кампенсацыі вельмі вялікая: больш за сто мільёнаў рублёў!

Тым не менш, як адзначыў Мікалай Чміль, падобныя выпадкі і сапраўды здараюцца  — натуральна, зусім не часта, усяго па два-тры на год. Зазвычай яны абумоўлены індывідуальнымі жыццёвымі сітуацыямі: скажам, выпускніца выходзіць замуж за замежніка. Бывае і так, што нехта пераацэньвае свае магчымасці ды жыццёвыя перспектывы...

— Адна дзяўчына была ўжо напісала заяву, каб адмовіцца ад размеркавання, бо збіралася ехаць працаваць у Маскву. Але пабываўшы там, хутка вярнулася і скасавала сваё рашэнне, — распавёў Мікалай Чміль, — бо насамрэч “вялікі свет” аказаўся зусім не такім прывабным, як яна сабе ўяўляла. І цяпер вось працуе ў Віцебскай вобласці…

Нягледзячы на тое, што размеркаванне ва Універсітэце культуры і мастацтваў яшчэ далёкае да завяршэння, ужо сёння можна прагназаваць: нейкіх вялікіх неспадзяванак яго вынікі не прынясуць. Агульнай тэндэнцыяй, запачаткаванай далёка не сёлета, становіцца ўсё большая адпаведнасць прапановы попыту, што, у сваю чаргу, сведчыць пра належнае планаванне ўступных кампаній.

Вядома ж, адкрытым застаецца і злабадзённае пытанне наталення кадравага голаду, якое пераканаўча “ўскрываюць” сухія статыстычныя звесткі. Варыянты яго кардынальнага вырашэння за апошнія гады даводзілася чуць розныя, і самы пераканаўчы з іх — стварэнне рэгіянальных філіялаў БДУКіМ. Зрэшты, не выпадае сумнявацца ў тым, што гэтыя сур’ёзныя захады вымагаюць папярэдняга вырашэння мноства сур’ёзных праблем (фінансы, кадры, арганізацыя навучальнага працэсу...) і таму запатрабуюць нямала часу.

Адпаведна, пакуль выпадае казаць перадусім пра лакальныя крокі, прызначаныя яшчэ больш аптымізаваць механізм падрыхтоўкі спецыялістаў і рынак працы ў галіне культуры. Развіць гэтую тэму мы паспрабуем у далейшых матэрыялах, прысвечаных жыццю творчых ВНУ. Балазе інфармайных нагод чакаць не давядзецца: наперадзе — канчатковае размеркаванне, абарона дыпломных работ, а потым і ўступная кампанія.