Музыкант ці скрыпка — вось у чым пытанне

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Тыдні тры таму знакаміты беларускі скрыпач Арцём Шышкоў выступаў у Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а днямі стаў лаўрэатам Першай прэміі ІІІ Міжнароднага конкурсу скрыпачоў імя Юрыя Янкелевіча ў Омску.

Да гэтай навіны можна ставіцца з радасцю, а можна — і са шкадаваннем. Бо Гран-пры, атрыманы пецярбуржцам Сяргеем Дагадзіным, які працягвае навучанне ў Кёльне, прадугледжваў яшчэ і суперпадарунак — эксклюзіўную скрыпку італьянскага майстра ХІХ стагоддзя Гаэтана Антаніяццы. Не цяжка здагадацца, што менавіта пра такі прыз марыў наш музыкант, сабраўшыся на гэты конкурс. На жаль, выступленні дадзенага спаборніцтва (у адрозненне, да прыкладу, ад конкурсу імя П.Чайкоўскага ў Маскве) не ішлі ў прамой трансляцыі ў Інтэрнэце. Але омскія слухачы, у адрозненне ад журы, галасавалі за нашага Арцёма. І каментавалі гэта наступным чынам: маўляў, у Дагадзіна была тэхніка, а ў Шышкова — яшчэ і душа. Больш за тое: менавіта з ім пад грыфам "Інтэрв’ю дня" змясціў пасля конкурсу грунтоўную гутарку адзін з вядучых омскіх сайтаў, адкрыта назваўшы Шышкова "пераможцам, які... не перамог". Дарэчы, сам Арцём ні ў якой меры, мяркуючы па той публікацыі, не лічыць сябе "прайграўшым" ці пакрыўджаным: "Не, я адчуваю толькі радасць! Ад стасункаў з публікай, ад таго, што граю ў такіх цудоўных залах!.."

/i/content/pi/cult/418/8554/2-1.jpeg

Але ўся гэтая сітуацыя да болю нагадвае падзеі 2007 года, калі на конкурсе імя Чайкоўскага Арцём не прайшоў у трэці тур з-за адсутнасці ў яго добрай скрыпкі. Тады Уладзімір Співакоў звярнуўся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. І па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы была набыта скрыпка Андрэа Гварнеры — пакуль адзіны добры інструмент на ўсіх беларускіх скрыпачоў (а найперш — на студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якія і ўдзельнічаюць больш за іншых у міжнародных конкурсах). Летась менавіта з той скрыпкай Шышкоў стаў лаўрэатам найскладанага і найпрэстыжнага ў свеце конкурсу каралевы Елізаветы. Зараз жа ён граў на куды горшым інструменце, а гэта прыблізна тое ж самае, што ўдзельнічаць у гонках "Формулы-1" на звычайным аўто. Так што гэтая "неперамоглая перамога" — яшчэ і нагода для роздуму. І — для далейшага папаўнення дзяржаўнай калекцыі рарытэтных інструментаў, якія ёсць ва ўсіх еўрапейскіх (і не толькі) краінах.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"