Тым не менш размеркаванне, адбудзецца, як і звычайна, загадзя. 18 сакавіка, а гэта ўжо паслязаўтра, на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін-удзельніц прадзюсары вызначаць чарговасць выступленняў канкурсантаў у кожным паўфінале, і нам стане вядома, пад якім нумарам будзе выступаць Алена Ланская. Як адзначыла кіраўнік праекта "Еўрабачанне-2013" ад Белтэлерадыёкампаніі Вольга Шлягер, акурат на гэтай сустрэчы ад беларускай дэлегацыі арганізатарам конкурсу будзе перададзены спецыяльны пакет матэрыялаў для ўдзелу ў вядомым форуме песні і кліп на новую конкурсную кампазіцыю.
Адзначым, што сёлетні конкурс песні "Еўрабачанне" пройдзе ў Швецыі, у горадзе Мальмё, 14 — 18 мая. Канкурэнтамі Алены Ланской у першым паўфінале, 14 мая, стануць прадстаўнікі 15 краін: Даніі, Малдовы, Харватыі, Украіны, Галандыі, Аўстрыі, Славеніі, Эстоніі, Расіі, Літвы, Сербіі, Ірландыі, Кіпра, Чарнагорыі і Бельгіі.
Тым часам беларуская ўдзельніца Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013" абрала новую кампазіцыю: гэта "Solayoh", напісаная еўрапейскімі аўтарамі Маркам Паэлінком і Марцінам Кінгам.
Як паведамілі карэспандэнту "К" у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, рытмічны трэк пра абстрактную Планету шчасця Solayoh быў абраны з чатырох песень: гэта "I’m Alive", "Kiss Me", "Rhythm Of Love" і, уласна, сама "Solayoh". На спецыяльным пасяджэнні адбылося абмеркаванне прапанаваных кампазіцый, і экспертны савет, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" і Белтэлерадыёкампаніі, спыніў выбар на апошняй.
Нельга сказаць, што новая песня па стылістыцы надта адрозніваецца ад вядомай беларускаму гледачу "Rhythm Of Love": жанр "Solayoh" можна кваліфікаваць як той самы рытмічны еўра-поп. З іншага боку, змест кампазіцыі дае больш падстаў для стварэння яскравага нумара. Дарэчы, у кліпе на песню зняўся пераможца "Еўрабачання-2009" нарвежскі беларус Аляксандр Рыбак.
Прамую трансляцыю Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013" — яго двух паўфіналаў і фінал — будзе весці тэлеканал "Беларусь 1".
Д.А.