З іскрынкі нарадзіўся...

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

У дні школьных канікул, 27 — 29 сакавіка, у Клецку адбудзецца V Адкрыты фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі "Музычныя іскрынкі". На ўдзел у ім пададзена каля 250 заявак з 75 школ Беларусі, а таксама з Расіі і Эстоніі.

Ідэя правядзення такога спаборніцтва з’явілася ў сям’і Вінэль — апантаных музыкантаў, ураджэнцаў Клецка. Ініцыятыва, падмацаваная, зноў-такі, напружанай арганізатарскай працай усёй сям’і, знайшла паспяховую рэалізацыю на практыцы — вядома, пры садзейнічанні адміністрацыі мясцовай дзіцячай школы мастацтваў і аддзела культуры Клецкага райвыканкама.

— Сёлетняя колькасць удзельнікаў, — кажа старшыня аргкамітэта Галіна Вінэль, загадчык фартэпіяннага аддзялення Клецкай ДШМ, — зусім не нонсэнс, бо чатыры ўзроставыя катэгорыі ахопліваюць дзяцей да 16 гадоў уключна. Прыблізна столькі ж удзельнікаў дарэчы, было і летась. Хаця, у адрозненне ад іншых дзіцячых конкурсаў, што праходзяць у рэспубліцы, у нас ёсць уступны ўзнос — абсалютна звыклая, агульнапрынятая ўмова ў еўрапейскай і сусветнай конкурснай практыцы. У параўнанні з замежнымі конкурсамі, ён зусім невялікі: 120 тысяч беларускіх рублёў у сольнай намінацыі і 100 тысяч — для фартэпіянных ансамбляў. Не цяжка здагадацца, што нават такім "рублёвым фактарам" мы стымулюем удзел ансамбляў, падрыхтаваць якія значна складаней, чым асобных выканаўцаў. Атрыманыя грошы даюць нам магчымасць рыхтаваць добрую друкарскую прадукцыю, адметныя прызы і сувеніры. Інфармацыя пра ўсіх удзельнікаў змяшчаецца ў буклеце (сёлета ён — на 130 старонак). Кожны юны музыкант, адыграўшы сваю праграму, атрымлівае памятныя сувеніры: каляндар, бэйджык, дыплом удзельніка. Пераможцы таксама будуць узнагароджаны не толькі "паперкамі" з пасведчаннямі, але і каштоўнымі падарункамі, прызамі, замоўленымі на заводзе "Нёман", што ў Бярозаўцы, і вырабленымі ў выглядзе крышкі раяля. Зразумела, далёка не ўсе цяперашнія канкурсанты стануць прафесійнымі музыкантамі, але гэта будзе ім памяць на ўсё жыццё, якая, пэўна, падштурхне іх далейшую цікавасць да музыкі, і, у прыватнасці, да музыкі беларускай.

Ва ўмовах конкурсу — абавязковае выкананне твораў кампазітараў краін-удзельніц. Два гады таму наш конкурс упершыню прыняў удзельнікаў і з Расіі. Сёлета таксама чакаюцца госці з Эстоніі: конкурс невыпадкова стаў Адкрытым. Асаблівасцю нашага спаборніцтва з’яўляецца і склад журы. У ім — выключна маладыя беларускія піяністы, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Палякоў (старшыня), Юлія Архангельская, Канстанцін Герольд, Алена Вінэль. Ну а назва фестывалю-конкурсу — "Музычныя іскрынкі" — падкрэсліваецца яшчэ і тым, што ў час урачыстага адкрыцця свята запальваецца свечка. Яе святло азарае ўсе конкурсныя выступленні — як сімвал натхнення і палкага захаплення музыкай…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"