Магілёў змяняе імідж

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Паэзія ў транспарце і танцавальныя флэшмобы

Культурная сталіца Беларусі і СНД-2013 — Магілёў — гэтай вясной кардынальна зменіць свой імідж. А паколькі стыль горада — справа не толькі кіруючых колаў, але і ўсіх жыхароў, Магілёўскі гарвыканкам сумесна з мясцовымі культурнымі грамадскімі аб’яднаннямі вырашыў правесці маштабную акцыю пад назвай "Кірмаш праектаў", дзе кожны ахвотны змог прапанаваць сваю ідэю па іміджавых ператварэннях горада.

/i/content/pi/cult/418/8551/1-1.jpeg

Яшчэ напрыканцы студзеня бягучага года пад час прэзентацыі з вялікай колькасці прапанаваных ідэй, якіх, пэўна, хапіла б і на некалькі абласных цэнтраў, было выбрана 16 праектаў. І толькі пару дзён таму арганізатары акцыі назвалі імёны тых, хто будзе ўносіць сваю лепту ў стварэнне іміджа абласнога цэнтра. Намеснік начальніка аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірына Жаббарава расказала карэспандэнту "К", якія ж праекты і калі змогуць убачыць жыхары і госці горада:

— Сёлета Магілёў абвясцілі Культурнай сталіцай Беларусі і СНД. Гэта абавязвае горад не толькі быць на высокім узроўні ў плане архітэктуры, мастацтва, эстрады, але і мець свой асабісты стыль. "Кірмаш праектаў" якраз дае магчымасць нам разам з усімі жыхарамі Магілёва зрабіць яго такім, якім ён варты быць. Дзеля гэтага сумесным рашэннем арганізатараў акцыі былі выбраны праекты Паэзія ў метро", прапанаваная Таварыствам беларускай мовы, два праекты гарадскога тэлебачання "Другі канал" і фестываль "Троіцкі кірмаш" Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Усе гэтыя ідэі ўжо пачынаюць патроху ажыццяўляцца.

Што да праекта "Палатно гісторыі ў стылі графіці" маладзёжнай арганізацыі "Грамадзянскі форум", дык з ім узніклі пэўныя цяжкасці. Першапачаткова аўтары прапанавалі адлюстраваць ключавыя моманты гісторыі Магілёва на сценах завода "Строммашына", але потым вырашылі, што будзе не вельмі правільна "абмалёўваць" завод. І таму мы па-ранейшаму знаходзімся ў пошуках пляцоўкі для "гістарычнага" графіці…

Самай простай па задуме і выкананні аказалася ідэя Таварыства беларускай мовы і гісторыка Аляксандра Агеева "Паэзія ў метро", хаця ў выпадку Магілёва гэта, хутчэй, "Паэзія ў тралейбусах і аўтобусах". Вершы беларускіх класікаў і сучаснікаў будуць размяшчацца ў салонах транспартных сродкаў. Крыху пазней, як адзначыла Ірына Жаббарава, плануецца падключыць яшчэ і гукавую рэкламу, каб жыхары горада маглі атрымаць асалоду ад паездкі пад гукі роднай мовы. Пачытаць і паслухаць вершы беларускіх аўтараў магіляўчане змогуць ужо напрыканцы сакавіка.

У красавіку ж распачнецца ажыццяўленне тэлевізійнага праекта "Ратуша" гарадскога канала "Магілёў-2". Аўтар ідэі Алена Барысава патлумачыла, што дадзеная праграма з’яўляецца працягам мінулых праектаў канала — "Старонкі гісторыі" і "Гісторыя побач", якія вельмі падабаліся гледачам. Дакументальна-асветніцкая перадача "Ратуша", у адрозненне ад былых праектаў, будзе распавядаць выключна пра гісторыю Магілёва. Алена Барысава адзначыла, што галоўная мэта "Ратушы" — паказаць не толькі падзеі мінуўшчыны, але і тое, як яны паўплывалі на сучаснасць горада. Таму, акрамя расповеду аб гісторыі, у праграму будуць уключаны тэле-замалёўкі аб архітэктуры Магілёва і размовы з творчымі людзьмі.

Другім тэлевізійным праектам стаў "Рэкламна-тэлевізійны флэшмоб" Ігара Кандрацьева, які плануецца запусціць у маі.

— Гэта будзе амаль класічны флэшмоб, — патлумачыў Ігар Кандрацьеў, — але без спантаннасці. У пэўны дзень у адзін і той жа час на некалькіх пляцоўках горада ўдзельнікі і дзіцячых, і дарослых харэаграфічных калектываў пачнуць выконваць загадзя адрэпеціраваны танец. Усё гэта запішам, зманціруем і будзем пракручваць перыядычна, як рэкламу, па тэлебачанні. Галоўнае для нас — паказаць, што Магілёў — гэта горад, дзе творчасць нараджаецца спантанна…

Самым маштабным праектам мае быць фестываль "Троіцкі кірмаш", які пройдзе на этнахутары "Зялёны гай", што непадалёк ад Магілёва. Пяць падворкаў (сялянскія хаты з шэрагам гаспадарчых пабудоў), многім з якіх ужо больш за сто гадоў, старажытная мэбля, тэкстыль, фотаздымкі, прадметы побыту — лепшага месца для правядзення народнага свята і не прыдумаеш. Арганізатары фестывалю — Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Магілёўскі гарвыканкам — паспрабуюць узнавіць тую неверагодную атмасферу Троіцкага кірмашу.

— Будуць і гульні, і выступленні народных калектываў, і рамеснікі, і батлейка, і беларуская традыцыйная кухня з дранікамі ды медавухай, — кажа Ірына Жаббарава. — Важна, каб удзельнікі фестывалю змаглі адчуць рытм жыцця і мысленне нашых продкаў, адгуляць святочны кірмаш так, быццам чакалі яго ўвесь год…